Ціхана і Дзевятоўскага мурыжаць

Слуханні ў Лазане па справе беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага перанесены з пачатку снежня на канец студзеня.

13.11.2009 / 11:01

Дзевятоўскі і Ціхан з тымі самымі медалямі.

Слуханні па справе беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага перанесены з 4—5 снежня 2009 года на 25—27 студзеня 2010 года,

паведамляе афіцыйны сайт Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане. Усе справы ў судзе разглядаюцца ў закрытым рэжыме.

11 снежня мінулага года дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта прыняла рашэнне

аб пазбаўленні медалёў пекінскай Алімпіяды 31‑гадовага Вадзіма Дзевятоўскага і 32‑гадовага Івана Ціхана
.

Яны абвінавачаны ва ўжыванні допінгу — гармону тэстастэрону. У фінальных спаборніцтвах Дзевятоўскі заняў другое месца, Ціхан — трэцяе.

У паведамленні, апублікаваным на сайце МАК, гаварылася, што спартсмены павінны вярнуць медалі і дыпломы. Пры гэтым Дзевятоўскаму пажыццёва забаронена браць удзел у Алімпійскіх гульнях, бо ён паўторна выкрыты ў прымяненні допінгу.

Спартсмены сваю віну не прызнаюць.
«Нашы аргументы ў справе Ціхана—Дзевятоўскага вельмі важкія і даюць шанц на выйгрыш», — заявіў 7 кастрычніка першы віцэ‑прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Генадзь Аляксеенка. Міністр спорту і турызму Алег Качан «на 60%» упэўнены, што Ціхан і Дзевятоўскі будуць апраўданы. Беларускія спартсмены сталі «закладнікамі выпадку», сказаў міністр на прэс‑канферэнцыі 22 верасня.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН