Кампанія Philips не збіраецца пакідаць Расію
Нідэрландская тэхналагічная кампанія Philips, якая сярод іншага спецыялізуецца на медыцынскіх тэхналогіях, працягне працаваць на расійскім рынку. Пра гэта генеральны дырэктар кампаніі Рой Якабс заявіў на штогадовым сходзе акцыянераў кампаніі ў Амстэрдаме, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Reuters.
10.05.2023 / 10:11
Фота: any-lamp.co.uk
Пазіцыя кампаніі такая: «права на ахову здароўя ўніверсальнае, і мы частка сістэмы, якая забяспечвае ахову здароўя»; «мы робім гэта ў Расіі гэтак жа, як і ва Украіне».
Па словах гендырэктара кампаніі, дзейнасць Philips у Расіі сканцэнтравана на абслугоўванні і пастаўцы бальнічнага абсталявання, напрыклад, буйных медыцынскіх сканераў. Кампанія спыніла прадаваць у Расіі свае тавары для асабістай гігіены, але не ўсе: тавары для догляду за цяжарнымі жанчынамі прадаюцца.
Пры гэтым ён дадаў, што дзейнасць у РФ не з'яўляецца прыбытковай.
Нідэрландская асацыяцыя акцыянераў VEB на сходзе акцыянераў заклікала Philips спыніць сваю дзейнасць у Расіі. «Немагчыма заставацца нейтральным у гэтым канфлікце», — заявіў яе дырэктар Гербен Эвертс.