Абʼяднаны пераходны кабінет заклікаў узмацніць санкцыі на рэжым Лукашэнкі за катаванні палітвязняў

Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі выступіў з заявай у сувязі з умовамі турэмнага ўтрымання і станам здароўя Віктара Бабарыкі.

27.04.2023 / 15:29

Віктара Бабарыку, які напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў самым папулярным сапернікам Аляксандра Лукашэнкі, зняволілі 18 чэрвеня 2020 года. У ліпені 2021 года яму прысудзілі 14 гадоў пазбаўлення волі нібыта за «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і «атрыманне хабару»

У сваёй заяве АПК звяртае ўвагу на становішча ў турме галоўнага канкурэнта Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта 2020 года, якога нават не дапусцілі да выбараў. Да Віктара Бабарыкі не дапускаюць адвакатаў і сваякоў, яго блізкія і грамадскасць не маюць магчымасці ўвачавідкі пераканацца, што яго стан з’яўляецца «здавальняючым», як гэта паведамляюць супрацоўнікі бальніцы, дзе ён знаходзіцца.

«Рэжым працягвае парушаць усе магчымыя міжнародныя стандарты абыходжання з вязнямі ў турмах. Само па сабе зняволенне Віктара Бабарыкі, экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта, не мае прававога абгрунтавання і з’яўляецца палітычна матываваным пераследам», — гаворыцца з заяве АПК.

Аб’яднаны пераходны кабінет заяўляе, што лічыць недапушчальным і немагчымым весці перамоўны працэс з рэжымам аб зняцці санкцый у сітуацыі, калі беларускія палітзняволеныя падвяргаюцца ў турмах катаванням, псіхалагічнаму ціску, рознабаковым неабгрунтаваным абмежаванням.

Паводле АПК, пачатак перамоў аб паслабленні санкцый магчымы выключна пасля спынення рэжымам рэпрэсій і вызвалення ў першую чаргу палітычных зняволеных, якія не павінны знаходзіцца за кратамі па меркаваннях гуманнасці: людзей з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пенсіянераў, непаўналетніх, шматдзетных бацькоў, жанчын.

АПК патрабуе дапусціць да Віктара Бабарыкі яго адвакатаў і сваякоў, даць магчымасць грамадскасці пераканацца ў тым, што стан Віктара Бабарыкі з’яўляецца «здавальняючым» і яму аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога.

АПК заклікае міжнародную супольнасць «напоўніцу выкарыстоўваць інструмент санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі як самы адэкватны цывілізаваны спосаб прыцягнення злачынцы да адказнасці за злачынствы, якія ён бесперапынна здзяйсняе супраць чалавечнасці».

Чытайце таксама:

«Увесь чорны». Што апошняе было вядома пра Віктара Бабарыку ў наваполацкай калоніі

У Бабарыкі ў лёгкіх, верагодна, знайшлі ваду — «Позiрк»

У Віцебску масава звальняюць людзей, якія падпісваліся за Віктара Бабарыку — праваабаронцы

Nashaniva.com