Зграя касатак патапіла ўжо некалькі яхтаў каля берагоў Еўропы і не збіраецца спыняцца
Усё пачалося з адной вельмі помслівай касаткі, якая сабе ў дапамогу пачала збіраць і навучаць іншых суродзічаў. Навукоўцы мяркуюць, што гэта адбываецца з-за яе дзіцячай траўмы.
23.05.2023 / 19:06
Зграя касатак. Фота: Wikimedia Commons
4 мая касаткі ў Гібралтарскім праліве атакавалі і патапілі ўжо трэцюю лодку за некалькі месяцаў. Іспанскай берагавой службе давялося ратаваць маракоў, а судна з прабітым касаткамі падводным стырном пайшло на дно. Пра гэта 18 мая паведаміў навуковы часопіс Live Science са спасылкай на мясцовыя СМІ.
Паводле сведчанняў шкіпера трэцяй лодкі, напад здзейснілі тры касаткі: дзве маленькія і адна вялікая. Маленькія трэслі лодку, а вялікая некалькі разоў разганялася і ва ўсю моц яе тараніла. Праз некаторы час маленькія касаткі перанялі паводзіны свайго вялікага суродзіча і некалькі разоў таксама ўразаліся ў лодку.
За два дні да таго ўжо іншая зграя з шасці касатак нападала на яшчэ адзін паруснік, і пасажыры судна назіралі за тым, як маці-касатка вучыла сваё дзіця кідацца на падводнае стырно. Выглядала гэта як сапраўднае навучанне.
«Паводле даследавання, апублікаванага ў чэрвені 2022 года ў часопісе Marine Mammal Science, паведамленні аб падобных сустрэчах з касаткамі ля берагоў Іспаніі і Партугаліі з'явіліся яшчэ ў маі 2020 года, а з цягам часу іх рабілася толькі больш. Напады ў асноўным накіраваныя на ветразевыя лодкі, а самі жывёлы дзейнічаюць па такой схеме: набліжаюцца з кармы, каб ударыць па падводнаму рулю, а як толькі лодка спыняецца ці ламаецца стырно — сплываюць» — піша часопіс Live Science.
Пры гэтым большасць такіх сустрэч былі бяскрыўднымі, аднак з 2020 года іх было больш за 500. Па словах навукоўцаў, агрэсія касатак ў адносінах да яхтаў і іншых паруснікаў — з’ява досыць новая. Яны мяркуюць, што касаткі робяць гэта наўмысна і, верагодна, пачалося гэта з таго, што нейкая траўматычная падзея справакавала змены ў паводзінах адной з касатак: магчыма, у мінулым гэтая жывёліна перажыла сутыкненне з лодкай альбо трапіла ў пастку падчас незаконнай ці звычайнай лоўлі рыбы.
Як вядома, касаткі — вельмі сацыяльныя і развітыя істоты, якія могуць хутка вучыцца і пераймаць паводзіны іншых суродзічаў. Таму, напэўна, папуляцыя касатак каля Іспаніі проста навучылася пераймаць агрэсіўныя паводзіны адной з іх.
«Акрамя таго, касаткі такім чынам могуць абараняць сваю тэрыторыю, бо пасля пачатку такіх нападаў ужо загінула чатыры жывёліны. Іншыя біёлагі, аднак, мяркуюць, што такія паводзіны для саміх касатак — проста гульня, ініцыявана адной ці дзвюма істотамі, а затым падхоплена іншымі» — адзначае Live Science.
Але навукоўцы таксама падкрэсліваюць, што падобныя сутыкненні могуць стаць рэальнай рызыкай для бяспекі маракоў і сур'ёзнай праблемай для захавання папуляцыі касатак, якая ўжо знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Чытайце таксама:
Ля берагоў Партугаліі выявілі самую цяжкую касцявую рыбу ў свеце. Яна важыць амаль тры тоны