Новая крамлёўская метадычка для прапагандыстаў маральна рыхтуе насельніцтва да ўкраінскага контрнаступлення

Выданне «Медуза» здабыло доступ да свежай метадычкі, падрыхтаванай пуцінскай Адміністрацыяй для расійскіх прапагандыстаў. У ёй дзяржаўным і праўладным СМІ сярод іншага даюць устаноўку, як трэба асвятляць будучае ўкраінскае контрнаступленне.

02.05.2023 / 16:43

Расійскія мабілізаваныя

Крэмль просіць прапагандыстаў «не зніжаць чаканні анансаванага контрнаступлення Украіны пры падтрымцы НАТА» і не казаць пра тое, што «Кіеў нібыта не гатовы да «контрнаступу».

Праўладныя СМІ, наадварот, павінны зрабіць акцэнт на тым, што заходнія краіны пастаўляюць Кіеву ўзбраенне і ўсяляк падтрымліваюць Украіну.

Дзве крыніцы «Медузы», блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, растлумачылі, што ў такога асвятлення контрнаступлення, якое рыхтуецца, ёсць простае тлумачэнне:

Калі наступ будзе няўдалым, можна будзе казаць: армія [Расіі] ўмела адбіла пераўзыходзячую па магутнасці атаку. Кошт гэтай перамогі моцна вырасце.

Калі ж Украіна пры дапамозе зброі з ЗША і Еўропы дасягне нейкіх поспехаў і зойме тэрыторыі, іх страта таксама будзе вытлумачальная: увесь Захад засяродзіў велізарныя намаганні на фронце, але яго поспехі — у параўнанні з гэтымі намаганнямі — вельмі сціплыя. Гэта значыць, расійская армія ўвогуле таксама справілася.

У гэтай самай метадычцы Крэмль «раіць» прапагандыстам «не педаляваць інфармацыю аб сумах сродкаў», якія накіроўваюцца з расійскага бюджэту на аднаўленне інфраструктуры на акупаваных і анексаваных украінскіх тэрыторыях.

Замест гэтага прапагандысты раскажуць пра тое, як у Расіі «развязваюцца праблемы»: напрыклад, пра рамонт у школах, дзіцячых садах і бальніцах. 

«Зразумела, што праблемы [з эканомікай] будуць, і зразумела, праз што. Выдаткі на «спецаперацыю» нікуды не падзенуцца. У першую чаргу будуць рэзацца выдаткі на тую ж інфраструктуру: атрымаецца, што ў новых рэгіёнах рамантуюць, а ў старых — не.

Рэакцыя [жыхароў расійскіх рэгіёнаў] зразумелая: у нас забралі. Лепш не паказваць у канкрэтных сумах, колькі забралі. З Крымам гэта ўжо было», — тлумачыць адна з блізкіх да пуцінскай Адміністрацыі крыніц «Медузы».

Яшчэ адной «непажаданай тэмай» для прапаганды нечакана сталі рэпетыцыі парада з нагоды 9 Мая. У некалькіх рэгіёнах Расіі па меркаваннях бяспекі ўжо вырашылі цалкам адмовіцца ад святкавання. Чаму так — выказваюцца і версіі, што з-за праблем з бяспекай, і з-за таго, што на парады могуць вывесці толькі старую тэхніку і яе будзе няшмат. «Медуза» не ведае, у чым дакладна прычына, аднак Крэмль у сваёй метадычцы сапраўды «рэкамендуе» прапагандыстам «не мусіраваць» тэму падрыхтоўкі да 9 Мая.

Чытайце таксама:

«Пуцін дае Еўропе шанс адумацца». Крамлёўская метадычка расказвае прапагандзе, як трэба падводзіць вынікі года

З'явілася метадычка пра тое, як расійскія прапагандысты павінны распавядаць пра ваеннае становішча ў Расіі

У прапаганды новая метадычка: Дэмілітарызацыю Украіны мы ўжо выканалі, украінцаў там няма, цяпер мы ваюем толькі з НАТА

Nashaniva.com