Пытаюцца, чым займаўся ў 2020-м, і патрабуюць ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы. Што трэба, каб уладкавацца на працу ў дзяржустанову
Выглядае, што для працаўладкавання на дзяржаўныя прадпрыемствы галоўнае — не кваліфікацыя і адукацыя, а ўзровень лаяльнасці да рэжыму. Ідэалагічна вывераным мусіць быць нават спецыяліст па продажах.
18.05.2023 / 08:38
Што трэба ведаць спецыялісту па продажах?
Сярод больш чым 15 тысяч вакансій на сайце praca.by ёсць вакансія ад дзяржаўнага прадпрыемства «Эксперыментальны завод». Установа шукае спецыяліста па продажы з акладам ад 2500 рублёў да выплаты падаткаў (2150 рублёў «на рукі»).
Скрыншот з сайта praca.by
Ад кандыдата патрабуецца досвед працы ад двух гадоў і вышэйшая тэхнічная адукацыя.
Наступным патрабаваннем ідзе веданне асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы.
І толькі пасля гэтага — веданне заканадаўства, якое рэгулюе знешнеэканамічную дзейнасць.
Скрыншот з сайта praca.by
Пад выглядам зацікаўленай у працы асобы мы адгукнуліся на вакансію. На пытанне, што азначае гэтае патрабаванне, нам адказалі, што, напэўна, яго пакінулі ў спісе патрабаванняў фармальна. Спецыяліст адказала, што ў любым выпадку перад абмеркаваннем кандыдатуры трэба спачатку даслаць рэзюмэ на пошту.
Аднак, выглядае, што на справе лаяльнасць да рэжыму і адсутнасць судзімасцяў па палітычных артыкулах больш важная за прафесійную кваліфікацыю супрацоўніка.
«Што вы рабілі ў 2020 годзе?»
Мужчына, які апошнім часам шукае працу ў сталіцы, распавёў, што, хоць у аб'явах ідэалагічных патрабаванняў звычайна не пакідаюць, на справе ўсё выглядае інакш.
Гараджанін кажа, што на сумоўях пры працаўладкаванні ў дзяржаўныя ўстановы абавязкова пытаюцца, што ты рабіў у 2020 годзе, якое ў цябе стаўленне да ўлады, што думаеш пра бягучую сітуацыю.
Мужчына кажа, што пасля некалькіх такіх размоў з патэнцыйнымі працадаўцамі жаданне працаўладкавацца ў дзяржаўныя ўстановы знікла.
Раней «Наша Ніва» з розных крыніц атрымлівала інфармацыю пра тое, што ў дзяржаўным сектары працягваюць звальняць людзей, не прадаўжаюць кантракты з «палітычна ненадзейнымі грамадзянамі». А перад тым, як накіраваць некага на павышэнне, праводзяць паглыбленыя праверкі на лаяльнасць да рэжыму. Перашкодай для павышэння можа стаць нават подпіс за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах 2020 года.
Супрацоўнікаў дзяржустаноў прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка. Пры адмове пагражаюць звальненнем