«Ён зноў пачаў гаварыць пра Расею і агентаў, а я проста сядзела і глядзела на яго, як закаханая». Прэс-сакратарка Сахашчыка расказала пра сябе, шэфа і Зянона Пазняка

Тэлеканал «Белсат» узяў інтэрв'ю ў прэс-сакратаркі прадстаўніка па нацыянальнай абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка Лізаветы Кохман. 

16.05.2023 / 19:32

Лізе Кохман 26 гадоў, яна сама з Ліды, але даўно жыве ў Польшчы. Мае ажно тры вышэйшыя адукацыі, скончыла Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, Варшаўскі ўніверсітэт і Каталіцкі ўніверсітэт у Лісабоне.

Паводле самой дзяўчыны:

«Я не толькі прэс-сакратарка. Лічу сябе правай рукой і асабістай асістэнткай Валерыя Сцяпанавіча».

Пра сваё знаёмства з Сахашчыкам, якое адбылося напярэдадні Калядаў 2022 года дзяўчына распавядае як пра шчаслівы выпадак і падарунак лёсу. У пераказе журналіста «Белсат» гэтая сітуацыя выглядае так:

«Так здарылася, што прэс-сакратар Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка, з якім была знаёмая раней, запрасіў яе на сустрэчу, на якой прысутнічаў Сахашчык.

Калі справа дайшла да развітання, але жывая камунікацыя яшчэ працягвалася, Лізавета шчыра выказала сваю думку наконт сітуацыі ва Украіне і ў беларускай палітыцы. Сахашчык здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну і запытаўся, ці не хацела б яна працаваць у ягонай камандзе.

Даў ёй на роздум некалькі дзён. Ліза патэлефанавала праз два дні і выказала згоду».

Цяпер Лізавета камунікуе з журналістамі, дамаўляецца наконт інтэрв’ю, прысутнічае, калі магчыма, падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ, дапамагае запісваць звароты, піша пасты ў тэлеграм-канал, раіць Валерыю Сахашчыку, што адзець на запіс і г. д. Працуе прэс-сакратаркай са студзеня 2023 года і прызнаецца, што спачатку пачувалася «як у нейкім фільме».

Ад свайго шэфа дзяўчына ў захапленні:

«Мне вельмі падабаецца, што ён вельмі шчыры чалавек. Хоць у палітыцы, напэўна, не заўжды трэба казаць тое, што думаеш. Але Валерый Сцяпанавіч — душа наросхрыст! У гэтым — ягоная сіла».

Да знаёмства з Сахашчыкам Лізавета шукала сябе ў прафесійным жыцці, уладкоўвалася ці спрабавала ўладкавацца шмат куды, але ні да чаго па-сапраўднаму не ляжала сэрца. Згадвае, што раней падавалася на праграму для спецыялістаў Новай Беларусі («Не ўзялі, сказалі: ты і так некалькі ўніверсітэтаў скончыла»), дамагалася працаваць у НАУ («Але там на мой ліст толькі праз паўгода адказалі»). Паспрабавала сябе ў праекце Nexta і нават зрабіла для Сцяпана Пуцілы, якога ведала даўно, некалькі ролікаў, у тым ліку відэа пра каханак Лукашэнкі.

«Сышла з праекта, бо не магу працаваць, як на канвееры. Лічу сябе чалавекам творчым: мне трэба пасядзець і падумаць», — тлумачыць Лізавета.

Працавала таксама вядоўцаю на анлайн-тэлебачанні аднаго вядомага праекта, дзе вельмі прыдалося веданне англійскай мовы. Вырасла да супервайзера, але праз тры гады звольнілася, бо зразумела, што «няма куды было больш ісці і развівацца». Але праца ў кадры і падрыхтоўка да жывога эфіру іншых людзей сталі важным досведам для далейшага развіцця.

«І вось цяпер кансультую Валерыя Сцяпанавіча перад выхадам у эфір», — кажа Ліза Кохман.

Валерый Сахашчык, па словах Лізаветы ганарыцца тым, што ягоная прэс-сакратарка сярод іншага вучыцца і вайсковай справе: яна з'яўляецца сяброўкай варшаўскай харугвы «Паспалітага рушэння», дзе мае свой пазыўны «Манро»: 

«Ён у мяне пытаўся, чаму я пайшла ў харугву. А я лічу, што, калі я ў вайсковай справе, то павінна быць у ёй уся цалкам і разумець дэталёва.

Ну, як я магу працаваць на вайсковую аўдыторыю, калі не ведаю, як трымаць зброю? Для мяне гэта карысныя і вельмі патрэбныя веды», — падкрэслівае Лізавета Кохман.

Да таго, што Сахашчык апошнім часам стаў часта выкарыстоўваць беларускую мову, спрычынілася і ягоная прэс-сакратарка:

«Мяркую, што гэта ў тым ліку і мой уплыў, — пасміхаецца Лізавета. — Калі памятаеце, была праграма на «Белсаце», дзе Валерый Сцяпанавіч размаўляў з Зянонам Пазняком. Калі я пачула, як ён казаў па-беларуску, — а мы тады яшчэ не былі знаёмыя, — то была ўражаная тым, што ён вельмі стараецца, хоць шмат праскоквала польскіх словаў. Мяне ўразіла, які ён малайчына, таму што побач з Пазняком, вядома, трэба, пераходзіць на беларускую».

Лізавета Кохман кажа, што ўключае Сахашчыку беларускія песні і гімны, і «гэта яму падабаецца, уздымае ягоны настрой».

Сама яна размаўляе з шэфам толькі па-беларуску. Як сцвярджае, «Валерый Сцяпанавіч сам разумее важнасць беларускай мовы ў нашай справе», таму ніякага прымусу няма. І паланізмы ў ягонай гаворцы ўжо, маўляў, амаль не заўважныя.

Як прэс-сакратарка Лізавета адрынула непісаныя журналісцкія правілы адказваць на запыты па-расейску ў тым выпадку, калі зварот ідзе на гэтай мове.

«Адразу прытрымлівалася гэтага, а пасля думаю: мы тут за што змагаемся ўвогуле? Усё, досыць, разумейце, як хочаце, але пераходзім на мову», — кажа дзяўчына. Спрабуе яна змагацца і за тое, каб кантэнт у сацсетках даваўся па-беларуску.

Прызнаецца, што Валерый Сахашчык піша свае прамовы сам, але перад выступам паказвае тэксты медыйнай групе.

«Яму важна, каб гэта ішло ад яго. Каб ішло ад сэрца, з сярэдзіны. Таму, напрыклад, яму цяжка з суфлёра чытаць. Калі ідзе не ад яго — гэта адразу відаць», — тлумачыць нашая суразмоўца.

Але Сахашчык добра імправізуе, заўважае Лізавета. Так, напрыклад, было падчас ягонай прамовы на Дзень Волі 25 сакавіка, калі яго ніхто не чакаў на маршы ў Варшаве і выступ не быў запланаваны (не вядома было, ці паспее вярнуцца з Украіны). Быў вельмі стомлены, але выйшаў на сцэну і даў дыхту. А ўжо наступным днём зʼявіўся гучны зварот Сахашчыка з нагоды заявы Пуціна пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядравай зброі.

«У нас наагул такія дачыненні з Валерыем Сцяпанавічам, напэўна, больш сяброўскія, бо розніцу ў веку я ўвогуле не заўважаю. Што праўда, звяртаюся да яго на вы, але з ім, быццам бы, усё адбываецца на ты», — прызнаецца Ліза Кохман.

Што да Зянона Пазняка, то прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка лічыць яго для сябе ўзорам і «найлепшым з жывых беларусаў».

«Можа, і нельга так казаць. Але ягоная любоў да беларушчыны і беларусаў — бяспрыкладная. Неяк яшчэ да абвяшчэння аб самастойнасці Паспалітага рушэння была сустрэча з Пазняком. Я толькі-толькі прыйшла ў харугву, і мы сядзелі з ім за сталом амаль побач. Я сядзела і слухала. А ён зноў пачаў гаварыць пра Расею і агентаў, і ўсім давялося гэта слухаць. А я проста сядзела і глядзела на яго, як закаханая», — смяецца Лізавета.

Працаваць у атачэнні моцных мужчын для дзяўчыны гонар:

«Мне падабаецца такое атачэнне, не буду гэтага хаваць. І падабаецца мужчынскі калектыў. Не скажу, што гэта мяне змяняе. Стымулюе мяне яшчэ больш працаваць над сабой. Вучыцца іхнай мужнасці і шчырасці. Але я не адчуваю, што я нейкая слабейшая за іх, адчуваю сябе на адным узроўні з імі».

Яна адкрыта кажа пра сябе як пра амбітнага чалавека, які мае місію ў гэтым жыцці. Хоча ўплываць на тое, каб у Беларусь як найхутчэй прыйшла сапраўдная свабода. Хоча рабіць для Беларусі добрую справу, хоць мае ўжо польскае грамадзянства і магла б знайсці для сябе прэстыжную працу ў дыпламатычнай сферы.

Чытайце таксама:

Новая фігура на беларускай палітычнай арбіце. Хто такі Валерый Сахашчык? ВІДЭА

Сахашчык расказаў пра сваё знаёмства з Залужным, колішняе прыяцельства з Вальфовічам і стан беларускай арміі

Сахашчык і Пазняк спрагназавалі, колькі спатрэбіцца беларускіх байцоў, калі імперыя будзе разбурацца

Nashaniva.com