Украінскі ЗРК Patriot атрымаў нязначныя пашкоджанні, але яго ўжо адрамантавалі — Пентагон

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Сабрына Сінгх пацвердзіла на прэс-канферэнцыі, што адна з украінскіх ракетных сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot атрымала нязначныя пашкоджанні падчас нядаўняй расійскай атакі.

19.05.2023 / 07:19

Зенітна-ракетны комплекс Patriot. Фота: AP

Журналісты спыталі Сінгх, ці можа яна расказаць, як выйшла, што Patriot не змог перахапіць адну з расійскіх ракет, выпушчаных па Украіне.

У адказ прэс-сакратар Пентагона прапанавала адрасаваць гэтае пытанне ўкраінскаму боку і дадала: «Калі вы кажаце пра «Патрыёт», які быў пашкоджаны… Ён быў часова … яму быў нанесены нязначны ўрон. Яго адрамантавалі і ён зноў цалкам працуе», піша Бі-бі-сі.

Раней Міністэрства абароны Расіі заявіла, што падчас абстрэлу Украіны гіпергукавымі ракетамі «Кінжал» была знішчана сістэма Patriot, пастаўленая Кіеву Злучанымі Штатамі. Якіх-небудзь доказаў расійскае вайсковае ведамства не прадставіла.

Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што паспяхова перахапілі ўсе шэсць гіпергукавых ракет, выпушчаных расіянамі ў ноч на 16 мая, але адмовіліся каментаваць інфармацыю пра пашкоджанне комплексу Patriot.

Пазней афіцыйны прадстаўнік Паветраных сіл УСУ назваў гэтыя заявы расійскага Мінабароны прапагандай. Паводле яго слоў, знішчыць Patriot «Кінжалам» немагчыма, бо гэты комплекс складаецца з некалькіх кампанентаў, размешчаных на адлегласці адзін ад аднаго.

Чытайце таксама:

Сістэма супрацьпаветранай абароны Patriot была мінімальна пашкоджаная ў выніку расійскага ракетнага ўдару

У ЗРК Patriot былі пашкоджаныя 2 кампаненты — СМІ

ЗРК Patriot немагчыма знішчыць адным ударам, нават «Кінжалам» — УСУ

Nashaniva.com