«Я здольная перажыць амаль усё». Два з паловай гады Кацярына Андрэева ў зняволенні 

30 месяцаў знаходзіцца ў няволі тэлежурналістка Кацярына Андрэева. У лісце на волю яна напісала пра тое, што дазваляе ёй «трымацца на плыву». Урывак з ліста апублікаваў муж Кацярыны Ігар Ільяш. 

15.05.2023 / 14:50

«Такім чынам, што ж да гэтага часу ўтрымлівае мяне «на плыву»? Каханне? Пачуццё гумару? Няўтольная прага жыцця? Мабыць, усе гэтыя фактары разам.

Ісціна ў тым, што, як мне падаецца, я належу да тыпу людзей, здольных перажыць амаль усё. Не без выдаткаў — і я сама ўсведамляю і прызнаю, якога кшталту дапамога мне патрэбна.

Але яшчэ ведаю, што ўсё роўна спраўлюся. Гэткая бабуля ў калье ад Ціфані, якая затуляе маршчыністыя запясці элегантнай сукенкай, каб падсцёртыя лічбы не кідаліся ў вочы гасцям, пакуль унукі наліваюць віно ў куфаль на чарговы Песах. «Дзе яно ўсё? Усё адышло. А я — вось яна!» І ўсміхаецца ўсмешкай Джаконды», — напісала Кацярына.

Паводле падлікаў Ігара, 15 мая мінулі 2,5 гады ад моманту затрымання Кацярыны Андрэевай. Яе разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай схапілі 15 лістапада 2020-га ў Мінску падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі ў памяць пра забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Спачатку абедзвюх журналістак пакаралі адміністрацыйным арыштам, але неўзабаве справу перакваліфікавалі ў крымінальную паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук падтрымала патрабаванне пракуроркі Аліны Касьянчык і пакарала дзяўчын 2 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. 

Дар'я Чульцова цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зняволення і летась 3 верасня выйшла на волю. Цяпер яна ў бяспецы за мяжой. 

Кацярыне ж выставілі новае абвінавачанне — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). На пачатку ліпеня справу ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка, які ў выніку прысудзіў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Nashaniva.com