Былы палітвязень з наваполацкай калоніі расказаў, якога кампрамісу патрабавалі ад Бабарыкі
Былы палітзняволены Вадзім Хіжнякоў правёў за кратамі больш за два гады, частку з іх — у наваполацкай папраўчай калоніі. Ён перасякаўся там з Віктарам Бабарыкам і чуў ад яго, якія ўмовы вызвалення прапаноўваліся палітыку. Пра гэта ён распавёў у эфіры «Белсата».
02.05.2023 / 15:23
Віктар Бабарыка падчас суда ў 2021 годзе. Фота: БелТА
Вадзім Хіжнякоў адзначае, што ў калоніі з Віктарам Бабарыкам быў у добрых адносінах.
«Мы з ім амаль у адзін час прыехалі і патрапілі ў каранцін», — адзначае Хіжнякоў.
Нягледзячы на тое, што адміністрацыя наваполацкай ПК-1 сачыла за тым, каб зняволеныя не размаўлялі паміж сабою, на каранціне камунікацыя ўсё роўна адбываецца, кажа былы вязень.
«Мы з ім, нават знаходзячыся ў прыбіральні, дзе ніякіх перагародак няма, сядзелі побач і камунікавалі», — згадвае ён.
Часам была магчымасць пагаварыць у курылцы. «Але пасля таго, як мы з ім там пагаварылі, мяне выклікалі раз на размову і строга папярэдзілі, што я не павінен так рабіць і што мяне будуць наступны раз караць», — гаворыць Хіжнякоў.
Вадзім Хіжнякоў падчас эфіру. Скрыншот відэа «Белсата»
Па словах былога палітзняволенага, калі сабраць усе яго размовы з Віктарам Бабарыкам разам, то атрымаецца прыкладна тры гадзіны.
«Гаварылі пра ўсё. І пра асабістае жыццё, і пра тое, што яго прывяло ў кандыдаты ў прэзідэнты, чаму ён на гэта рашыўся, што ён думае аб агульным палітычным становішчы, як ён бачыць развіццё падзей у краіне».
Хіжнякоў падкрэслівае, што Віктар Бабарыка не шкадаваў таго, што зрабіў: «Ён гаварыў, што зрабіў усё правільна. І яго выбар правільны.
Ён гаварыў, што здзейсніў учынак. Па яго словах, мужчына ад асобіны мужчынскага полу адрозніваецца тым, што прымае рашэнні і павінен іх ажыццяўляць. Вось ён прыняў рашэнне і яго ажыццяўляў».
Віктар Хіжнякоў адзначае, што ў Віктара Бабарыкі была магчымасць пайсці на кампраміс з уладамі: «Яму гэта прапаноўвалі. Ён не пагадзіўся. І з-за гэтага да сённяшняга часу, як мне стала вядома, цярпіць за ўсё гэта».
Былы палітвязень удакладняе, на якія кампрамісы прапаноўвалі пайсці Віктару Бабарыку:
«Яму прапаноўвалі добра выказацца аб Васкрасенскім. Тады якраз ішла такая акцыя, калі Васкрасенскі павінен быў заклікаць людзей пісаць прашэнні аб памілаванні. Другое — ён павінен быў публічна выступіць і заклікаць людзей спыніць супраціўляцца, спыніць пратэсныя дзеянні. Трэцяе, што яму прапаноўвалася, — заклікаць да падтрымкі Расіі, што Расія — наш найлепшы саюзнік, што толькі з Расіяй мы зможам развівацца».
З такімі прапановамі Віктар Бабарыка не пагадзіўся і прапанаваў свой варыянт:
«Ён сказаў, што не пагадзіўся і ніколі на гэта не пагодзіцца. Ён адказаў, што згодзіцца пайсці на кампраміс толькі ў адным выпадку, калі выпусцяць усіх палітзняволеных. А ён можа застацца ў якасці закладніка».
Юрый Хіжнякоў адзначае, што лісты з заклікам пісаць прашэнні аб памілаванні да яго не прыходзілі, бо ўлады ведалі пра яго пазіцыю. А вось да іншых, чыя пазіцыя пад ціскам змянілася, пісьмы былі.
Па словах былога палітзняволенага ў калоніі пастаянна праводзілася ідэалагічная апрацоўка: «Там былі спецыяльныя мерапрыемствы, на якіх расказвалі розныя рэчы. Пастаянна выклікалі. Там кожнаму прызначаецца куратар. Мой быў Жэрко — другі чалавек у калоніі. Хіба з-за маёй пазіцыі. Ён часта са мною размаўляў, пераконваў. Ён такі хітры аператыўнік.
Ну і [былы начальнік калоніі] Пальчык. Я ў яго быў тры-чатыры разы, калі не лічыць пакаранняў. Але ён не пераконваў, а проста як дубалом зневажаў. Таксама любы начальнік атрада выклікаў і гаварыў, што трэба прызнаць віну, аплаціць іскі. Можа, будуць нейкія паблажкі: умоўна-датэрміновае вызваленне, змена рэжыму ўтрымання. Гэта з усімі і заўсёды вядзецца з дня ў дзень, мэтанакіравана».
Чытайце яшчэ:
Блогер Кабанаў, які сядзеў у наваполацкай калоніі, пра тое, чаму вязні не вытрымліваюць умоў там
«Настроены выжыць». Зняволеная расказала пра сустрэчу з сынам Бабарыкі на Валадарцы