«Ізраіль не мае ілюзій датычна рэжыму Лукашэнкі». Святлана Ціханоўская сустрэлася з паслом Ізраіля
Пасол Ізраіля ў Літве Хадас Вітэнберг-Сільверштайн сёння наведала Офіс Святланы Ціханоўскай.
10.05.2023 / 15:37
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Падчас сустрэчы абмяркоўвалі сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, пагрозу размяшчэння ядзернай зброі, беларуска-ізраільскія культурныя сувязі і супрацу Ізраіля з дэмакратычнай Беларуссю. Пасол распавяла пра тое, што ўжо робіцца Ізраілем у сферы беларуска-ізраільскай культуры, у тым ліку пераклады кніг і іншае, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
«Мы адчуваем падтрымку і разуменне з боку Ізраіля. Мы бачым гатоўнасць Ізраіля да большай супрацы з дэмакратычнай Беларуссю — там няма ілюзій датычна рэжыму Лукашэнкі. Гэта добры знак», — сказала Святлана Ціханоўская.
Раней Ізраіль далучыўся да еўрапейскіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама вырашыў не дасылаць пасла ў Мінск.