У Брэсце плануецца чарговы наступ на гістарычную забудову вуліцы Савецкай?
22 мая афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства культуры, паведамляючы пра наданне традыцыі беларускай дуды статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, паказаў фотаздымак членаў Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Але гэтым здымкам незапланавана раскрылі новы будаўнічы праект.
23.05.2023 / 18:58
Пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 22 мая. На пярэднім краі стала макет новага праекта рэканструкцыі квартала ў Брэсце. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі
На пярэднім краі стала размешчаны макет нейкага гістарычнага квартала з упісаным у яго сучасным комплексам. Мы здолелі апазнаць гэтае месца — гэта шматпакутны рог вуліц Савецкай і Дзяржынскага ў Брэсце.
Павялічаны фрагмент фота з макетам часткі гістарычнага цэнтра Брэста на рагу вуліц Савецкай і Дзяржынскага. Бэжавыя аб'ёмы — існуючая забудова. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі
На здымку цяжка разглядзець падрабязнасці рэканструкцыі, можна хіба што адзначыць тое, што новы комплекс складаецца з некалькіх рознавялікіх аб’ёмаў, фасады якіх выкананыя ў сучаснай стылістыцы, без відавочнага пераймання гістарычных формаў. Цэнтральны будынак значна вышэйшы за суседнія гістарычныя камяніцы на тым баку вуліцы.
Сучасны выгляд квартала па Савецкай вуліцы пад банерамі і рэкламнымі шчытамі. Фота: Wikimedia Commons
Гэтая тэрыторыя ўжо шмат гадоў з’яўляецца ласым кавалкам для забудоўшчыкаў, але ніводны з іх дагэтуль так і не змог пачаць працэс рэканструкцыі квартала. На яго тэрыторыі размешчаныя шэсць гістарычных будынкаў: па Савецкай вуліцы, 96, 98, 100, 100/1, 102/1 і па вуліцы Дзяржынскага, 39. З іх толькі дом па Савецкай вуліцы, 100 і вуглавы дом па Дзяржынскага, 39 маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і мусяць быць адрэстаўраваныя, астатнія нават не названыя «шараговай забудовай», таму надзеі на тое, што яны будуць захаваныя, няма.
Выгляд квартала ў 2011 годзе. Яшчэ не ўсе фасады схаваныя за банерамі. Фота: «Яндэкс. Карты»
Дамы стаяць закінутымі прынамсі з пачатку 2010-х гадоў і доўгі час цалкам абцягнутыя банерам, каб не псаваць настрой гараджан і гасцей горада падчас прагулак па вуліцы. Адна з апошніх спроб рэканструяваць квартал была ў 2018 годзе, паведамлялася, што тут з'явіцца гатэль на 60 нумароў з рэстаранам і паркоўкай. Аўтарскі калектыў «Канверсіян-буд» нават атрымаў у 2019 годзе за праект рэканструкцыі дыплом 2-й ступені на рэспубліканскім конкурсе. Але ўжо ў 2021 годзе стала вядома што інвестыцыйны дагавор з кампаніяй-забудоўшчыкам «Жылбудкамплект» скасавалі праз невыкананне абавязацельстваў.
Праект ранейшага варыянту рэканструкцыі, прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект ці пабудову ў 2019 годзе. З сайта Беларускага саюза архітэктараў
На забудову па Савецкай вуліцы пэўныя рэгламенты накладае праект зон аховы гістарычнага цэнтра, паводле якога забараняецца ўзвядзенне будынкаў і рэканструкцыя існуючай забудовы «без выкарыстання параметраў фасадаў гістарычных будынкаў і вышэй адзнакі вільчака даху прылягаючых гістарычных будынкаў, размешчаных па лініі забудовы».
Трактаваць паняцце «гістарычныя будынкі» можна па-рознаму, але нават калі мець на ўвазе пад імі выключна афіцыйныя помнікі, то прадстаўлены праект парушае рэгламент — ён вышэйшы за суседнюю забудову і мае сучасныя фасады.
На жаль, Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны застаецца закрытай структурай, склад і рашэнні якой па разгледжаных пытаннях нідзе не публікуюцца. Таму мы не можам упэўнена казаць пра вынікі пасяджэння. Мяркуючы па колькасці псеўдагістарычнай забудовы і гмахаў-навабудаў, што ўзніклі на брэсцкай пешаходцы за апошнія гады, цалкам магчыма, што гэты праект мог быць ухвалены Радай.