Прэзідэнт Італіі выказаўся за больш хуткае далучэнне Украіны да ЕС
Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла заявіў, што мір па выніках вайны абавязкова павінен быць справядлівым для Украіны, а таксама выказаўся за больш хуткае далучэнне дзяржавы да Еўрасаюза. Гэта адбылося на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем у Квірынальскім палацы, піша «Украінская праўда».
26.04.2023 / 15:02
Дзяніс Шмыгаль і Серджа Матарэла. Фота з афіцыйнага сайта прэзідэнта Італіі
На сустрэчы абмяркоўвалі пытанні патэнцыйных мірных перамоў, ядзернай бяспекі і пасляваеннага аднаўлення.
«Італія выказвае рашучую падтрымку таму, каб Украіна далучылася да ЕС у самы хуткі магчымы тэрмін, і мы вітаем абавязацельствы ўкраінскай улады рухацца па шляху рэформаў», — сказаў італьянскі прэзідэнт.
Матарэла адзначыў, што Італія настроена ў поўнай меры падтрымліваць Украіну ва ўсіх сферах і столькі, колькі гэта будзе неабходна.
«Абарона незалежнасці, свабоды і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны — гэта фундаментальная каштоўнасць для ўсіх краін, якія выступаюць за свабоду народаў і свабоду. Мы ўсе хочам міру, але гэта павінен быць справядлівы мір, з павагай да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», — падкрэсліў прэзідэнт Італіі.