«Нават пасля вяртання выліваю на сябе значна больш парфумы, чым рабіў гэта раней». Малады навуковец расказаў пра сваю працу ў Антарктыдзе

У 22 гады малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ Аляксей Барысавец стаў удзельнікам 15-й беларускай антарктычнай экспедыцыі. Прычым ад заканчэння ўніверсітэта да экспедыцыі прайшло літаральна некалькі месяцаў. Як такое стала магчымым, ён расказаў «Звяздзе».

14.05.2023 / 00:20

Фота: Яўген Пясецкі

Любімай кнігай героя гэтай публікацыі ў дзяцінстве быў прыгодніцкі раман Веніяміна Каверына «Два капітаны» — пра даследчыкаў-вандроўнікаў і пошукі зніклай шмат гадоў таму палярнай экспедыцыі… Ён вельмі любіў глядзець перадачы тэлеканалаў Dіscovery Channel і Anіmal Planet. Чытаў дзіцячы часопіс «Неўтаймаваныя дзеткі. Вакол свету», потым дарослы часопіс «Вакол свету».

А ў гады студэнцтва на вочы яму трапіла інфармацыя аб наборы маладых вучоных у кругасветнае плаванне: умовай была наяўнасць сваёй праграмы навуковых даследаванняў і абсталявання для іх правядзення. Ён моцна здзівіўся: аказваецца, такое ў наш час магчыма! І стаў шукаць людзей, якія дапамаглі б яму здзейсніць сваю мэту… 

Заявіць пра сябе…

«Сам я родам са Слуцка, там скончыў сярэднюю школу № 10. Мае бацькі — звычайныя людзі, якія ніякага дачынення да навукі не маюць: бацька — індывідуальны прадпрымальнік, а маці выкладае ў школе рускую мову і літаратуру.

Лічу, што мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі, — расказвае пра сябе Аляксей. — Фізіка захапіла літаральна з першых урокаў і першых відовішчных эксперыментаў, якія педагог дэманстраваў на вучэбных занятках. Асабліва ўдзячны Івану Паўлавічу Лазоўскаму, які рыхтаваў каманду да рэспубліканскіх турніраў юных фізікаў.

Таму нядзіўна, што пасля заканчэння школы я абраў для далейшага навучання факультэт радыёфізікі БДУ, спецыяльнасць «камп’ютарная бяспека». Праўда, на першым курсе трохі разгубіўся, хапаўся за ўсё, спрабаваў рэалізоўваць сябе і ў канструктарскай справе, і ў праграмаванні… Але пасля таго, як даведаўся пра магчымасць трапіць на борт судна і адправіцца ў кругасветную вандроўку, пачаў шукаць навуковых кіраўнікоў.

Так я пазнаёміўся з людзьмі, якія былі паглыбленыя ў антарктычную тэматыку. Трапіў у Нацыянальны навукова-даследчы цэнтр маніторынгу азонасферы БДУ. З другога курса пачаў там працаваць. Шмат кантактаваў з вучонымі, прысутнічаў і ўдзельнічаў у канферэнцыях, прысвечаных антарктычнай тэматыцы, спрабаваў неяк пра сябе заявіць. На факультэце вельмі добра выкладаюць электроніку і оптыку, гэтыя веды мне вельмі спатрэбіліся…

Пасля заканчэння вучобы Аляксей размеркаваўся па месцы сваёй фактычнай працы. І менавіта Цэнтр маніторынгу азонасферы і падрыхтаваў яго для ўдзелу ў чарговай беларускай антарктычнай экспедыцыі.

Арганізатарам экспедыцый выступае Нацыянальная акадэмія навук і Рэспубліканскі цэнтр палярных даследаванняў НАН. Розныя навуковыя ўстановы прапануюць сваіх кандыдатаў з праграмай навуковых даследаванняў, якія тыя збіраюцца там рэалізоўваць. Гэта вельмі важны пункт, бо экспедыцыя — не звычайнае падарожжа і не экстрэмальны турызм.

Калі навуковая праграма зацвярджаецца і кандыдат падыходзіць па ўзроўні сваёй падрыхтоўкі, далей ён праходзіць вельмі строгае медыцынскае абследаванне і псіхалагічнае тэсціраванне, яго чакаюць нагрузачныя кардыятэсты, светлавыя тэсты на асацыяцыі…

«Работа палярнікаў у Антарктыдзе — рамесная, карпатлівая, фізічна цяжкая, і слабы там проста не выжыве, — неаднаразова казаў кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў. — Там шмат фізічнай працы. Перамяшчэнне грузаў у Антарктыдзе адбываецца па лёдзе і на моцным ветры, таму сярод патрабаванняў — добрае здароўе, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы.

Але галоўнае ва ўмовах ізаляцыі ад Вялікай зямлі, — поўная псіхалагічная сумяшчальнасць удзельнікаў экспедыцыі, іх кантактнасць, камунікабельнасць і маральна-валявыя якасці, каб можна было цалкам давяраць чалавеку, што знаходзіцца побач».

Аляксей канстатуе: так як усю адказнасць за тое, што адбываецца ў Антарктыдзе, бярэ на сябе начальнік экспедыцыі, то апошняе слова — каго з прэтэндэнтаў узяць на лядовы кантынент — застаецца за ім.

Дарога на шосты кантынент

«Каб трапіць у экспедыцыю, якая стартуе восенню, я не стаў паступаць у магістратуру, — працягвае свой аповед наш суразмоўнік. — Мы адправіліся ў Антарктыду даволі рана — у кастрычніку.

Нас было дзве групы. Першай задачай было дабрацца да Кейптаўна. Там у нас была сямідзённая самаізаляцыя, а калі каранцін скончыўся, надвор’е сапсавалася. Давялося чакаць, калі яно палепшыцца, і толькі потым мы змаглі паляцець на расійскую палярную станцыю «Навалазараўская». У гэтую групу з дзесяці чалавек увайшоў і я.

Там зноў у нашы планы ўмяшалася надвор’е, таму на беларускую станцыю каля гары Вячэрняя дабраліся толькі 18 лістапада. Яшчэ двое нашых супрацоўнікаў адправіліся з Кейптаўна ў Антарктыду на расійскім навукова-экспедыцыйным судне «Акадэмік Фёдараў». Яно займаецца забеспячэннем нашай і расійскіх палярных станцый, плюс на ім праводзяцца навуковыя даследаванні.

У канцы снежня «Акадэмік Фёдараў» даставіў нам асноўны груз, высадзіў двух беларускіх хлопцаў, а мяне і біёлага забраў. І далейшы шлях уздоўж узбярэжжа Антарктыды мы пераадолелі на борце карабля. У агульнай колькасці правялі на ім 2,5 месяца…

Па маршруце наведалі расійскія станцыі «Прагрэс» і «Мірны». Потым вярнуліся ў Кейптаўн. Там селі ў самалёт да Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, адтуль накіраваліся ў Маскву і толькі потым — у Беларусь.

А дзесяць палярнікаў засталіся на нашай станцыі да 24 красавіка. У Беларусь яны вернуцца толькі ў чэрвені, і гэта будзе рэкордная па працягласці экспедыцыя. Такім чынам будзе пабіты рэкорд 14-й беларускай антарктычнай экспедыцыі — 184 дні.

«Ведаў усе сцяжынкі»

Непасрэдна на беларускай антарктычнай станцыі Аляксей Барысавец правёў пяць тыдняў. Цікавімся ў хлопца, ці супалі яго ўяўленні аб тым, што яго чакае ў Антарктыдзе, з тым, што ён убачыў?

«Я вельмі шмат кантактаваў з людзьмі, якія там былі да мяне, настолькі шмат, што ведаў да дробязяў, дзе што знаходзіцца на станцыі, як што працуе, пра ўсе маршруты і сцяжынкі. Але ўсё роўна ў плане эмоцый падрыхтавацца немагчыма, — канстатуе Аляксей. —

Асноўны пейзаж — снег да гарызонту (хоць мы і знаходзімся там падчас антарктычнага лета) і вялізныя ўцёсы ледавікоў. Паварочваешся, а перад табой раскінуўся акіян і айсбергі фантастычных памераў…

З гары Вячэрняя акіян відаць вельмі далёка. На жаль, мне не пашанцавала ўбачыць непасрэдна момант утварэння айсберга, я нават крыху засмуціўся з гэтай нагоды. Але калі клаўся спаць, бачыў, што айсберг знаходзіцца ў адным становішчы, а раніцай назіраў, як далёка за ноч гэты «гмах» перамясціўся…

Кожны дзень на палярнай станцыі пачынаецца з мэтэаралагічнай зводкі, якую агучвае начальнік экспедыцыі. Гэта вельмі важная інфармацыя дапамагае спланаваць свой дзень у плане правядзення навуковай работы.

У тэхнічных спецыялістаў — таксама шмат задач. Да таго ж у палярнікаў ёсць розныя камплекты адзення, трэба выбраць той, што падыходзіць для сённяшняга надвор’я.

Сняданак сумесны, падчас яго можна абмеркаваць, хто чым будзе займацца. Магчыма, камусьці патрэбная старонняя дапамога. З агульных абавязкаў — дзяжурства па кухні, якое ўключае прыборку снегу вакол нашага «кампуса». Кухня і кают-кампанія размяшчаюцца ў асобным модулі.

Усе члены экспедыцыі інфармуюць пра свае маршруты, бо здараюцца выезды на тэхніцы на вялікую адлегласць ад станцыі. Дамаўляемся пра кантрольны час для выхаду на сувязь і час вяртання. Рацыя абавязкова павінна быць у кожнага з сабой. Крытычная сітуацыя можа ўзнікнуць у любога.

Абед зноў сумесны. Пасля яго работа працягваецца. А пасля вячэры ва ўсіх ёсць вольны час, якім можна самастойна распараджацца.

Адчуць сябе крышачку дома…

Аляксей акрамя працоўнага прыхапіў з сабой і ўласны ноўтбук. У вольную хвілінку глядзеў кінастужкі, пераважна на англійскай мове, напрыклад, «Жыццё цудоўнае», перагледзеў усяго «Гары Потэра». Чытаў кнігі Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава на беларускай мове.

Дарэчы, у экспедыцыю дазваляецца браць 23 кілаграмы асабістага багажу і столькі ж — навуковага абсталявання. Усім выдаюцца спецыяльныя кліматычныя касцюмы — аблегчаны і больш цёплы варыянт. Абавязковы пункт — тэрмабялізна і швэдры. Суразмовец прызнаецца, што спецыяльна браў з сабой яркія рэчы, бо ад заснежанага пейзажу вельмі стамляешся.

Прыхапіў і дробныя талісманы, напрыклад, пінгвіна — навагоднюю цацку. Браў яе з сабой і фатаграфаваўся на фоне жывых пінгвінаў. Знайшлося месца ў багажы і для шаліка любімай футбольнай каманды «Крумкачы». А яшчэ, як высветлілася, Аляксей вельмі любіць салодкае, таму выдзеліў месца ў багажы і для шакаладу.

Дарэчы, харчаванне ў Антарктыдзе вельмі разнастайнае: у меню ёсць і гародніна, і садавіна. Некалькі апошніх гадоў за яго адказвае самы сапраўдны кухар Сяргей Люты.

«Яго можна назваць душой кампаніі. Гэта чалавек, які вельмі любіць сваю работу. Ён разумее, што прыём ежы — той рэдкі момант, калі палярнік можа расслабіцца, адпачыць і адчуць сябе крышачку дома, таму да гатавання страў Сяргей падыходзіць вельмі крэатыўна. Можа прыгатаваць, напрыклад, малочны кактэйль і ўпрыгожыць яго ці парадаваць усіх тортам. Шкада, што я не прысутнічаў за навагоднім святочным сталом, паспеў толькі ўбачыць, як упрыгожваюць ялінку…»

Заўсёды на сувязі

Вядома, пасля запуску спадарожнікавага інтэрнэту (раней была спадарожнікавая тэлефанія) знаходжанне ў ізаляцыі значна спрасцілася. Інтэрнэт-сістэма новага пакалення дазваляе перадаваць вялікія аб’ёмы навуковай інфармацыі, фота— і відэаінфармацыі, карыстацца сучаснай тэлемедыцынай. А члены экспедыцыі могуць без праблем кантактаваць са сваімі роднымі ў месенджарах, прычым быць з імі на відэасувязі.

Умовы, у якіх цяпер жывуць і працуюць беларускія палярнікі, можна назваць нават камфортнымі. Першы аб’ект беларускай антарктычнай станцыі з’явіўся ў 2015 годзе — гэта быў модуль кіравання сувязі і навігацыі. А далей адбывалася паступовае нарошчванне інфраструктуры.

Цяпер там ёсць навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, тэхналагічны модуль кантролю электраэнергіі, санітарна-гігіенічная секцыя з душавымі, пральнымі машынамі, кухня і кают-кампанія, секцыя-саўна з пакоем для адпачынку, медыцынскі модуль са сваёй аперацыйнай, а таксама сучасныя гаражныя боксы з поўным наборам абсталявання для рамонту снегаходнай і ўсюдыходнай тэхнікі, радыёпразрыстае сховішча (купал) для антэны спадарожнікавай сувязі, якое дае магчымасць пасля завяршэння сезона не дэмантаваць антэну кожны раз. Сістэма раздачы сігналу Wі-Fі запушчаная на ўсёй тэрыторыі станцыі. Можна размаўляць з любога пункта як у спрыяльныя метэаўмовы, так і ў неспрыяльныя.

Аляксей пабываў на некалькіх расійскіх палярных станцыях і ацаніў перавагі беларускай, дзе ў кожнага ёсць свой пакой, усе аб’екты размешчаныя вельмі кампактна, што зручна для работы, а сувязь — на найвышэйшым узроўні…

«Разумееце, там на многія сотні і нават тысячы кіламетраў нікога няма. Найбліжэйшая да нас — японская палярная станцыя, дзе мы садзіліся для дазапраўкі палівам, калі ляцелі на сваю базу. Яна знаходзіцца за сотні кіламетраў, — расказвае Аляксей. — Па зямлі ніхто і ніколі такія адлегласці не пераадольваў.

Але страху няма, таму што ёсць пастаянная сувязь з Вялікай зямлёй. Станцыя вельмі добра абсталяваная. Нават калі штосьці здарыцца, то ў экспедыцыі ёсць свой доктар. Калі ў мяне аднойчы паднялася тэмпература, ён адразу заспакоіў, сказаў, што на інфекцыі там не хварэюць (вірусы проста не выжываюць), а тэмпература магла ўзняцца з-за таго, што я фізічна ператаміўся.

Пакуль што сур’ёзнай работы для нашага доктара не было. Усе звароты па дапамогу — гэта пераважна траўмы, звязаныя з цяжкай фізічнай працай. Але яго прысутнасць вельмі важная для псіхалагічнага спакою членаў экспедыцыі… Медыцынскі модуль аснашчаны сучасным дыягнастычным і аперацыйным абсталяваннем, якое дазваляе ў выпадку неабходнасці правесці нават складаныя хірургічныя ўмяшанні.

Праверка навуковай гіпотэзы

Для сябе, як для азонаметрыста, Аляксей так сфармуляваў «дрэннае надвор’е» ў Антарктыдзе — гэта адсутнасць сонца, бо большасць даследаванняў звязана з сонечнай радыяцыяй.

Яго курсавая і дыпломная работы ва ўніверсітэце былі прысвечаныя распрацоўцы паглыбной сістэмы, якая вымярае, да якой глыбіні ультрафіялетавыя прамяні пранікаюць у ваду. На падставе гэтай інфармацыі можна рабіць высновы, як ён уплывае на мікраарганізмы, якія там жывуць. Прыбор, які мае аптычную і электронную частку, можна апусціць на глыбіню да 50 метраў.

Аляксей праводзіў даследаванні не толькі ў акіяне, але і ў антарктычных азёрах, якія, што цікава, не замярзаюць. Там жывуць унікальныя для іншага свету мікраарганізмы.

«Мы ўзялі на сябе задачу — даследаваць, як водныя расліны фотасінтэзуюць, як ультрафіялетавыя прамяні ўплываюць на цеплавы баланс, плюс вывучыць яго шкоднае ўздзеянне, — расказвае малады вучоны. —

У біёлагаў была гіпотэза, чаму ў адным возеры жывуць пэўныя мікраарганізмы, а ў падобным возеры, якое знаходзіцца на адлегласці ўсяго за некалькі кіламетраў, іх няма: яны выказалі меркаванне, што ультрафіялетавыя прамяні пранікаюць па-рознаму ў гэтыя азёры, дзесьці іх вельмі шмат і яны аказваюць шкоднае ўздзеянне на ўсё жывое.

Я працаваў паралельна з біёлагам Віталем Лукіным. Нас абодвух забраў «Акадэмік Фёдараў», каб мы маглі праводзіць на яго борце свае даследаванні практычна ўздоўж усяго антарктычнага ўзбярэжжа. Прадугледжваліся спецыяльныя прыпынкі для правядзення навуковых работ, мы высаджваліся на расійскіх палярных станцыях, дзе таксама праводзілі вымярэнні ў азёрах».

Увогуле, жывёльны свет Антарктыды — гэта асобная тэма. Адна з самых цікавых жывёл — птушка паморнік, якая падбірае падлу. Яны ў перыяд гнездавання даволі агрэсіўныя, і чалавек, які не ведае, што праходзіць побач з іх гняздом, можа стаць нават аб’ектам нападу.

«За паморнікамі насамрэч цікава назіраць, — расказвае Аляксей. — Яны вельмі разумныя, шумныя, цікаўныя, і ў іх ёсць свая тактыка. Напрыклад, калі яны палююць на яйкі пінгвінаў, то адна птушка адцягвае на сябе ўвагу, а іншыя ў гэты момант нападаюць.

Палярнікі вельмі любяць паляжаць на камянях, якія на сонцы добра награваюцца. Дык вось, калі я так аднойчы задрамаў на сонейку, паморнік спачатку паспрабаваў сцягнуць мой капюшон з галавы, а потым яго зацікавіў мой заплечнік.

Паморнікі кралі ў нас і конаўку ад тэрмаса, і пальчаткі, а ў біёлага ледзьве не скралі ўзоры ў скрынцы. Адзін паморнік знаходзіцца ў полі твайго зроку, а іншыя ў гэты момант спрабуюць штосьці сцягнуць. Сапраўдная «банда»…

Побач з беларускай антарктычнай станцыяй ёсць вялікая калонія пінгвінаў Адэль. Калі ў іх заканчваецца перыяд гнездавання, яны падыходзяць вельмі блізка да людзей. Для чалавека гэта адносна невялікая адлегласць, але не для іх. Пінгвіны вельмі таварыскія. Галоўнае — не браць іх птушанят у рукі.

Увогуле, прамыя кантакты з прадстаўнікамі жывёльнага свету забароненыя. Можна толькі падысці на пэўную адлегласць да цюленяў і назіраць за імі. Цюлень пазяхае, і ты, гледзячы на яго, пачынаеш пазяхаць разам з ім — аказваецца, такі эфект назіраецца не толькі сярод людзей (смяецца).

Увогуле, гэта фантастыка, я не ўяўляю, каб у Беларусі дзікія жывёлы так шчыльна ўзаемадзейнічалі з чалавекам. Між іншым, цюлень, які важыць 300—400 кілаграмаў, можа вельмі хутка рвануць з месца ў твой бок. Таму трэба быць вельмі асцярожным і ўсё ж такі захоўваць бяспечную дыстанцыю.

Ну як жа без гумару?

Пытаемся ў Аляксея, а як дасведчаныя палярнікі ставяцца да навічкоў у экспедыцыі?

«Я быў такі не адзін. Усіх, хто ў Антарктыду накіроўваўся ўпершыню, адпраўлялі ў Санкт-Пецярбург, дзе мы праходзілі курсы па выжыванні. Таксама ў Рэспубліканскім цэнтры палярных даследаванняў была серыя інструктажоў па бяспечных паводзінах у Антарктыдзе. Таму мы ўсе перазнаёміліся паміж сабой і пасябравалі. Але ўсё ж досвед людзей, якія правялі ў Антарктыдзе шмат часу, вельмі каштоўны, ён павінен перадавацца маладым.

Усе палярнікі маюць добрае пачуцце гумару. Яно проста дапамагае выжыць ва ўмовах ізаляцыі. З навічкоў жартуюць, але жартуюць па-добраму. Ёсць шмат баек, нават не заўсёды разумееш, верыць у іх ці не. Так, ёсць павер’е, што для таго, каб вярнуцца ў Антарктыду, трэба пакінуць там сваю фатаграфію. Дык вось адзін палярнік усё вяртаецца і вяртаецца, смяецца, што ніяк не можа прыгадаць, дзе і пад якім каменем тую фатаграфію пакінуў…»

А чаго асабліва не хапала ў экспедыцыі?

«Так як мы з калегам вельмі шмат часу правялі на караблі, нам з ім часта хацелася проста прагуляцца па зямлі, хоць, на шчасце, ад марской хваробы я не пакутаваў. Вочы стамляліся ад усіх адценняў белага колеру, і хацелася ўбачыць штосьці зялёнае. Там радуюць вока толькі рэдкія мхі і лішайнікі на скалах, якія добра праграваюцца сонцам. Яны там нейкага незвычайна прыгожага зялёнага колеру.

А яшчэ аднойчы мы з Віталем адначасова захацелі… пракаціцца на метро. Адзін сказаў услых, а другі пра гэта, як высветлілася, думаў.

Не хапае ў Антарктыдзе і пахаў, таму з сабой раяць браць туалетную ваду і парфумерыю з рэзкімі водарамі. Я заўважыў, што нават пасля вяртання выліваю на сябе значна больш парфумы, чым рабіў гэта раней. Пакуль звычка застаецца», — усміхаецца Аляксей.

Пасля вяртання дамоў эмоцыі доўга не давалі заснуць. Прайшоў ужо амаль месяц, а Антарктыда ўсё яшчэ не адпускае, сніцца па начах. Дарэчы, снілася яна і падчас экспедыцыі. «Заснуў… і ты зноў у Антарктыдзе, — смяецца Аляксей. — Але ў тых снах былі і калегі, і родныя, і сябры, якія засталіся дома».

На пытанне, ці гатовы зноў адправіцца ў экспедыцыю, малады вучоны імгненна адказвае: «Гатовы ехаць хоць сёння. Я ўжо паспеў адпачыць. Спадзяюся трапіць у склад 16-й беларускай антарктычнай экспедыцыі».

А вось наконт магчымасці зімоўкі ў Антарктыдзе ён задумаўся і шчыра прызнаўся: «Напэўна, пагадзіўся б, хоць гэта ўжо крышку іншая гісторыя — быць цалкам адрэзаным ад Вялікай зямлі, калі спыняецца марскі рух у зоне базіравання станцыі і любыя транспартныя сувязі са знешнім светам адсутнічаюць.

Ёсць меркаванне, што здзейсніць выратавальную аперацыю прасцей у космасе, чым у Антарктыдзе. Да такога выпрабавання трэба псіхалагічна падрыхтавацца».

Між іншым, паводле сусветнай статыстыкі, толькі ад 25 да 35 працэнтаў палярнікаў вяртаюцца ў Антарктыду зноў. У нас жа гэты паказчык перавышае 50 працэнтаў…

Чытайце таксама:

Бізнэсмен Падкарытаў пабываў у Антарктыдзе і ўзняў там бел-чырвона-белы сцяг — вялікая гутарка + ФОТЫ

Біёлаг Зміцер Лукашанец расказвае пра экспедыцыю ў Антарктыду, заробкі навукоўцаў і беларускамоўную школу для сына

Ці ёсць у Антарктыдзе беларусы? Распавядае палярнік

Nashaniva.com