Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у карцары. За год яна правяла там 200 сутак

За няпоўныя 11 месяцаў знаходжання ў калоніі Паліну 20 разоў каралі штрафным ізалятарам і агулам яна правяла там 200 сутак.

16.05.2023 / 11:47

Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у карцары. Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.

«З Палінай зноў знікла сувязь, яна зноў у ШІЗА жаночай калоніі №24 (Зарэчча). Паліну кінулі ў карцар яшчэ 2 мая, і па стане на 15 мая яна яшчэ знаходзілася там. Адміністрацыя калоніі на развітанне вырашыла дадаткова паздзеквацца і давесці колькасць катавальных сутак у нечалавечых умовах да круглай лічбы. За няпоўныя 11 месяцаў знаходжання ў калоніі Паліна 20 разоў каралася штрафным ізалятарам і агулам правяла там 200 сутак.

Найбліжэйшымі тыднямі Паліна будзе этапаваная ў ІЧУ г. Рэчыцы, дзе яе чакае ўжо новы суд і тэрмін. Але дакладная дата суда пакуль не вядомая».

Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі на пачатку студзеня 2021 года і затым асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. На волю яна павінна была выйсці летам.

Але ў мінулым годзе яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ аднаго года калоніі. У красавіку 2023 года супраць яе завялі ўжо новую справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». 

Падтрымайце палітзняволеную: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.

Чытайце таксама:

Палітзняволеную Шарэнда-Панасюк за два з паловай месяцы чацвёрты раз упяклі ў ШІЗА

Ці часта ўжо асуджаным палітвязням узмацняюць пакаранне?

Nashaniva.com