Беларускія лётчыкі, што захраслі ў Судане, пакінулі краіну

Пілоты самалёта кампаніі «Бельканта» цяпер знаходзяцца ў Егіпце і плануюць з Каіра вылецець у Мінск.

28.04.2023 / 09:04

Іл-76ТД Belcanto Airlines. Фота з сайта кампаніі

Экіпаж самалёта Іл-76ТД кампаніі «Бельканта», які захрас у Судане, здолеў пакінуць краіну, цяпер беларусы знаходзяцца ў Егіпце, паведамляе «Спутнік».

Як заявіў РІА Навіны генконсул Расіі ў Хургадзе Віктар Варапаеў, егіпецкія ўлады дапамаглі ім, а таксама двум расіянам, з уездам у краіну. Ім выдалі ўязныя візы ў чацвер, 27 красавіка.

Расійскі дыпламат таксама распавёў, што напярэдадні вечарам па тэлефоне экстраннай сувязі да іх звярнуліся двое грамадзян Расіі і шэсць беларусаў, якія працавалі ў Судане па прыватных кантрактах. Яны прыбылі з Хартума на суданска-егіпецкі памежны пераход «Аркын». Са слоў Варапаева, егіпецкія памежнікі не хацелі прапускаць іх на тэрыторыю краіны. Прычына адмовы — адсутнасць транспарту: суданскі кіроўца аўтобуса адмовіўся перасякаць мяжу. Генконсульства ў сваю чаргу звярнулася ў кампетэнтныя органы правінцыі Чырвонае мора.

У выніку расіянам і беларусам аказалі неабходнае садзейнічанне ў перасячэнні мяжы. Пасля гэтага грамадзяне Беларусі і Расіі адправіліся на аўтобусе ў Каір, адкуль маюць намер вылецець у Мінск і Маскву.

Раней у МЗС Беларусі праінфармавалі, што ў Судане знаходзяцца беларускія грамадзяне, у тым ліку экіпаж самалёта.

Самалёт кампаніі «Бельканта» прыбыў у Судан для правядзення работ па мадэрнізацыі і тэхнічнага абслугоўвання, а экіпаж чакаў афармлення страхоўкі для палётаў над тэрыторыяй Турцыі.

Першапачаткова пілоты не маглі пакінуць Судан, бо перамяшчацца па краіне было небяспечна з-за боесутыкненняў.

Чытайце таксама:

У Судане праз узброеныя сутыкненні захрас экіпаж беларускага самалёта Belcanto Airlines

Спроба вайсковага перавароту ў Судане. Там пачаліся сутыкненні паміж арміяй і «джынамі на конях»

МЗС параіў беларусам не ехаць у Судан

Nashaniva.com