ААЦ пазбавіў дамена сайт Ex-press.by
Беларускай асацыяцыі журналістаў стаў вядомы яшчэ адзін выпадак пазасудовага пазбаўлення недзяржаўнага медыя дамена .by у беларускім сегменце інтэрнэту. Гэтым разам пад «зачыстку» трапіла рэдакцыя інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу ex-press.by, які расказвае пра падзеі ў Барысаве і Жодзіне.
27.04.2023 / 12:21
Нейкі час таму ўладальніца даменнага імя ex-press.by атрымала электронны ліст з Аператыўна-аналітычнага цэнтра — яшчэ адзін аналагічнага зместу, мяркуючы па «шапцы», прадубляваны на адраc Беларускiх воблачных тэхналогiй.
Тэма допісу інфармавала «аб прыняцці мер рэагавання ААЦ у межах выканання функцый адміністратара нацыянальнай даменнай зоны, а таксама па выніках разгляду ліста ТАА «Беларускiя воблачныя тэхналогii» ў якасці рэгістратара».
У допісе за подпісам намесніка начальніка кантрольнага ведамства Сяргея Жарнасека даводзілася, што ў цэнтралізаванай базе даных аб даменных імёнах змяшчаюцца звесткі пра ex-press.by, уладальнікам якога ўказаны індывідуальны прадпрымальнік. Спасылаючыся на прэзідэнцкі ўказ ад 18 верасня 2019 года № 350 «Аб асаблівасцях выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт» чыноўнік адзначае: асобы, якія прадстаўляюць звесткі для фармавання базы даных, мусяць указваць праўдзівую інфармацыю і пры неабходнасці пацвярджаць яе дакладнасць.
У якасці «жалезнага аргумента» прадстаўнік дзяржаўнага адміністратара адсылае да пункта 27 інструкцыі аб рэгістрацыі даменных імёнаў, зацверджанай загадам усё таго ж ААЦ ад 18 чэрвеня 2010 года №47, што ўладальнік дамена абавязаны ў тэрмін да сямі працоўных дзён па запыце рэгістратара падаць дакументы, якія пацвярджаюць дакладнасць інфармацыі, унесенай у базу даных.
Паводле яго слоў, рэгістратар сваім лістом ад 20 сакавіка 2023 года накіраваў уладальніку дамена на электронную пошту, а таксама на паштовы адрас паведамленні аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці звестак у базе даных. Прычым, уладальнік дамена мусіць гэта зрабіць «явачным парадкам» — то бок прыйсці ў офіс з пакетам дакументаў. Аднак аўтары партала знаходзяцца за мяжой.
Паколькі на апавяшчэнні ў вызначаны тэрмін адрасат не адрэагаваў, са спасылкай на пункт 48 унутранай інструкцыі Сяргей Жарнасек канстатуе: непрадстаўленне ўладальнікам дамена па запыце рэгістратара пацвярджальных дакументаў з'яўляецца парушэннем парадку рэгістрацыі даменнага імя.
І на гэтай падставе прынятае рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя інфармацыйнаму рэсурсу ex-press.by.
ААЦ пачаў пазбаўляць «экстрэмісцкія» СМІ даменнага імя ў Беларусі — БАЖ