Пад Бабруйскам бабёр забраўся ў двор. Што ні рабілі, а сыходзіць не хацеў, нават ратавальнікі былі бяссільныя
У двары бабёр нарабіў шуму: сабакі брахалі на няпрошанага госця, а той кідаўся на іх.
11.05.2023 / 08:33
У ноч з 5 на 6 мая ў міліцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Гарбацэвічы Бабруйскага раёна. Жанчына паведаміла, што да яе ў двор прабраўся бабёр і яна не можа выправадзіць няпрошанага госця. На месца выехалі ратавальнікі, піша «Вячэрні Бабруйск».
— Паведамленне нам паступіла прыкладна а першай гадзіне ночы, — распавёў ратавальнік Павел Пухальскі. — Неўзабаве мы прыбылі на месца — у адзін з прыватных падворкаў вёскі Гарбацэвічы. Нас сустрэла гаспадыня дома — жанчына гадоў 40. Яна распавяла, што да яе ў двор прабраўся бабёр, нарабіў шуму: сабакі брахалі на няпрошанага госця, а той кідаўся на іх. Сама жанчына спрабавала яго прагнаць — кідала ў яго палку, дровы, але ён і не думаў сыходзіць.
Я таксама ўзяў палку і паспрабаваў выправадзіць жывёлу за межы двара, але бабёр шыпеў і кідаўся на мяне. Я крыху разгубіўся, бо не ведаў, што гэтыя жывёлы бываюць настолькі агрэсіўнымі. За 10 гадоў службы ўпершыню сутыкнуўся на практыцы з такой сітуацыяй.
«Барацьба» наша доўжылася больш за гадзіну. Потым бабёр, відаць, стаміўся і ўжо не супраціўляўся гэтак актыўна. Мне ўдалося выштурхаць яго з двара на некалькі метраў у напрамку лесу.
Ён настолькі стаміўся, што проста лёг і ляжаў.
Я ўжо вырашыў, што з ім нешта здарылася. Нам сказалі дачакацца ветэрынара раёна. Мы з кіроўцам сядзелі ў машыне, нават не заўважылі адразу, як бабёр устаў і кудысьці накіраваўся. Выходжу з машыны, бачу — ён уздоўж дарогі кудысьці ідзе.
Кажу кіроўцу: «Трэба нам яго затрымаць, зараз ветэрынар прыедзе».
Затрымалі, дачакаліся ветэрынара і перадалі жывёлу. Што было далей, мы ўжо не ведаем.
МНС рэкамендуе:
Сустрэча з бабром хоць і бывае рэдка, але можа быць небяспечнай. Галоўная «зброя» бабра — моцныя зубы, якімі ён можа скарыстацца пры абароне. Пры сустрэчы з бабром не панікуйце, не падыходзьце да яго, не спрабуйце пагладзіць, не фатаграфуйце з успышкай, не карміце.
Чытайце таксама:
У Гродне ратавальнікі вызвалілі коціка з металічнай пасткі ВІДЭА
У Гомелі ратавальнікі ўратавалі ад вялікай вады коціка ВІДЭА