Пандэмія скончылася, але наступствы засталіся. Што COVID-19 прынёс Беларусі?

Днямі Сусветная арганізацыя аховы здароўя адмяніла статус пандэміі каранавіруса. Згадваем, як кавід адбіўся на Беларусі. Гэта пандэмія паказала, як улады ставяцца да людзей і выкарыстоўваюць сітуацыю з вірусам у сваіх інтарэсах.

12.05.2023 / 08:50

Лукашэнка пры наведванні бальніц паказальна грэбаваў мерамі бяспекі. Скрын відэа

«Глупства абсалютнае і несусветнае»

Згодна з афіцыйнымі данымі, першы выпадак захворвання на каранавірус у Беларусі быў зафіксаваны 27 лютага 2020 года. Гэта быў студэнт з Ірана, які 22 лютага прыляцеў у Мінск. Ужо на наступны дзень пасля абвяшчэння пра першы выпадак захворвання на COVID-19, беларусы раскупілі ўсе медыцынскія маскі.

У сярэдзіне сакавіка ўсе суседнія краіны, у тым ліку Расія, закрылі свае межы на ўезд. Праехаць без каранціну з таго часу маглі толькі кіроўцы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі. Лукашэнка тады раскрытыкаваў такое рашэнне, назваўшы яго «глупствам абсалютным і несусветным».

«Чаго ты ходзіш па гэтых вуліцах?»

Першай афіцыйнай ахвярай новага віруса стаў заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч. Акцёр памёр 30 сакавіка 2020 года. Рэакцыя Лукашэнкі на смерць акцёра выклікала абурэнне ў грамадстве.

«Ну вось мы падазраём, што ў Віцебску гэты акцёр памёр, і ў яго таксама быў да таго, што дыягнаставана пнеўманія, яшчэ і гэты вірус. Ну, яму заўтра 80 гадоў будзе, чаго ты ходзіш па гэтых вуліцах, а тым больш працуеш», — адрэагаваў на смерць 75-гадовага акцёра Лукашэнка. 

Агульнарэспубліканскі масачны рэжым у Беларусі ўвялі толькі з 9 кастрычніка 2021 года. Але Лукашэнка, які раней неаднаразова называў маскі і рэспіратары «наморднікамі», раскрытыкаваў рашэнне Міністэрства аховы здароўя, назваўшы яго «ціскам на людзей», таму ўжо 22 лістапада абавязковы масачны рэжым быў скасаваны.

Лукашэнка не толькі скептычна ставіўся да віруса, але і публічна грэбаваў любымі метадамі засцярогі. Ён адмаўляўся надзяваць маску нават пры наведванні «чырвоных» зон ва ўстановах аховы здароўя, хоць медыкі і чыноўнікі прымушалі яго гэта зрабіць.

Сам Лукашэнка двойчы хварэў на COVID-19. Першы раз у ліпені 2020 года, а другі — у студзені 2022 (выпадкі, якія ўлады пацвердзілі афіцыйна). Як сцвярджалася, абодва разы ён перанёс яго «на нагах». Гэта, на думку Лукашэнкі і дзяржпрапаганды, мусіла даказаць насельніцтву, што нічога страшнага ў гэтым вірусе няма.

Гэта ўсё «псіхоз»

Падобныя выказванні ў бок віруса Лукашэнка агучваў рэгулярна. Ён не саромеўся выказвацца наконт лішняй вагі памерлых ад віруса і раздаваў нягеглыя парады, як змагацца з вірусам, з якіх смяяліся далёка за межамі Беларусі. У прыватнасці, ён раіў лячыць хваробу гарэлкай і яздой на трактары. Называў сітуацыю «псіхозам».

«Тут няма вірусаў ніякіх! Вось ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? Я таксама не бачу», — казаў ён у каментары супрацоўніцы тэлебачання на хакейнай арэне, дадаючы, што «халадзільнік — найлепшыя антывірусныя лекі».

Улады ад самага пачатку намагаліся прыменшыць маштабы трагедыі, рабілі выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Афіцыйная статыстыка падвяргалася крытыцы не толькі ўнутры краіны. Улады відавочна прыніжалі колькасць лятальных выпадкаў ад COVID-19. Пазней Белстат вырашыў не публікаваць гэтых даных. Апошні раз інфармацыя аб сітуацыі з каранавірусам абнаўлялася 1 ліпеня мінулага года. Згодна з ёй, на кавід у Беларусі за той перыяд перахварэла 994 037 чалавек. Памерла — 7118.

Ацаніць колькасць ахвяр ад кавіду можна па паказчыку залішняй смяротнасці. Ён паказвае, наколькі фактычная смяротнасць перавысіла чаканую, і ўлічвае розныя ўскосныя фактары. 

Паводле даследавання медычнага навуковага часопіса The Lancet, у Беларусі залішняя смяротнасць, звязаная з COVID-19, перавысіла 85 600 чалавек. Гэта лічбы за два гады — перыяд з 1 студзеня 2020-га па 31 снежня 2021-га.

Натуральна, што ў Беларусі ніякіх істотных абмежаванняў не ўводзілася. Усур'ёз улады ставіліся да пандэміі толькі тады, калі ім гэта было выгадна.

Напрыклад, з-за эпідэміялагічнай сітуацыі маглі адмяняцца нязручныя для ўлады масавыя мерапрыемствы ці абмяжоўвалася колькасць назіральнікаў на выбарчых участках. 

Таксама з 7 кастрычніка 2020 года пачалі абмяжоўваць магчымасць перадаваць перадачы затрыманым.

Некалькі месяцаў іх прымалі толькі раз на тыдзень. З надыходам 2021 года сітуацыя пагоршылася. Прыём перадач цалкам прыпынілі, перадаваць можно было толькі лекі і толькі адзін раз на тыдзень. Афіцыйна такія захады былі прыняты «ў мэтах забеспячэння бяспекі і змяншэння рызыкі, звязанай з распаўсюджваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь COVID-19».

На Акрэсціна ніякіх санітарна-эпідэміялагічных мер не прытрымліваліся. Людзей наўмысна трымалі ў перапоўненых камерах, з-за чаго многія перахварэлі на каранавірус падчас зняволення. Адна з мінчанак, Алена Амеліна, памерла ад кавіду неўзабаве пасля вызвалення.

Вакцынацыя: адмова ад заходніх вакцын і спроба зрабіць сваю

З вакцын у нашай краіне на выбар прапаноўваліся толькі расійскай або кітайскай вытворчасці. Гэта стварала дадатковыя нязручнасці для тых, хто меў патрэбу выязджаць у Еўропу і некаторыя іншыя краіны, бо большасць краін Еўропы не прызнавала гэтых вакцын, таму многія выбіраліся ў суседнія краіны ЕС або ва Украіну, каб зрабіць там прышчэпку і атрымаць «кавідны пашпарт», з якім можна было падарожнічаць больш свабодна. З часам у Беларусі з'явіліся нават адмысловыя прышчэпачныя туры. 

Пры гэтым Лукашэнка цвёрда стаяў на тым, што заходнія вакцыны Беларусі непатрэбныя. І не таму, што яны нізкаякасныя ці дарагія. Палітык не прыхоўваў, што не ўхваляе выкарыстанне заходніх вакцын з прычын палітычных.

«У нас у краіне няма замежных вакцын, акрамя «Спутніка» і кітайскай вакцыны, — казаў Лукашэнка. — Але гэтыя вакцыны не горшыя. Нам падкідваюць ідэю: «Завязіце Pfizer, «Джонсан і Джонсан», «Мадэрну» і іншае». Для чаго? Каб [людзі] маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды, да сваіх! Ехаць на Захад, інструкцыі атрымліваць! Вось для чаго ім гэта трэба! Едзьце туды і там вакцынуйцеся. А мы купляем замежныя вакцыны, якія сябе значна лепш паказалі, чым заходнія».

Таксама ў Беларусі амаль увесь гэты час працавалі над стварэннем уласнай вакцыны. Міністр аховы здароўя Піневіч казаў, што шырокае прымяненне айчыннай вакцыны ад COVID-19 будзе пачата ў 2024 годзе.

Закрылі межы і зрабілі выезд платным

Нягледзячы на тое, што ў сакавіку 2020 года Лукашэнка крытыкаваў краіны, якія ўводзілі строгія каранцінныя абмежаванні і закрывалі межы, урад вырашыў абмежаваць выезд з Беларусі з 21 снежня 2020 года. У падобным рашэнні многія бачылі выключна палітычны падтэкст. Тым больш што абмежаванне тычылася толькі наземных памежных пунктаў, вылецець з Беларусі па-ранейшаму было дазволена без якіх-небудзь умоў з беларускага боку. Абмежаванні на выезд дзейнічалі да 3 красавіка 2022 года. 

«Кавідны» збор пры перасячэнні мяжы на транспартных сродках, максімальная дапушчальная вага якіх не перавышае 5 тон, пачалі спаганяць з 1 мая 2021 года. Першапачаткова яго планавалі збіраць да 1 студзеня 2023 года. Афіцыйна дэкларавалася, што сабраныя сродкі пойдуць «на папярэджванне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй». 

З 1 студзеня 2023 года выезд з краіны зноў стаў бясплатным. Але ўжо 12 студзеня стала вядома, што збор у памеры 1 базавай вялічыні вяртаецца. Плаціць 37 рублёў давядзецца ажно да 1 студзеня 2025 года.

Міністр Піневіч 11 студзеня заявіў, што пандэмія каранавіруса ў Беларусі падышла да канца. Кіраўнік СААЗ абвясціў пра заканчэнне пандэміі COVID-19 у свеце 5 мая 2023 года.

Наступствы, якія не адлюстроўвае статыстыка

Каранавірус, а калі быць больш дакладнымі, менавіта рэакцыя на пандэмію з боку ўлад прывяла і да змен у грамадстве.

Людзі навучыліся гуртавацца і вырашаць праблемы без удзелу дзяржавы. Народ дапамагаў медыкам, збіраў грошы на сродкі для абароны і вырабляў іх сам. Кавярні забяспечвалі бальніцы бясплатнымі абедамі. Кампанія ByCovid19 сабрала больш за 300 тысяч даляраў на барацьбу з пандэміяй.

Пазней хваля салідарнасці і ўзаемнай дапамогі распаўсюдзілася і на дапамогу пацярпелым ад рэжыму.

Часта аналітыкі і простыя беларусы менавіта пачатак пандэміі і рэакцыю на яе з боку Лукашэнкі называюць першым штуршком, дзякуючы якому сталі магчымыя падзеі 2020 года. Адчуўшы знявагу да сябе (той жа бізнэс так і не атрымаў падтрымкі, на якую разлічваў), многія адчулі патрэбу ў дэмакрытычнай уладзе, якая будзе ўлічваць інтарэсы народа.

Чытайце таксама: 

Пандэмія скончылася, але «кавідны» збор на мяжы застаецца. Вось колькі дзяржава зарабляе на ім кожны месяц

Nashaniva.com