ЗША пацвердзілі ўдзел у «кааліцыі знішчальнікаў». Дзяржавы абмяркуюць, калі даць F-16 Украіне
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван пацвердзіў, што Вашынгтон далучыцца да намаганняў іншых дзяржаў па навучанні ўкраінскіх лётчыкаў выкарыстоўваць знішчальнікі чацвёртага пакалення, уключаючы F-16.
20.05.2023 / 09:06
Знішчальнік F-16, лёс паставак якога Украіне залежыць ад ЗША. Фота: Wikimedia Commons
Прадстаўнік Белага дома на брыфінгу для журналістаў нагадаў, што ЗША і саюзнікі ў апошнія месяцы засяродзіліся на перадачы Украіне сродкаў і тэхнікі, неабходных для правядзення эфектыўных наступальных аперацый гэтай вясной і летам, піша «Украінская праўда».
«Мы далі Украіне тое, што ёй трэба, на аснове цесных кансультацый паміж нашымі вайскоўцамі і іх вайскоўцамі. А цяпер мы перайшлі да абмеркавання ўдасканалення ўкраінскіх ВПС як часткі нашых доўгатэрміновых абавязацельстваў па самаабароне Украіны», — растлумачыў ён.
Саліван пацвердзіў, што ў наступныя месяцы ЗША і саюзнікі будуць абмяркоўваць, калі і ў якой колькасці Украіна атрымае сучасныя знішчальнікі.
На пытанне, чаму ЗША не задаволілі просьбу Украіны аб F-16 раней, дарадца Байдэна падкрэсліў, што прыярытэтам для Вашынгтона была падрыхтоўка Кіева да контрнаступлення і перадача адпаведных сродкаў: ад танкаў і баявых машын да рэактыўных сістэм залпавага агню і артылерыйскіх боепрыпасаў.
«Знішчальнікі F-16 не з'яўляюцца часткай гэтага набору [сродкаў]. І прэзідэнт [Байдэн] указваў на тое, што для мэт гэтага контрнаступу магчымасці F-16 у параўнанні з усім астатнім, пра што я казаў, не былі першачарговымі», — дадаў Саліван.
Раней на гэтым тыдні Вялікабрытанія абвясціла пра пачатак працы міжнароднай кааліцыі краін, нацэленай на навучанне ўкраінскіх лётчыкаў выкарыстоўваць знішчальнікі чацвёртага пакалення, у тым ліку і F-16. У яе ўжо ўваходзяць Брытанія, Нідэрланды, Бельгія, Данія, Злучаныя Штаты і Партугалія.
Чытайце таксама:
Самалёты F-16 Украіне: што гэта памяняе
CNN: Украіна сапраўды ўжо выкарыстоўвала ракеты Storm Shadow