Штучны інтэлект зымітаваў інтэрв'ю паралізаванага Міхаэля Шумахера. Сям'я падае ў суд на часопіс
Сям'я Міхаіла Шумахера плануе судзіцца з часопісам, які апублікаваў згенераванае штучным інтэлектам інтэрв'ю з былым пілотам «Формулы-1». Нямецкі часопіс Die Aktuelle пазіцыянаваў інтэрв'ю як эксклюзіўнае і першае для Шумахера пасля таго, як у снежні 2013 года ён атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і перастаў з'яўляцца на публіцы, паведамляе Бі-бі-сі.
21.04.2023 / 14:13
15 красавіка фота Шумахера з'явілася на вокладцы Die Aktuelle
15 красавіка фотаздымак Шумахера з'явіўся на вокладцы Die Aktuelle з загалоўкам: «Міхаэль Шумахер, першае інтэрв'ю!» На вокладцы таксама гаворыцца, што гэта гучыць зманліва рэалістычна.
Ужо ўнутры артыкула ёсць удакладненні: адказы Шумахера згенераваў штучны інтэлект. Сярод адказаў, напрыклад, «каментар» пра жыццё пасля траўмы.
«Маё жыццё цалкам змянілася пасля (інцыдэнту). Гэта быў жудасны час для маёй жонкі, маіх дзяцей і ўсёй сям'і. У мяне была такая моцная траўма, што я месяцамі ляжаў у штучнай коме. Інакш мой арганізм не змог бы справіцца з усім гэтым», — згенераваў ШІ «словы» Шумахера.
Сям'я пацвердзіла інфармацыйнаму агенцтву Reuters, што яны плануюць вырашаць гэтае пытанне ў судовым парадку. Выдаўцы часопіса адмовіліся ад каментароў.
Шумахер, сяміразовы чэмпіён «Формулы-1», у снежні 2013 года атрымаў сур'ёзную траўму, калі катаўся на лыжах у Альпах, і дактары, паколькі баяліся за яго жыццё, увялі яго ў стан штучнай комы.
У чэрвені 2014 года менеджар Шумахера паведаміла, што ён выйшаў з комы і цяпер яго чакае доўгая рэабілітацыя. «Што датычыць яго будучыні, то мы просім вашага разумення — далейшая яго рэабілітацыя не будзе публічнай», — заявіла тады Сабіна Кэм.
З тых часоў былы спартсмен праходзіў аднаўленне на беразе Жэнеўскага возера. У снежні 2018 года СМІ паведамілі, што Шумахер больш не прыкаваны да ложка і не мае патрэбы ў апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, але яму патрэбны пастаянны догляд.
Аднак дэталі пра стан яго здароўя сям'я былога пілота «Формулы-1» не выдае.
У дакументальным фільме Netflix 2021 жонка Шумахера Карына сказала: «Мы жывём дома. Займаемся тэрапіяй. Мы робім усё магчымае, каб зрабіць Міхаэлю лепш і пераканацца, што яму камфортна. Проста даць яму адчуць нашу сям'ю, нашу сувязь».
Яна патлумачыла, што Міхаэль быў супраць публічнасці і заўсёды казаў, што «асабістае ёсць асабістае».
«Міхаэль заўсёды абараняў нас, і цяпер мы абараняем Міхаэля», — адзначыла Карына.
Шумахер выйграў два тытулы чэмпіёна свету сярод пілотаў Формулы-1 з Benetton у 1994 і 1995 гадах, а з 2000 па 2004 год ён выйграў пяць тытулаў запар у камандзе Ferrari.
Выйграўшы 12 з 13 першых гран-пры 2004 года Шумахер датэрмінова стаў чэмпіёнам свету сёмы раз, што стала рэкордам «Формулы-1», які толькі ў 2020 годзе пабіў брытанскі аўтагоншчык Льюіс Хэмілтан.