«На мой густ, круасаны ў Францыі ўсё ж смачнейшыя». Француз рэгулярна прыязджае ў Беларусь і расказвае, як яму тут
Мішэль — праграміст і падарожнік, француз, яму 37 гадоў. Яшчэ з універсітэта Мішэль пачаў вывучаць рускую мову і цяпер размаўляе на ёй практычна свабодна. У Беларусі ён ужо чацвёрты раз. Выданне Myfin.by папрасіла яго падзяліцца ўражаннямі пра краіну, мясцовую кухню і пра тое, як дорага яму абыходзіцца жыццё ў Мінску.
22.04.2023 / 22:36
Я наведаў шмат краін, нават складана падлічыць дакладную колькасць — можа, 30. У мяне ёсць досвед жыцця ў іншых гарадах і краінах. Я жыў у Берліне, Маскве, Піцеры, Кіеве, Сінгапуры. Самыя экзатычныя краіны, дзе я быў, — Катар, Узбекістан.
Упершыню я пабываў у Беларусі ў лютым 2017 года, неўзабаве пасля таго, як пабачыў навіну, што можна прыехаць на 5 дзён без візы. Я зняў апартаменты і ўсе дні гуляў, хадзіў у музеі.
Вярнуўся ў краіну толькі ў 2022 годзе, праз 5 гадоў, калі з'явілася магчымасць знаходзіцца ў Беларусі без візы да 30 дзён. Трэці і чацвёрты раз я ўжо прыязджаў у 2023 годзе, і цяпер першы раз, калі я ў Беларусі вясной.
Падарожжы для мяне — гэта спосаб пазнаць свет, пазнаёміцца з новай культурай, пераадолець забабоны, лепш пазнаць людзей і сябе.
Захапленне славянскай культурай
Са славянскай культурай я сутыкнуўся яшчэ ў дзіцячым садку — выхавальніца ставіла нам музыку Пракоф'ева «Пеця і воўк», распавядала пра гэтага кампазітара. У школе ў мяне быў сябар, маці якога была з Беларусі, так што я ведаў даволі шмат слоў і ўжо нямала пра славянскую музыку.
Неяк да нас прыехала дэлегацыя з Беларусі, і настаўнік спытаў: «Хто ведае сталіцу Беларусі?» Амаль ніхто не ведаў, для французаў гэта малазнаёмая краіна.
Я вучыўся ў Сарбоне спачатку на факультэце «Матэматыка-інфарматыка», а ў магістратуры ўжо выключна на інфарматыцы. Увесь гэты час я цікавіўся славянскай культурай і гісторыяй і з другога семестра хадзіў на дадатковыя заняткі рускай мовы. Яшчэ я ведаю англійскую. Разумею італьянскую — яна вельмі падобная да французскай.
Каб лепш разумець на слых, гляджу фільмы на рускай — усю савецкую класіку: «Іронія лёсу, або З лёгкай парай», «Масква слязам не верыць», «Іван Васільевіч мяняе прафесію», «Ляцяць журавы». Нешта глядзеў і з сучаснага кіно. А яшчэ ведаю шмат рускіх песень 90-х і 2000-х: «Сівая ноч» Юры Шатунова, «Чысты ліст» Нэнсі, ведаю песні Наталі, Таццяны Буланавай, Міхаіла Круга і Віктара Цоя. Нешта з гэтага спрабаваў спяваць на караоке ў Мінску.
Нядаўна стаў чытаць кнігі на рускай — мне здаецца, гэта моцна ўзбагачае лексіку. Хоць «Фандорын» Барыса Акуніна, напрыклад, аказаўся для мяне цяжкаватым, там шмат старарускіх слоў — даводзілася са слоўнікам удакладняць, што такое «салоп», «фаэтон» — магчыма, не ўсе і рускамоўныя ведаюць значэнне гэтых слоў. Цяпер чытаю кнігу «Негвалтоўныя зносіны» Маршала Розенберга на рускай — акрамя таго, што гэта практыка рускай, там шмат карыснага па перамовах.
Што я раблю ў Беларусі?
Мяне часта пытаюць (і пры гэтым дзівяцца): «Чаму ты ўжо чацвёрты раз прыязджаеш у Беларусь?!» А чаму б і не? Тут прыгожа, цікава, шмат славутасцяў.
У мясцовых жыхароў у цэлым высокі ўзровень таго, што па-французску называецца savoir-vivre. Даслоўна гэта перакладаецца як «уменне жыць», але гэта можна зразумець і як манеры ды выхаванасць. Гэта неацэнна.
Калі параўнаць з Парыжам, то там сітуацыя больш кантрасная. Кварталы горада могуць моцна адрознівацца адзін ад аднаго і, такім чынам, ваш досвед жыцця таксама. Да таго ж там шмат бяздомных і жабракоў, таму людзі ў цэлым насцярожаныя.
Мне падабаецца беларуская ежа, у чымсьці яна падобная да французскай.
Люблю розныя супы, напрыклад курыны. У Францыі таксама часта гатуюць супы, напрыклад крэм-суп з гарбуза — ён больш папулярны, чым цыбульны суп з сырам і крутонамі.
Вельмі люблю беларускія малочныя прадукты — малако, ёгурты, смятану. Нядаўна пакаштаваў ражанку, такога ў Францыі няма. І смятаны таксама няма ў звычайных французскіх супермаркетах. Там ёсць crème fraîche, але гэта ўсё ж крыху іншае. З мясцовых сыроў люблю «Сапфір» ці вэнджаны сыр.
У кавярнях Мінска часта прапануюць круасаны, у тым ліку іх варыянты — напрыклад, з міндальным крэмам, ці іншыя французскія дэсерты.
На мой густ, у Францыі яны ўсё ж смачнейшыя. Але калі параўноўваць з іншымі краінамі Еўропы, у Мінску нескладана знайсці годны круасан.
Кава, я б сказаў, такая ж — гэта ж усё адно імпарт.
Заўважыў, што ў Мінску шмат французскіх назваў розных устаноў — Eclair, Bonjour, Charlie. А ў кавярнях і на пешаходных вуліцах часта чую французскую музыку — гэта асацыюецца з рамантыкай, станоўчымі эмоцыямі.
Адзінае, чаго мне не хапае на дадзены момант (жыву ў гасцініцы), — гэта кухні! Раніцай звычайна раблю хуткараспушчальную збожжавую кашу і чай, ем садавіну, на абед і вячэру хаджу ў кавярню. Сам я люблю гатаваць, магу зрабіць пірог кіш са шпінатам і рыкотай, гарбузовы суп, яйка «какот», розныя дэсерты, як шакаладны мус або тарт Бурдалу (гэта міндальны тарт з грушай), круасаны. Гэта і хобі, і жыццёвае пытанне — трэба ж неяк харчавацца.
Міндальны тарт з грушамі (тарт Бурдалу)
Мне падабаюцца беларускія тавары, напрыклад трыкатаж — я ўжо купіў сабе некаторую беларускую вопратку, не толькі брэсцкія шкарпэткі. Для жанчын Conte і «Мілавіца» робяць вельмі годныя рэчы. Прыемна, калі можна набыць мясцовыя тавары, якія не трэба імпартаваць з іншага канца свету.
Яшчэ ў нас адносна вядомыя трактары «БелАЗ», «Беларус» і вытворца бытавой тэхнікі «Гарызонт».
За час жыцця ў Мінску я ўжо вывучыў некалькі выразаў на беларускай. Вядома, самы запамінальны — «Асцярожна, дзверы зачыняюцца» — гэта ўвесь час чую ў транспарце.
Апошні год маё хобі — танцы. Займаўся імі ў Францыі і працягваю ў Беларусі. Знайшоў у Мінску некалькі школ танцаў, у дзвюх з іх набыў абанемент і хаджу 4-5 разоў на тыдзень.
За ўвесь час я бачыў у Беларусі шмат прыгожай архітэктуры і музеяў — Дудуткі, Курган Славы, Хатынь. Хачу даехаць да Мірскага і Нясвіжскага замкаў.
Але галоўная славутасць для мяне тут — людзі. Хоць лічу сябе інтравертам і не магу сказаць, што ў мяне шмат знаёмых. Люблю хадзіць і стараюся кожны дзень шпацыраваць як мінімум гадзіну. Я спецыяльна падабраў школу танцаў, куды можна хадзіць пешшу, — зусім не для таго, каб ашчадзіць на праездзе.
Цэны я дастаткова добра запамінаю і ўжо нядрэнна ў іх арыентуюся. Напэўна, у гэтых адносінах я крыху беларус: мне распавялі жарт, што ў вас у галаве ўбудаваны калькулятар для пераліку цэн у валюту — у мяне ён таксама ёсць.
Колькі каштуе наведаць Беларусь
Я падлічыў, што месяц у Мінску абыходзіцца мне прыкладна ў 1200 еўра. У гэтыя грошы уваходзяць пералёты і аўтобус, аплата жылля, харчаванне. Наконт хобі — я выдаткоўваю грошы ў асноўным на танцы (каля 100 еўра).
Калі ехаць па сухапутнай мяжы, то патрэбна віза. Консульскі збор на атрыманне візы — 35 еўра, робяць яе за 5 працоўных дзён. Вось такая матэматыка.
Што далей?
Я ўжо думаў, чым бы я мог займацца ў Беларусі, акрамя маёй асноўнай спецыяльнасці — праграмавання. Напрыклад, мог бы выкладаць французскую. Або ладзіць часам майстар-класы па гатаванні французскіх страў.
Калі застануся тут даўжэй, было б цікава вывучыць беларускую мову на курсах.
І, натуральна, я б арандаваў сабе кватэру з кухняй, каб больш гатаваць самастойна.
Чытайце таксама:
Прыехаў з уласным кухарам, любіць дранікі і мачанку. Як у Мінску жыве японскі пасол