Расійскі генерал пачытаў, што пішуць у сацсетках, і запусціў фэйк
Каля 100 украінскіх беспілотнікаў спрабавалі атакаваць Маскву 9 траўня, але практычна ўсе атакі былі папярэджаныя, публічна заявіў генерал-маёр авіяцыі, старшыня прэзідыума арганізацыі «Афіцэры Расіі» Сяргей Ліпавой. Яго словы працытавала «РІА-Навіны», але неўзабаве сам генерал прызнаў, што распаўсюдзіў фэйк.
11.05.2023 / 17:21
Ліпавой сцвярджаў, што спробы нападаў 9 мая рабіліся з тэрыторыі як Украіны, так і Маскоўскай вобласці ў надзеі на тое, што дроны «нейкім чынам змаглі б дабрацца да Краснай плошчы і нанесці там нейкую шкоду».
«У выніку дзеянняў нашых сродкаў СПА, у выніку дзеянняў нашых падраздзяленняў РЭБ <…> частка была абясшкоджаная, пасаджаная, а частка была проста знішчаная», — заявіў генерал-маёр. Дадаўшы пры гэтым, што Украіна ўпершыню выкарыстала дроны амерыканскай распрацоўкі з максімальным радыусам дзеяння да 800 км.
Таксама Ліпавой сцвярджаў, што частка БПЛА, маўляў, была збітая ў Белгарадскай вобласці, некалькі беспілотнікаў «абясшкоджаныя» на тэрыторыі Курскай вобласці, на тэрыторыі Варонежа і на тэрыторыі Калужскай вобласці. У выніку «свята прайшло без заўваг», падкрэсліў генерал.
Але ўжо неўзабаве ён прызнаўся, што проста некрытычна паставіўся да інфармацыі з сацсетак:
«Інфармацыя пра 100 украінскіх дронаў, якія нібыта ляцелі на Маскву 9 мая, з'яўляецца неправеранай. Яна была атрыманая з неафіцыйных крыніц па публікацыях у сацыяльных сетках».
Ці будзе Сяргей Ліпавой цяпер прыцягнуты да адказнасці паводле расійскага рэпрэсіўнага «закона аб фэйках», не паведамляецца.
Чытайце таксама:
9 мая Маскву спрабавала атакаваць тры беспілотнікі UJ-22 — СМІ
Журналісты даведаліся, што за ветэраны сядзелі побач з Пуціным на парадзе 9 Мая