Абмежавалі выезд з краіны для «палітычных», чыноўнікаў і сілавікоў

У Беларусі змянілі закон аб парадку выезду з краіны і ўезду грамадзян Рэспублікі Беларусь. У яго ўнесеныя папраўкі, якія былі апублікаваныя сёння, 16 мая, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент атрымаў статус закона. «Зеркало» расказвае, каму абмежавалі выезд за мяжу.

16.05.2023 / 08:39

Забарона для «палітычных адміністратыўшчыкаў» і з дазволу КДБ

КДБ зможа абмежаваць выезд не толькі тым, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Забарона можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю — не паведамляецца.

Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання, — у мэтах забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу».

Раней абвінавачаных з Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, хто ўжо атрымаў штраф і не аплаціў яго. Цяпер жа выезд будзе забаронены і тым, у дачыненні да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне судом пакуль яшчэ не прынятае.

У «правапарушэнні супраць парадку кіравання» ўваходзяць так добра знаёмыя беларусам «палітычныя» артыкулы КаАП: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і гэтак далей.

Забарона для сілавікоў

Вышэйшыя чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу толькі пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам. А менавіта:

Выезд з Беларусі «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў, якія ажыццяўляюць забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, якім прадастаўлены допуск да дзяржаўных сакрэтаў», будзе вызначацца ўрадам.

У гэтым законе пазначана, што выезд за мяжу сілавікоў будзе «вызначацца лакальным прававым актам» адпаведных ведамстваў. Верагодна, у іх будзе замацаваная норма «па ўзгадненні з кіраўніцтвам». Гэта будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб грамадзянскага персаналу воінскіх фармаванняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:

У законе таксама адзначана, што ім можа быць адмоўлена ў выездзе з краіны «ў мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду».

Акрамя таго, у выпадку наяўнасці ў гэтай катэгорыі асоб біяметрычнага пашпарта на час службы яны абавязаныя перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.

Калі ўводзяцца гэтыя забароны?

Забарона для «палітычных адміністратыўшчыкаў» — праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання гэтага закона.

Іншыя палажэнні — пасля афіцыйнага апублікавання гэтага закона.

Законапраект паступіў у парламент летам мінулага года. Дакумент быў прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў у кастрычніку мінулага года, а ў другім чытанні — у красавіку гэтага года. Пры гэтым у яго ўносілі праўкі: напрыклад, у спіс тых сілавікоў, каму могуць адмовіць у выездзе за мяжу, унеслі егераў.

Законапраект ухвалілі ў Савеце Рэспублікі, а пасля яго падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Nashaniva.com