Юрфак БДУ апублікаваў новае відэа на манер ГУБАЗіКа. Цяпер хлопца змусілі звярнуцца да «беглай апазіцыі і псеўдаправаабаронцаў»
Учора юрфак БДУ ў інстаграме апублікаваў відэа са студэнтам трэцяга курса, які прасіў прабачэння за дыскрэдытацыю БРСМ і адміністрацыі факультэта. Відэа было знята на манер ГУБАЗіКа. Сёння з'явілася новае відэа.
24.05.2023 / 22:18
Учора юрфак апублікаваў сторыз у сваім інстаграм-акаўнце. У ім студэнт-трэцякурснік на фоне эмблемы БДУ і выявы Феміды выбачаецца перад адміністрацыяй факультэта і БРСМ.
«Я, студэнт трэцяга курса БДУ, дазваляў сабе распаўсюджваць звесткі, якія дыскрэдытавалі адміністрацыю юрыдычнага факультэта, а таксама звесткі, якія ганьбяць БРСМ юрыдычнага факультэта. Сваю віну цалкам прызнаю, каюся. На аснове сваіх памылак рэкамендую моладзі пільна сачыць, што, каму, дзе і ў якой сітуацыі яны гавораць, а таксама працаваць на карысць сваёй краіны», — агучвае ў відэа студэнт тэкст, які, відавочна, яго прымусілі сказаць.
Сёння «Наша Ніва» звязалася з адміністрацыяй факультэта і БРСМ з просьбай пракаментаваць відэа.
І вось цяпер у акаўнце юрфака БДУ зʼявілася новае відэа з тым жа студэнтам. Ён зноў выбачаецца і гэтым разам просіць больш не турбаваць яго і яго факультэт. Гэты зварот ён накіраваў «збеглай апазіцыі» і «некампетэнтным праваабаронцам».