У Чарнагорыі заступіў на пасаду новы прэзідэнт, наймаладзейшы з кіраўнікоў дзяржаў ва ўсім свеце
36-гадовы Якаў Мілатавіч, які перамог на праведзеных у Чарнагорыі 2 красавіка прэзідэнцкіх выбарах, сёння быў прыведзены да прысягі і заступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы.
20.05.2023 / 20:53
«Калі мы глядзім на цяперашні глабальны кантэкст, які ў значнай ступені вызначаецца нападам Расіі на Украіну, не павінна быць і не будзе ніякага адхілення ад нашых стратэгічных мэт, якія вызначаюць Чарнагорыю як частку еўраатлантычнай сям'і», — заявіў Мілатавіч у сваёй інаўгурацыйнай прамове.
Ён падкрэсліў, што прыярытэтам усіх прыярытэтаў ёсць паскарэнне шляху Чарнагорыі да паўнапраўнага сяброўства ў Еўрасаюзе.
«Я пачынаю свой пяцігадовы прэзідэнцкі тэрмін з вялікім жаданнем унесці паўнавартасны ўнёсак у далейшае дэмакратычнае развіццё краіны, яе інстытуцыйную стабілізацыю і эканамічны прагрэс. У рамках паўнамоцтваў, дадзеных мне Канстытуцыяй і законамі, я буду імкнуцца быць фактарам прымірэння і адзінства на карысць кожнага грамадзяніна і грамадства ў цэлым, але ў той жа час буду і карэктуючым фактарам, што накіроўвае грамадскія працэсы ў бок далейшай дэмакратызацыі дзяржавы», — адзначыў Мілатавіч.
Мілатавіч памяняе на прэзідэнцкай пасадзе 61-гадовага Міла Джуканавіча, які з невялікімі перапынкамі на розных пасадах кіраваў Чарнагорыяй больш за 30 гадоў, яшчэ з пачатку 1990-х гадоў. Падчас перадвыбарнай кампаніі Джуканавіч у сваёй прапагандзе ставіў пад пытанне здольнасць Мілатавіча прывесці Чарнагорыю ў ЕС і казаў, што ён можа быць падвергнуты ўплыву прасербскіх сіл — для маленькай краіны, якая толькі ў 2006 годзе стала незалежнай, гэта сур'ёзная праблема. Ці сапраўды прыход да ўлады Мілатавіча будзе азначаць большыя ўплывы ў Чарнагорыі Сербіі, а праз яе і пуцінскай Расіі — пакажа час.
Сярод іншага Якаў Мілатавіч пасля свайго заступлення на пасаду робіцца адным з самых маладых, калі не самым маладым з цяперашніх кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў у свеце.
Маладзейшы за яго толькі Ібрагім Траарэ з афрыканскага Буркіна-Фасо, які захапіў уладу ў краіне ў выніку ўзброенага перавароту ў верасні 2022 года і легітымнасць якога праз тое сумнеўная.
Пры гэтым прэм'ер-міністр Чарнагорыі Дрытан Абазавіч старэйшы за Мілатавіча ўсяго на год, таму на гэты момант кіраўніцтва Чарнагорыі несумненна можна лічыць наймаладзейшым у свеце.
Чытайце таксама: