Гэтыя спартоўцы знайшлі сябе на дзяржТБ
Калі надыходзіць час шукаць замену спартовым арэнам, некаторыя атлеты выбіраюць шлях на ТБ. «Наша Ніва» расказвае пра тых, хто некалі прыносіў краіне медалі, а цяпер мільгае на лукашэнкаўскіх каналах.
19.05.2023 / 20:50
Любоў Чаркашына («Наша раніца», АНТ)
Фота: youtube.com
35-гадовая Чаркашына ў свой час была адной з топавых беларускіх гімнастак. Берасцейка прывозіла медалі з чэмпіянатаў Еўропы і свету, а летам 2012 года выйграла ў Лондане бронзу Алімпіяды, прайграўшы тады толькі дзвюм расіянкам — Яўгеніі Канаевай і Дар’і Дзмітрыевай. Нагадаем, што да дыскваліфікацыі расійскіх спартсменаў з міжнародных спаборніцтваў тыя лічыліся ў мастацкай гімнастыцы практычна непераможнымі.
Любоў сышла з вялікага спорту ў канцы 2012 года. Экс-гімнастка знайшла сябе ў трэнерстве: цяпер яна — старшая трэнерка беларускай зборнай па мастацкай гімнастыцы, а таксама член выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Знаходзячыся ў сістэме дзяржспорту, Чаркашына дэманструе ёй сваю лаяльнасць. Напрыклад, у 2015-м годзе яна стала даверанай асобай Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, а пасля прысутнічала на яго інаўгурацыі. Пасля 2020-га жанчына таксама сябе праявіла — згадаем хаця б яе подпіс пад адкрытым праўладным лістом спартоўцаў, а таксама тое, што яшчэ са снежня 2020-га чыноўніца пад санкцыямі як адна з членаў выканкама НАК.
Вядома, не ўсе беларусы згодныя з такім меркаваннем сваёй былой зоркі. Некаторыя даходзяць і да хэйту ў яе адрас, і Чаркашына прызнавалася: такія каментары чысціць, але не забывае рабіць іх скрыншоты, і яны нібыта «чакаюць свайго часу».
У сакавіку мінулага года Чаркашына далучылася да каманды «Нашай раніцы», што на АНТ. Экс-гімнастка вядзе выпускі, што выходзяць па суботах, і новая праца ёй прыйшлася даспадобы: «Мне вельмі падабаецца фармат праграмы. Да мяне ў студыю прыходзяць госці з абсалютна розных сфер, і гэта так здорава!»
Любоў Чаркашына ў той жа час застаецца адной з трэнерак нацыянальнай зборнай па гімнастыцы. Гэтаксама, як яе падначаленыя, жанчына перажывае наступствы спартовых санкцый у адрас Беларусі — за саўдзел лукашэнкаўцаў у вайне ва Украіне беларускія атлеты адхіленыя ад міжнародных турніраў шмат у якіх відах спорту. Падпісантка праўладнага ліста выдала наконт гэтага шмат перажыванняў: «Дзяўчаткі [са зборнай] сачылі за трансляцыямі [чэмпіянату свету па гімнастыцы], і некаторыя гэтымі днямі з цяжкасцю прымушалі сябе выходзіць на трэніроўкі. Вельмі раздражняла разуменне, што ты мог і павінен быў зараз быць там і змагацца за медалі. Гэтыя думкі з галавы выгнаць немагчыма. Крыўдна ўсведамляць, што гімнасткі, якія гатовыя паказваць на сусветным дыване цудоўныя ваў-эфекты, на чэмпіянат не дапушчаны».
Яўген Гутаровіч (VeloLove, «Беларусь 5»)
Фота: youtube.com
Некалі беларускі веласпорт няблага выглядаў на сусветным узроўні, і Гутаровіч быў адным з тых, хто рабіў яму славу. Праўда, у адрозненне ад больш зорных Цылінскай ці Кірыенкі, Яўген прывозіў медалі з турніраў другога эшалона, а вось на вялікіх гонках накшталт «Тур дэ Франс» ці «Вуэльты» ён ні разу не трапіў нават у выніковыя топ-100.
Амаль усю кар'еру Гутаровіч правёў у Францыі, але ў 2016-м годзе, калі яму было 32 гады, сышоў на адпачынак і вярнуўся на радзіму. Цяпер экс-гоншчык працуе трэнерам у велаклубе «Мінск» і асістуе там жа спартоваму дырэктару, а таксама вядзе маленькую перадачку VeloLove на «Беларусь 5» — вядома, пра веласпорт.
Цяпер выйшла ўжо два сезоны праграмы. Самы папулярны на Youtube выпуск набраў 3100 праглядаў, у ім зорка беларускага веласпорту Яўген Каралёк спаборнічае на ровары з вядомым аўтагоншчыкам Сяргеем Вязовічам на электракары — і наадварот.
Гутаровіч — не надта вялікі аматар публічных выказванняў, тым больш на грамадска значныя тэмы, але ж тэму спартовых санкцый ён не абышоў бокам. Санкцыі Яўген прадказальна не ўхваляе, аднак сцвярджае, што беларускаму спорту яны толькі на карысць:
«Гэта подла. Што да спартсмена персанальна, ён прыйшоў у 11 гадоў займацца спортам, усё жыццё яму аддаў і, увогуле, рыхтаваўся да нейкіх пэўных спаборніцтваў, да Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету ці Еўропы. Падводзіў сябе на працягу 15—20 гадоў да нейкай, можа, адной-адзінай гонкі ў сваім жыцці, каб у ёй перамагчы, а ў яго скралі гэтую магчымасць. Але пры гэтым, безумоўна, у нас канкурэнцыя становіцца больш яркай, вышэйшай».
Кацярына Вандар’ева («Навіны спорту», СТБ)
Фота: youtube.com
Тайбаксёрцы Вандар'евай некалі далі мянушку Барбі, намякаючы на яе лялечна прыгожую знешнасць. Аднак б'ецца гэтая Барбі не па-казачнаму: Кацярына — неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, а таксама пераможца шматлікіх іншых турніраў. У красавіку атлетка апублікавала ў інстаграме фота са здымачнай пляцоўкі экстрэмальнага рэаліці-шоу на БТ «Героі. Перазагрузка» — яго мінулы сезон вяла ўнучка Аляксандра Лукашэнкі Дар'я.
Сама ж Кацярына вядзе навіны спорту, што выходзяць на канале СТБ. Пра сваю працу яна кажа з адчувальным задавальненнем: «Для мяне гэтая прапанова [папрацаваць на тэлебачанні] стала нечаканасцю. Усе, хто мяне ведае, у курсе, што размаўляю я як звычайная спартоўка — на звыклым для нас жаргоне. Раней не ўяўляла сябе тэлевядучай, але зараз тыя, хто глядзіць, кажуць: «У цябе так выдатна атрымліваецца, мы не верым, што ты так гаворыш». І гэта пры тым, што я не праходзіла ніякіх курсаў і нідзе гэтаму не вучылася. Усё прыйшло з практыкай. Я атрымліваю асалоду ад гэтай працы. Мне, як спартсменцы, падабаецца, калі нашы перамагаюць. Ведаю, што адчувае спартовец у гэты момант і таму не чытаю банальна, а імкнуся данесці эмоцыі і сэнс».
Ксенія Санковіч (рубрыка ў «Нашай раніцы», АНТ)
Фота: youtube.com
Гэтая экс-гімнастка брала бронзу АГ-2008 і срэбра АГ-2012, абодва разы ў групавым шматбор'і. У адной зборнай з ёй спаборнічала Наталля Лешчык, адна са спартовак, якая пасля пратэстаў-2020 адкрыта выказалася супраць гвалту і з'ехала за мяжу.
Санковіч пайшла зусім іншым шляхам. Яна падпісала адкрыты праўладны ліст спартоўцаў, займае салідную пасаду ў НАК (выконвае абавязкі генсака), а таксама рэгулярна наведвае праўладныя мерапрыемствы: вось, напрыклад, Санковіч на навагоднім балі з Аляксандрам Лукашэнкам, а вось яна бяжыць на Мінскай лыжні ў адной камандзе з Віктарам Лукашэнкам — і гэта далёка не поўны спіс. І, вядома, у 2019 годзе Ксенія разам з іншымі дзяўчатамі збірала кавуны з Аляксандрам Лукашэнкам — тыя фота «кавуновага батальёна» шырока разышліся ў сеціве.
Разам з гэтым некалькі гадоў таму Санковіч з'явілася на АНТ. У экс-гімнасткі пачала выходзіць свая рубрыка ў тэлешоу «Наша раніца», дзе яна стала вучыць гледачоў зарадцы. Некалі гэтым жа ў тэлеэфіры займалася выбітная Меліціна Станюта, але гэтая экс-гімнастка, у адрозненне ад Санковіч, выступіла за народ. Санковіч жа, згодна з яе профілем у інстаграме, і дагэтуль застаецца вядучай на АНТ.
Чытайце таксама:
Чаркашына патлумачыла, навошта пайшла ў давераныя асобы Лукашэнкі
Ірына Ляпарская: У Юрыя Чыжа і Ксеніі Санковіч дакладна было каханне