У Вільні забудоўшчыка аштрафавалі на 141 тысячу еўра за спілаваны векавы дуб
Мэрыя Вільні вынесла рашэнне аб штрафе на суму 141 тысяча еўра для забудоўшчыка, які спілаваў векавы дуб у цэнтры горада, паведамляе Delfi.
24.05.2023 / 23:04
Спілены дуб у Вільні. Фота: Marius Morkevičius / ELTA
Паводле мэра Вільні Валдаса Бенкунскаса, кошт аднаўлення зялёных насаджэнняў абыдзецца менавіта ў такую суму па падліках муніцыпалітэта.
«Сцвярджаць, быццам дэталёвы план дае ім права на спілоўванне дрэва — поўны абсурд, бо, па-першае, па законе не дэталёвы план дае такое права, патрэбны асобны дазвол. Ім такі дазвол не выдаваўся, не было ніякіх надзей на тое, што яго выдалі б, гэта маніпуляцыі і спробы выкруціцца з сітуацыі», — сказаў мэр. Ён заўважыў, што муніцыпалітэт стаіць на сваім — было здзейснена злачынства.
Стагадовы дуб у цэнтры літоўскай сталіцы быў спілаваны 20 мая. Гэта выклікала абурэнне гараджан, якія нават сталі запальваць свечкі на месцы здарэння.