Міжнародная платформа для Беларусі, якая збірае доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, выпусціла справаздачу

Міжнародная платформа для Беларусі, якая збірае доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, выпусціла справаздачу па сітуацыі ў краіне. Для арганізацыі, што пастаянна адсочвае становішча ў Беларусі, такі дакумент ужо чацвёрты.

17.05.2023 / 15:09

Перш за ўсё платформа адзначае, што беларускія ўлады працягваюць атакаваць беларускіх актывістаў: праваабаронцаў, журналістаў, юрыстаў, прафсаюзных лідараў, палітычных дзеячаў і гэтак далей. Так, у справаздачы ўказана, што на канец сакавіка 2023 года колькасць палітвязняў у Беларусі складае 1474 чалавекі (па даных «Вясны» на 12 мая іх ужо 1483 чалавекі, «Дысідэнт» называе лічбу 1768).

У сакавіку, па даных праваабаронцаў «Вясны», 614 беларусаў былі арыштаваныя, не менш чым у 166 выпадках людзям былі прысуджаныя адміністрацыйныя арышты і ў 36 выпадках — штрафы. Платформа адзначае кейсы праваабаронцаў «Вясны», якія атрымалі ў сакавіку ад 7 да 10 гадоў зняволення, і завочныя прысуды Паўлу Латушку і Святлане Ціханоўскай — адпаведна 18 і 15 гадоў зняволення.

У краіне таксама працягваецца прымусовая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый — па даных на сакавік гэты працэс праходзіць цяпер не менш за 823 НКА.

Міжнародная платформа (яе курыруе шэраг недзяржаўных арганізацый) збірае, захоўвае і аналізуе інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. За перыяд з красавіка 2021 года платформа сабрала больш за 772 768 тэкстаў, відэа і фота, якія адлюстроўваюць сітуацыю ў краіне, а таксама перапрацавала і захавала ў лічбавыя архівы каля 20 тысяч дакументаў, звязаных з 2270 ахвярамі рэпрэсій. Таксама платформа дапамагае Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН з доступам да інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Эксперты платформы атрымалі запыты ад органаў крымінальнага пераследу чатырох еўрапейскіх краін, дзе іх папрасілі перадаць інфармацыю, сведчанні і аналітыку па сітуацыі ў Беларусі; адзін з такіх запытаў ужо задаволены.

Нарэшце, платформа працягвае аказваць псіхалагічную дапамогу ахвярам рэпрэсій у Беларусі і праводзіць кансультацыі і мерапрыемствы, звязаныя з праваабарончай працай і расследаваннямі злачынстваў супраць беларусаў.

Кейт Вігнесваран, кіраўніца платформы, пракаментавала для «Нашай Нівы» працу арганізацыі. Кейт падкрэслівае, што адна з галоўных задач для платформы — забяспечыць для ахвяр і сведкаў злачынстваў у Беларусі ўсю неабходную падтрымку, у тым ліку доступ да псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымкі, каб перажыць магчымую ў іх выпадку траўму, якая можа быць выкліканая перажытым. Таксама юрыстка звяртае ўвагу на яшчэ адну сферу, якую, паводле яе, часта недаацэньваюць — гэта доступ да юрыдычнай дапамогі і да інфармацыі па судовай вытворчасці.

Ці хопіць ужо сабраных доказаў, каб прыцягнуць беларускі рэжым да адказнасці?

«Калі вы кажаце пра крымінальны пераслед, думаю, усё залежыць ад канкрэтных выпадкаў, якімі маглі б заняцца праваахоўныя органы, і вельмі важна, які ў гэтых выпадкаў маштаб і да якіх злачынцаў будзе доступ у органаў пераследу. У выпадку з індывідуальнай крымінальнай адказнасцю пытанне ў тым, хто праводзіць крымінальнае расследаванне, хто [са злачынцаў] прысутнічае на тэрыторыі, дзе яно праводзіцца, і ў магчымасці іх прыцягнуць да адказнасці.

Калі гаворка пра адказнасць дзяржавы, то гэта іншае пытанне. У гэтым выпадку справа будзе за нейкай дзяржавай, якая мусіла б спрыяць завядзенню справы ў Міжнародным крымінальным судзе. Думаю, што на цяперашнім этапе дакладна магчыма заводзіць справу, калі грунтавацца на расследаваннях, што маюць месца цяпер. Але, канешне, усё будзе залежаць ад ходу расследаванняў і доступу да злачынцаў».

Вігнесваран тлумачыць, што расследаванне можа быць пачата як у Міжнародным крымінальным судзе, так і ў пэўнай краіне, дзе для гэтага будуць умовы. Юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда больш абмежаваная, бо Беларусь не падпісала Рымскі статут аб яго заснаванні. Таму цяпер юрысдыкцыя МКС можа датычыць Беларусі толькі ў выпадку злачынстваў, якія закранаюць тэрыторыю іншай краіны — падпісанта Рымскага статута, напрыклад, Польшчы ці Літвы.

У МКС былі пададзеныя скаргі пра дэпартацыю людзей праз мяжу ў суседнія краіны, і да іх патэнцыйна можа быць прымененая такая юрысдыкцыя. 

Завядзенне справы залежыць ад прававой базы краіны, якая магла б падаць такі пазоў, а таксама ад таго, ці з'яўляецца для іх расследаванне сітуацыі ў Беларусі адным з прыярытэтаў. Прававая база некаторых дзяржаў можа дазваляць ім расследаваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з дапамогай універсальнай юрысдыкцыі ці нейкай іншай экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі, або грамадзянін той ці іншай краіны можа быць ахвярай злачынства, здзейсненага ў Беларусі, і тады справай могуць заняцца ўнутраныя органы пераследу гэтай краіны, яны могуць скіраваць на гэта свае рэсурсы. Усё вельмі шмат залежыць ад іх жадання гэта зрабіць. Хаця ў некаторых краінах, дзе падаецца заява ахвяры, па тэхнічных правілах трэба яшчэ рабіць папярэдняе расследаванне, каб высветліць, ці мусяць органы гэтай краіны адкрываць справу.

«Думаю, шмат залежыць і ад таго, ці дастаткова доказаў па той ці іншай справе.

Адна з частак нашай працы — тое, што мы робім інфармацыю і доказы больш даступнымі для органаў расследавання, так што яны могуць працягнуць расследаванне, каб у выніку мець дастаткова інфармацыі для крымінальнага абвінавачання», — падсумоўвае юрыстка.

У Гомелі супрацоўніка ААТ «8 сакавіка» затрымалі проста на працоўным месцы

«Яна ў пастаяннай малітве». Прыйшла вестачка ад Алены Гнаўк

Што хвалюе беларускую моладзь і колькі з іх хочуць заставацца ў краіне

Вера Белацаркоўская