Святлана Ціханоўская ўжо два месяцы не мае інфармацыі пра мужа

Пра гэта палітык заявіла, выступаючы на 5-м форуме «Наша будучыня» ў Варшаве 12 мая, піша Радыё Свабода.

12.05.2023 / 14:18

Сяргея Ціханоўскага затрымалі тры гады таму, 29 мая 2020 года ў Гродне. Агулам ён асуджаны на 19 з паловай гадоў турмы

Ціханоўская расказала, што «з 2020 года праз турмы прайшлі больш за 60 тысяч чалавек»:

«Праваабаронцы ўжо страцілі лік палітвязням. Мы ведаем імёны 1,5 тысячы, але рэальная колькасць дасягае 5 тысяч. Яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, у поўнай ізаляцыі. Літаральна некалькі дзён таму адзін з іх, Мікалай Клімовіч, памёр у турме. Ён быў асуджаны за тое, што змясціў карыкатуру на Лукашэнку. Я нічога не чула пра свайго мужа з 10 сакавіка».

Ратуючыся ад жорсткіх рэпрэсій, адзначыла палітык, сотні тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну:

«Тут, у Польшчы, дзясяткі тысяч знайшлі бяспечнае прыстанішча. Нават у выгнанні яны працягваюць дабівацца перамен у Беларусі. Таму што ўсе мы хочам вярнуцца дадому».

Асобна яна спынілася на пераследзе польскай дыяспары ў Беларусі, згадаўшы гісторыю журналіста Андрэя Пачобута, якому прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі.

«Нават у турме ён не страчвае надзеі. І мы не павінны страчваць надзею на лепшую будучыню нават у самы цёмны час. За апошнія тры гады я зразумела, што шлях да свабоды не кароткі і ня лёгкі, але ён адзіна правільны. І ён патрабуе мужнасці. І салідарнасці», — сказала Ціханоўская.

Форум «Наша будучыня» — штогадовая імпрэза, на якой польскія школьнікі і студэнты сустракаюцца з палітыкамі, прадстаўнікамі навукі і бізнесу.

Nashaniva.com