Расія адмяніла візавы рэжым з Грузіяй і аднавіла авіязносіны. Прэзідэнт Грузіі назвала гэта правакацыяй

Расія адмяніла візавы рэжым з Грузіяй з 15 мая і зняла забарону на палёты туды расійскіх авіякампаній. Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала гэта «чарговай правакацыяй» праз вайну Расіі супраць Украіны.

10.05.2023 / 14:33

Расія з 15 мая адмяняе візавы рэжым з Грузіяй. Такі ўказ падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Пра гэта стала вядома сёння. З 15 мая грамадзяне Грузіі змогуць уязджаць у Расію без афармлення віз на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць іх асобу. Выключэнне — грамадзяне Грузіі, якія едуць у РФ працаваць альбо плануюць заставацца ў краіне больш за 90 дзён для часовага знаходжання, у тым ліку ў мэтах атрымання адукацыі.

Акрамя таго, Пуцін зняў забарону на палёты расійскіх авіякампаній у Грузію, якая дзейнічала з чэрвеня 2019 года. Мінтранс РФ заявіў, што рыхтуецца аднавіць палёты ў Грузію.

Таксама МЗС Расіі адмяніла рэкамендацыю расіянам устрымлівацца ад паездак у Грузію.

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала скасаванне Расіяй візавага рэжыму для грамадзян яе краіны «чарговай правакацыяй».

«Аднаўленне прамых авіязносін і адмена візавага рэжыму з Грузіяй непрымальныя, пакуль Расія працягвае агрэсію супраць Украіны і акупуе нашу тэрыторыю!» — заявіла яна ў твітары.

Улады Грузіі не давалі сваёй згоды і на аднаўленне авіязносін.

Nashaniva.com