Сі Цзіньпін правёў тэлефонныя перамовы з Зяленскім
Старшыня КНР Сі Цзіньпін правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паведамілі кітайскія СМІ.
26.04.2023 / 14:28
Факт размовы пацвердзіў у твітары і сам Зяленскі.
«Правёў працяглую змястоўную тэлефонную размову са старшынёй Кітая Сі Цзіньпінам. Веру, што яна, а таксама прызначэнне амбасадара Украіны ў Кітаі дадуць магутны штуршок развіццю нашых двухбаковых стасункаў», — напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
У МЗС Кітая заявілі, што ініцыятарам размовы быў украінскі бок. Па словах Сяргея Нікіфарава, прадстаўніка прэзідэнта Украіны, размова доўжылася амаль гадзіну.
Галоўныя заявы Сі Цзіньпіна па выніках размовы з Зяленскім прыводзіць Цэнтральнае тэлебачанне Кітая. Паводле яго, Кітай накіруе свайго прадстаўніка з візітам ва Украіну і ў іншыя краіны для кансультацый па мірным урэгуляванні. Таксама было заяўлена, што Кітай будзе дамагацца хутчэйшага спынення агню ва Украіне, а дыялог і перамовы — адзіны магчымы выхад з канфлікту.