Супраць Марыі Калеснікавай у калоніі зладзілі правакацыю — праваабаронцы

У Гомельскай калоніі супраць палітзняволенай Марыі Калеснікавай зладзілі правакацыю, з-за якой Марыю накіравалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з Mayday team.

23.05.2023 / 19:54

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, правакацыя адбылася «некаторы час таму».

Калі Калеснікава вярнулася з медсанчасткі, хтосьці падсыпаў таблеткі ў ёмістасць з распушчальнай кавай. Неўзабаве пасля гэтага камеры абшукалі, таблеткі выявілі, а Марыю адправілі ў ШІЗА.

Згодна з правіламі ўнутранага распарадку, зняволеным нельга выносіць лекі з медсанчасткі, усе медыкаменты прымаюцца толькі ў прысутнасці медработніка.

Мяркуецца, што правакацыя — справа рук адной з сукамерніц.

Пры канцы лістапада мінулага года стала вядома, што Марыя трапіла ў шпіталь з прабадной язвай, дзе яе прааперавалі. Пасля таго яе так-сяк падлячылі і выпісалі, але цалкам аднавіцца, як выглядае, не далі. Учора праваабаронцы паведамілі, што ў яе захоўваюцца праблемы са здароўем. Месяц таму Калеснікаву нібыта выводзілі на пастраенне пад рукі.

6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, і асудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне такім фармаваннем, публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады.

Чытайце таксама:

Халатран пра тое, што ў штабе Бабарыкі рабіў Васкрасенскі і ці магла б Калеснікава стаць прэзідэнтам

У гомельскай жаночай калоніі зняволеных прэсуюць за чырвоную памаду

Практычна не спала ў ШІЗА, губляла прытомнасць — што стала прычынай шпіталізацыі Марыі Калеснікавай

Nashaniva.com