У Еўропе падрыхтавалі рэкамендацыі па спрашчэнні легалізацыі беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій

Камітэт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах заклікаў еўрапейскія дзяржавы зрабіць «юрыдычныя і практычныя крокі» для прыняцця беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода».

13.05.2023 / 20:06

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«У аднагалосна ўхваленым праекце рэзалюцыі, заснаваным на дакладзе Пола Галеса (Люксембург), камітэт заявіў, што «беларускі народ — гэта не тое ж самае, што рэжым Лукашэнкі», і да яго не трэба ставіцца дыскрымінацыйным чынам праз удзел рэжыму ў вайне супраць Украіны », — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ПАРЕ.

Адзначаецца, што

«большасць беларусаў у выгнанні жадаюць толькі аднаго — вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь», але пакуль гэта не здарылася, уладам іншых дзяржаў трэба «зрабіць усё магчымае», каб беларусы маглі заставацца ў краінах, якія іх прымаюць, «на законных падставах» і ў «дастойных умовах».

Парламентарыі «віталі намаганні Літвы і Польшчы па пошуку прававых і практычных рашэнняў, якія даюць магчымасць зрабіць беларусаў у выгнанні больш жаданымі гасцямі», але

падкрэслілі, што «можна зрабіць больш», і заклікалі да «нестандартных рашэнняў».

«Камітэт падрыхтаваў шэраг практычных рэкамендацый па спрашчэнні легальнага ўезду і знаходжання [беларусаў] па-за межамі Беларусі, паездак па ЕС для «выгнаннікаў» і іх сем’яў, а таксама крокі па забеспячэнні іх абароны ад рэпрэсій, магчымасці доступу да сваіх банкаўскіх рахункаў і вядзення бізнэсу», — гаворыцца ў паведамленні.

«Дзяржавы і парламенты мусяць падтрымліваць дэмакратычныя сілы [Беларусі] у выгнанні, грамадзянскую супольнасць і адвакатаў, заахвочваць беларускую адукацыю і культуру рознымі спосабамі», — лічаць сябры Міграцыйнага камітэта ПАРЕ.

Чакаецца, што адпаведны даклад будзе вынесены на абмеркаванне ПАРЕ ў чэрвені.

Чытайце таксама:

Хваля эміграцыі ў 2021—2023 гадах — самая вялікая ў гісторыі Беларусі. Лічбы

«Людзі з'язджаюць з разуменнем, што хутка яны не вернуцца». Псіхолаг пра новую хвалю міграцыі з Беларусі

Летась беларусы ў Польшчы адкрылі амаль у 4 разы больш фірм, чым у 2020-м. Чым там займаюцца беларускія бізнэсоўцы

Nashaniva.com