Сёлета чалавецтва збярэ рэкордны ўраджай збожжа ў гісторыі

Міжнародная рада па збожжы прагназуе рост вытворчасці збожжавых у свеце сёлета, а ў наступным годзе — самую высокую вытворчасць збожжа ў гісторыі. Але пры гэтым чакаецца, што спажыванне перавысіць вытворчасць, што можа прывесці да росту цэн — асабліва на пшаніцу.

23.05.2023 / 10:54

Па прагнозах IGC (International Grains Council), сёлета трэба засяродзіцца на сяўбе пшаніцы. Менавіта гэтага збожжа больш за ўсё не хапае ў свеце

Большая, чым раней, колькасць бразільскай кукурузы паўплывала на прагнозы агульнай вытворчасці збожжа як у гэтым (2022/23), так і ў наступным (2023/24) сезоне.

Так, прагноз агульнай вытворчасці збожжа ў сезоне 2022/23 вырас (у параўнанні з красавіцкім) на 2 млн тон пры падліку за месяц — да 2 млрд 254 млн тон.

Што датычыць наступнага сезона 2023/24, то прагноз вырас на 3 млн — да 2 млрд 294 млн тон — гэта павінна стаць гістарычным рэкордам.

«У выніку змены тэндэнцый папярэдняга сезона чакаецца, што ўраджай кукурузы і сорга будзе большы, а ўраджай пшаніцы і ячменю можа знізіцца», — гаворыцца ў справаздачы.

Гэты прагноз датычыць такіх краін, як ЗША, Украіна, Расія, Казахстан, Канада, Бразілія, Аўстралія, Аргенціна, а таксама краін Еўрасаюза.

Нягледзячы на запланаваны рэкордны ўраджай, росту запасаў не чакаецца, і гэта звязана з больш высокім спажываннем. Паводле ацэнак экспертаў, у сезоне 2022/2023 спажываць будуць на 10 млн тон больш, чым вырабляць. Можа ўзнікнуць дэфіцыт.

Таксама чакаецца, што ў гэтым сезоне міжнародны гандаль збожжавымі скароціцца на 3,1% да 411 млн тон, а ў наступным — яшчэ на 0,7 працэнта да 408 млн тон. Гэта наступствы вайны ва Украіне.

На падставе даных IGC можна меркаваць, што цэны на збожжа могуць вырасці. Асабліва на тое, якога самы вялікі дэфіцыт, — на пшаніцу. Чакаецца, што яе на рынку будзе на 12 млн тон менш.

Кукурузы ж, наадварот, павінна быць зашмат. На цэлых 6 млн тон у параўнанні са спажываннем.

Соі на рынку таксама будзе зашмат з-за рэкорднага ўраджаю ў Бразіліі — ажно на 14 млн тон больш, чым трэба. Кармы для жывёл могуць патаннець.

Што датычыць бягучай сітуацыі, IGC паведамляе, што цэны на збожжа ўпалі за апошні год больш за ўсё на ячмень (мінус 43,7%) і пшаніцу (мінус 37,5%). Выраслі толькі цэны на рыс.

Цэны на пшаніцу цяпер на ўзроўні двухгадовай даўнасці, цэны на кукурузу і сою — нашмат ніжэйшыя, а цэны на рыс — нашмат вышэйшыя.

Чытайце яшчэ:

Балгарыя ўвяла забарону на ўвоз украінскага збожжа, Венгрыя забараніла яшчэ некалькі відаў сельгаспрадукцыі

У гаспадарках Беларусі пачалі ўборку кукурузы. Леташняй кукурузы

Дрожджы дапамогуць павысіць ураджайнасць і захаваць ураджай

Nashaniva.com