Было тры выбухі, утварылася варонка два з паловай метры — новыя падрабязнасці здарэння ў Бранскай вобласці

Спецслужбы ўжо ўсталявалі прыкметы падазраванага ў дачыненні да падрыву чыгуначнага палатна ў Бранскай вобласці і нават ужо склалі яго фотаробат.

02.05.2023 / 09:44

Фота з тэлеграм-канала «Мінскай праўды»

Выбухоўка на чыгуначных рэйках у Бранскай вобласці была ўсталяваная ў трох месцах — на цягніку было выяўлена тры кропкі кантакту. Магутнасць асноўнага выбуху склала 10 кг у трацілавым эквіваленце. Два іншыя былі магутнасцю прыкладна па 200 грам у тратылавым эквіваленце, паведамляе Baza.

За 100 метраў ад выбуху былі знойдзеныя два недакуркі, два пачкі ад цыгарэт, пустая бляшанка з-пад піва і ўпакоўка ад супу хуткага прыгатавання «Ролтан». Таксама там ляжалі фрагмент абгарэлай электраправодкі і медныя фрагменты дратоў.

У выніку выбуху была разбурана частка рэйкаў каля 6 метраў і 4 бетонных шпалы. Таксама на месцы ўтварылася варонка каля 2,5 метраў глыбінёй і каля 1,5 метраў у дыяметры. Акрамя таго сышоў з рэек двухсекцыйны цеплавоз і 5 вагонаў (колькасць вагонаў адрозніваецца ў розных крыніц). Цеплавоз і 4 вагоны, паводле «Базы», згарэлі. Выцекла 12 тон дызельнага паліва.

Крыніцы «Базы» сцвярджаюць, што спецслужбы ўсталявалі прыкметы падазраванага ў дачыненні да падрыву чыгуначнага палатна ў Бранскай вобласці і нават ужо склалі яго фотаробат. 

Фотаробат меркаванага падазраванага. Крыніца: «База»

Гэта мужчына, апрануты ў чорнае, прыблізна сарака гадоў, ростам каля 170 сантыметраў. Пры ім быў чорны заплечнік, перасоўваўся падазраваны на ровары.

Чытаць таксама:

У Бранскай вобласці цягнік пусцілі пад адхон. Выглядае, што згарэў беларускі цеплавоз

Губернатары Гомельскай і Бранскай абласцей абмеркавалі здарэнне з цягніком БЧ у Бранскай вобласці. Рух на чыгунцы адноўлены

Nashaniva.com