Зноў хочуць унесці папраўкі ў закон аб дарожным руху
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны праект чарговых зменаў у закон аб дарожным руху, якія збіраюцца неўзабаве прыняць. Яны тычацца сельскагаспадарчых машын і кіроўцаў, якія прапалі без вестак ці памерлі.
03.05.2023 / 16:13
Паводле запланаваных змен, Мінсельгасхарч больш не зможа самастойна прымаць экзамены на права кіраваннем трактароў і самаходных машын, як было раней. Таксама ўдакладняецца магчымасць здаваць на катэгорыю «B» на машыне з механічнай трансмісіяй або без яе «ў залежнасці ад пройдзенай ва ўстаноўленым парадку падрыхтоўкі».
Такім чынам, калі кіроўца здае на катэгорыю «B» з паметкай «толькі на аўтаматычнай трансмісіі», то і аўтамабіль на экзамене павінен быць абсталяваны адпаведнай аўтаматычнай каробкай перадач. Калі ж у правах будзе паказана катэгорыя «B» без пазнак, то магчымая здача экзамену як на «аўтамаце», так і на «механіцы».
У папраўках таксама ўдакладняецца, што правы кіроўцы лічацца несапраўднымі, калі іх уладальнік памёр, абвешчаны памерлым ці прапаў без вестак.
Папярэднія папраўкі ў закон аб дарожным руху прымаліся ў Беларусі ў 2021 годзе. Яны ўступалі ў сілу ў два этапы — з 1 студзеня і 22 верасня 2022 года.
Чытайце таксама:
У Нідэрландах затрымалі кіроўцу з падробленымі ўкраінскімі правамі на імя Борыса Джонсана
У Ждановічах пад Мінскам паставілі дарожны знак, не прадугледжаны ПДР
Мінтранс прапанаваў забіраць маршруткі ў несумленных перавозчыкаў