На гістфаку БДУ затрымалі двух студэнтаў
Забралі Данііла Каранкевiча і Сафію Гельфман. Вось што магло быць прычынай.
23.04.2023 / 19:16
Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Фота: bsu.by
Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», Сафія Гельфман была схопленая яшчэ 18 красавіка, а 20-га яе пакаралі 10 днямі адміністрацыйнага арышту. Што стала падставай для яе зняволення, невядома.
Пра затрыманне 18 красавіка Данііла Каранкевіча праваабаронцы даведаліся з відэа сілавікоў. Хлопец кажа, што нібы ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і быў зарэгістраваны ў плане «Перамога». А нядаўна вырашыў праверыць, ці ёсць на яго кампраметуючая інфармацыя ў фэйкавым чат-боце «Байпол». За гэта яго і арыштавалі.
Крыніцы, блізкія да студэнцтва, паведамляюць, што маладых людзей маглі распазнаць па фота з пратэсных сустрэч, якія ладзіліся ў 2020 годзе ля будынкаў факультэтаў. Гэта былі не мітынгі, а масавы збор студэнтаў і выкладчыкаў для выказвання меркаванняў або салідарнасці.
«У нас цяпер затрымліваюць менавіта за тыя пратэсныя дзеянні. Затрымліваюць людзей, якія ёсць на фота. Іх выяўляе міліцыя ці хтосьці даносіць аб тых, хто на фота», — тлумачаць крыніцы «Нашай Ніве».
Паводле Вольнага прафсаюза БДУ, гістфак — лідар сярод факультэтаў Беларусі па колькасці затрыманых студэнтаў і заведзеных на іх крымінальных ды адміністрацыйных спраў.
Ва ўніверсітэце пераследуюць не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў. 4 красавіка стала вядома пра зняволенне кандыдаткі навук і дацэнткі БДУ Аксаны Улановіч. Яе вінавацяць у тым, што яна нібы пісала ў чат-бот «Беларусі галаўнога мозгу».
Глядзіце таксама:
Сяргей Гаранін: Узаемадапамога і салідарнасць сёння зачыненыя ў камерах. Але яны захоўваюцца
Як малады камуніст вядзе філіял «Жоўтых зліваў» для моладзі і выкладае ў БДУІР