Марзалюк прыдумаў, як патлумачыць розніцу паміж прыхільнікамі бела-чырвона-белага і чырвона-зялёнага сцягоў

На тэму дзяржаўнай сімволікі дэпутат Ігар Марзалюк разважаў у эфіры «Беларусь-1».

14.05.2023 / 20:36

Ігар Марзалюк. Скрын відэа «Беларусь-1»

«Тыя, хто за чырвона-зялёны сцяг, за гэты герб і за наш сучасны гімн — гэта людзі, якія арыентуюцца на зусім іншыя геапалітычныя і сацыяльна-культурныя каштоўнасці. Гэта людзі, якія не хочуць вайны ні з адным з братніх народаў, яны нічога не бачаць дрэннага ў шчыльным супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй, гэта людзі, якія працягваюць традыцыйную беларускую ідэнтычнасць», — заявіў Марзалюк, не патлумачыўшы, што ж ён мае на ўвазе пад той ідэнтычнасцю.

«Тыя, хто арыентаваны на НАТА, на Пентагон, тыя, хто арыентаваны на Заходнюю Еўропу, тыя аб'ядноўваліся пад супрацьлеглымі сімваламі. Калі ты падымаеш бела-чырвона-белы сцяг, то гэта азначае толькі адно: ты катэгарычна супраць сучаснай палітыкі, сучаснай Канстытуцыі і ты хочаш, каб твая краіна стала прадмесцем Еўрасаюза і блока НАТА. І ты марыш пра ракеты натаўскія на ўзроўні Оршы, скіраваныя на Смаленск», — транслюе дэпутат.

Ён абурыўся заявай, што ў 2020-м нарадзілася новая нацыя.

«Ну а мы з вамі хто, ватнікі, каларады? Ні больш ні менш для іх», — звярнуўся ён да прапагандыста АНТ.

Марзалюк паўтарыў таксама любімую легенду прапаганды пра «спальванне вёсак пад бела-чырвона-белымі сцягамі». Ніводнага факта, які б гэта пацвярджаў, гісторыкам невядома.

Таксама Марзалюк назваў вайну ва Украіне «СВО» (спецыяльнай ваеннай аперацыяй) — тэрмінам, які выкарыстоўвае расійская прапаганда.

Nashaniva.com