У Дзмітрыя Лукашэнкі выявілася незвычайная пасада

Сярэдні сын Лукашэнкі стаў ганаровым консулам Эфіопіі ў Беларусі.

17.05.2023 / 09:10

Аляксандр Зінгман, Дзмітрый Лукашэнка і Дэмеке Меканен. Фота: прэс-служба МЗС Эфіопіі

Кіраўнік МЗС і віцэ-прэм'ер Эфіопіі Дэмеке Меканен 16 мая сустрэўся ў Адыс-Абебе з беларускай дэлегацыяй. Аказалася, у яе ўваходзяць сярэдні сын беларускага кіраўніка Дзмітрый Лукашэнка і скандальна вядомы бізнэсовец Аляксандр Зінгман. У паведамленні МЗС Эфіопіі Дзмітрый Лукашэнка названы ганаровым консулам Эфіопіі ў Беларусі, паведаміў reform.by.

«Вы наш амбасадар у Беларусі», — цёпла прывітаў эфіопскі чыноўнік Дзмітрыя Лукашэнку.

Меканен лічыць, што настаў час, каб Эфіопія і Беларусь імкнуліся да ўмацавання двухбаковых сувязяў, у тым ліку ў сферах інвестыцый, турызму, механізацыі сельскай гаспадаркі і здабычы карысных выкапняў.

«Мы зробім усё магчымае для ўмацавання эфіопска-беларускіх стасункаў», — сказаў кіраўнік МЗС Эфіопіі, звяртаючыся да сярэдняга сына Лукашэнкі.

Дзмітрый Лукашэнка падзякаваў эфіопскаму боку за гасцінны прыём і паабяцаў і далей умацоўваць гістарычныя адносіны паміж дзвюма краінамі. Ён таксама высока ацаніў апошнія падзеі і пазітыўныя змены ў Адыс-Абебе.

Nashaniva.com