Артыст «Беларускіх песняроў» Уладзіслаў Місевіч распавёў, як сышоў з ансамбля ў 2020-м

«За маёй спінай падпісвалі нейкія мутныя лісты «супраць гвалту і за новыя выбары»!»

01.05.2023 / 19:25

Уладзіслаў Місевіч. Фота: «Звязда»

Артыст Уладзіслаў Місевіч спыніў супрацоўніцтва з «Беларускімі песнярамі» ў 2020‑м.

«Сышоў, пры тым, што «Беларускія песняры» — гэта маё дзецішча. І я за яго развіццё адказваў, пакуль не наступіў 2020‑ы.

Мяркуйце самі: мы рыхтаваліся адзначыць юбілей «Песняроў», а ў гэты час за маёй спінай некаторая колькасць удзельнікаў калектыву падпісвае нейкія мутныя лісты «супраць гвалту і за новыя выбары»! Гэта называецца ансамбль, гэта група аднадумцаў?

Мяне спрабуюць цяпер вінаваціць — маўляў, гэта я за іх адказваю, але яны вялікія хлопчыкі, некаторым па 70 гадоў ужо. Я мог толькі пагаварыць і думаў, што мы дамовіліся», — распавёў Уладзіслаў Місевіч у інтэрв'ю «СБ».

Ён лічыць, што калегі прынялі такі бок, бо пайшлі за натоўпам.

Артыст дадаў таксама, што цяпер ідуць размовы наконт працягу серыяла пра «Песняроў» («За паўгадзіны да вясны»), які выйшаў на расійскім «Першым канале».

«Я адразу прадзюсарам сказаў: калі там будуць мае былыя калегі па «Беларускіх песнярах», я да гэтага ніякага дачынення мець не жадаю. Так, разумею, поспех, і «Першы канал» задаволены, але там не ведаюць далейшую гісторыю…» — панаракаў ён.

Місевіч цяпер пачаў сольную кар'еру.

«Беларускія песняры» ўтварыліся ў 1998-м пасля расколу ў «Песнярах».

На гэты Новы год гурт спяваў на «Блакітным агеньчыку» на расійскім ТБ з віншаваннямі Кісялёва ды Салаўёва і жартамі Петрасяна пра Украіну.

Чытайце таксама:

Дык глядзець ці не? Разбіраемся, чаго чакаць ад скандальнага серыяла пра «Песняроў»

У серыяле пра «Песняроў» заблюрылі сцэны з акцёрам-купалаўцам. Проста паглядзіце на гэтыя кадры

Сем фактаў пра Уладзіміра Мулявіна, якому 12 студзеня споўнілася б 80 гадоў

Nashaniva.com