Моцна хвораму навукоўцу Ігару Бортніку далі яшчэ 15 сутак

Сёння ў Полацку адбыўся новы суд па скайпе над кандыдатам філасофскіх навук Ігарам Бортнікам, яго асудзілі ў дадатак да ранейшых 23 яшчэ на 15 сутак арышту.

24.04.2023 / 10:54

Гэтым разам Ігара Бортніка асудзілі па артыкуле 19.11 КаАП за знойдзеныя ў яго падпіскі на тэлеканал «Белсат» і Symbal.by на Youtube.

У Ігара Бортніка сур'ёзныя праблемы са здароўем. Некалькі месяцаў да арышту ён праходзіў доўгую і складаную рэабілітацыю пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы. Цяпер яму баліць спіна, сядзець больш за паўгадзіны ён не можа, трэба ўставаць і рухацца.

Больш-менш прыстойны стан удавалася падтрымліваць з дапамогай моцных абязбольвальных, без якіх ён не можа паўнавартасна спаць. Між тым там у яго доступу да іх няма, а перадач для Бортніка не прымаюць ніякіх, нават гігіенічных.

Акрамя таго, вядома, што за кратамі ў пачатку другога адміністрацыйнага тэрміну навуковец перанёс гіпертанічны крыз, бо мае праблемы і з ціскам.

Усё гэта падчас суда называлася і пацвярджалася адпаведнымі даведкамі, але пад увагу суддзёй узята не было. Судзіла Ігара Бортніка гэтым разам суддзя Таццяна Хрыпач. Суд вёўся праз скайп.

Раней таксама паведамлялася, што падчас адбыцця арышту ў Ігара Бортніка забралі 300 рублёў у якасці кампенсацыі за данат на фэйсбуку. 

Кандыдат філасофскіх навук з Полацка Ігар Бортнік быў затрыманы 29 сакавіка падчас аблавы на супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка. Спачатку яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля — яшчэ 13.

Чытайце таксама:

У навукоўца Ігара Бортніка за кратамі значна пагоршыўся стан здароўя

Сталі вядомыя прысуды некаторым полацкім музейшчыкам, а таксама спіс затрыманых

Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў

Nashaniva.com