Сваякам Бабарыкі адмовілі ў прыёме да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС

Сёння сваякі Віктара Бабарыкі спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, паведамляе штаб Бабарыкі.

02.05.2023 / 15:23

Менавіта ў ДВП адказваюць за ўтрыманне і бяспеку зняволеных. На прыёме родныя хацелі даведацца пра месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара, а таксама атрымаць магчымасць убачыць яго і пераканацца, што з ім усё добра. Але ў прыёме было адмоўлена.

Сваякі працягнуць дамагацца інфармацыі і сустрэчы з Бабарыкам праз адказныя за гэта органы дзейнай улады, паведамляе штаб. Там просяць усе прысутныя ў Мінску міжнародныя арганізацыі і дыпламатычныя місіі аказаць садзейнічанне ў атрыманні інфармацыі аб стане Віктара Бабарыкі.

26 красавіка 2023 года «Рабочы рух» распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што зняволены палітык трапіў у бальніцу.

27 красавіка ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы «Радыё Свабода» пацвердзілі, што Віктар Бабарыка ў іх. «Бабарыка ў хірургіі», — адказалі ў шпіталі.

«Медыязоне» ў бальніцы дадалі, што стан палітыка здавальняючы.

Святлана Ціханоўская запатрабавала, каб Бабарыку публічна прадэманстравалі, паказалі, у якім ён стане, і дапусцілі да яго адвакатаў і сваякоў.

«Любыя іншыя дзеянні, — заявіла Ціханоўская, — будуць трактавацца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю».

Дакладнай інфармацыі пра стан Бабарыкі да гэтай пары няма.

Nashaniva.com