Польшча дабіваецца, каб у новы санкцыйны пакет ЕС уключылі забарону на рэгістрацыю транспартных фірмаў з Беларусі і Расіі

Польшча дамагаецца ўключэння ў 11-ы пакет санкцый Еўрасаюза забароны рэгістрацыі ў краіне фірмаў з Беларусі і Расіі. Пра гэта заявіў міністр інфраструктуры краіны Анджэй Адамчык.

12.05.2023 / 22:59

Падчас страйку польскіх дальнабойнікаў

«Адносна нядаўна, перад майскімі святамі, прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі звярнуўся да Еўрапейскай камісіі з прапановай уключэння ў 11-ы пакет санкцый расійскіх і беларускіх аўтамабільных прычэпаў, а таксама забарону рэгістрацыі ў Польшчы фірмаў з расійскім і беларускім капіталам», — сказаў міністр.

Так чыноўнік пракаментаваў страйк польскіх транспартнікаў, які пачаўся 9 мая, а дальнабойнікі сталі блакаваць пункт пропуску ў Кукурыках — апошні на беларуска-польскай мяжы, які працуе для фур. Такім чынам яны хочуць выказаць сваю нязгоду з «захопам рынку аўтамабільных грузаперавозак на ўсход беларускімі і расійскімі кампаніямі».

Дальнабойнікі патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпам з беларускай і расійскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасць кампаній з дзвюх краін пад польскім прыкрыццём і абмежаваць ільготы для ўкраінскіх перавозчыкаў.

Чытайце таксама:

У чарзе на ўезд у Беларусь з боку Польшчы — каля 1000 фур

Польскія дальнабойнікі пачалі акцыю пратэсту на мяжы з Беларуссю

Nashaniva.com