У Мінску хочуць павялічыць колькасць камер відэаназірання ў пяць разоў

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Грыб у дэталях распавёў газеце «На страже» пра тое, як працуе сістэма сачэння ў Мінску.

29.04.2023 / 16:10

У Мінску хочуць павялічыць колькасць камер відэаназірання да 30 тысяч. Фота: ГУУС Мінгарвыканкама

Паводле яго слоў, сёння ў сталіцы ўсталявана больш за шэсць тысяч камер, і ў планах пашырыць гэтую сетку да 30 тысяч. 

«Мінск — адзіны ў краіне горад, дзе ў міліцыі ёсць уласная служба відэаназірання. Яна ахоплівае ўсе станцыі метро, вакзалы, буйныя спартыўныя аб'екты і гандлёвыя цэнтры, забаўляльныя ўстановы, АЗС.

Выявы з больш чым 1100 камер, падключаных да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу, перадаюцца ў службу відэаназірання ГУУС і транслююцца ў рэжыме анлайн на відэасцяну з 24 экранаў. Дзякуючы гэтаму, супрацоўнікі, націснуўшы ўсяго некалькі клавіш, могуць адшукаць парушальніка нават у плыні людзей і машын», — апісвае механізм сачэння Міхаіл Грыб.

Ён праанансаваў таксама стварэнне ў бліжэйшыя месяцы асобных падраздзяленняў на базах РУУС, якія будуць спецыялізавацца на працы з дронамі.

Апроч іншага, згадваецца аб стварэнні асобнай групы маніторынгу вуліц Зыбіцкай і Рэвалюцыйнай у Цэнтральным раёне Мінска, дзе сканцэнтраваная вялікая колькасць бараў і рэстаранаў.

Чытайце таксама:

У Мінску праслушку цяпер расстаўляюць не толькі ў кватэрах, але і на некаторых вуліцах

Прызыўнікоў у Маскве будуць шукаць з дапамогай сістэмы распазнавання твараў, у тым ліку беларускай Kipod

Nashaniva.com