Мінабароны добраўпарадкавала пляцоўкі пад ракеты «Топаль»

Мінабароны займаецца добраўпарадкаваннем стартавых пляцовак пад ракетныя стратэгічныя комплексы «Топаль» пасля зімняга сезону. Сюжэт пра гэта апублікавала прэс-служба ведамства.

23.04.2023 / 11:31

Скрын з відэа Мінабароны

«Мы знаходзімся на адной з пляцовак у раёне баявой стартавай пазіцыі, дзе калісьці размяшчаўся ракетны полк войскаў стратэгічнага прызначэння. Цяпер тут праводзяцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі пасля зімовага перыяду, а таксама іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрыманне дзейнай інфраструктуры ў належным стане.

Што да магчымасці выкарыстання абʼектаў стратэгічнага прызначэння, якія захаваліся ў спадчыну з часоў Савецкага Саюза, можна з упэўненасцю сказаць, што пры неабходнасці яны аператыўна могуць быць падрыхтаваныя да прымянення. На гэты момант наша задача складаецца ў тым, каб забяспечыць у першую чаргу захаванасць і падтрыманне ў гатоўнасці да выкарыстання інфраструктуры, якая засталася ў спадчыну ад ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, што знаходзілася тут», — гаворыць у сюжэце мужчына ў ваеннай форме і ў балаклаве.

У роліку паказаная памятная таблічка, якая ўказвае на 56-ы ракетны полк і 1692-ю рамонтна-тэхнічную базу Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.

56-ы полк быў сфармаваны ў 1961 годзе, нагадвае reform.by. Ён дыслакаваўся ў раёне населеных пунктаў Шарашова і Ясень пад Пружанамі. Першапачаткова ў палку павінны былі быць два наземныя і адзін шахтавы дывізіёны. Аднак шахтавыя абʼекты не былі пабудаваныя і ў штаце палка ў выніку засталіся два наземныя дывізіёны.

 

Пазней полк быў перадыслакаваны ў Зімавічы. Падраздзяленне несла баявое дзяжурства спачатку з ракетамі Р-12, пасля зняцця іх з узбраення ў сярэдзіне васьмідзясятых было пераведзенае на ракетныя комплексы РСД-10 Піянер-К (SS-20).

Комплексы «Топаль» зʼявіліся ў ім на пачатку дзевяностых. Полк быў зняты з баявога дзяжурства ў 1993 годзе, выведзены ў Расію і расфарміраваны ў 1994-м.

Выступаючы ў канцы сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што аддаў распараджэнне прывесці ў парадак стартавыя пляцоўкі для комплексаў «Топаль». Паводле яго, у Беларусі можа быць размешчаная стратэгічная ядзерная зброя. Пакуль размова ідзе пра тое, што ў Беларусь прывязуць тактычную ядзерную зброю.

Nashaniva.com