Цэны на газ у Еўропе могуць стаць адмоўнымі гэтым летам

Цэны на прыродны газ у Еўропе могуць ненадоўга стаць адмоўнымі. То-бок прадаўцы пачнуць даплочваць пакупнікам. На думку некаторых удзельнікаў рынку, гэта можа адбыцца ў найбліжэйшы час.

26.05.2023 / 12:49

Топ-менеджары найбуйнейшых аператараў таварнага рынку дапусцілі, што цэны на газавыя кантракты з кароткатэрміновай пастаўкай у Еўропе могуць ненадоўга стаць адмоўнымі гэтым летам, піша Bloomberg са спасылкай на ўдзельнікаў штогадовай выставы E-World energy fair у нямецкім Эсэне. Цэны на газ могуць сысці ніжэй за нуль летам, калі млявы попыт не зраўняецца з ростам лішку прапановы газу.

Такая падзея, калі вытворцы газу фактычна плацяць спажыўцам за тое, каб яны забралі ў іх газ, становіцца ўсё больш верагоднай, бо цэны ўжо наблізіліся да дакрызіснага ўзроўню, паведаміла агенцтва. На гэтым тыдні цэны на газ на біржы ў Еўропе ўпершыню за два гады апусціліся ніжэй за $300 за тысячу кубаметраў. На таргах 26 мая цана чэрвеньскага ф'ючарса на хабе TTF у Нідэрландах знізілася на 0,3% — да €25,38 за 1 МВт·г, або каля $286 за 1 тыс. кубаметраў з улікам цяперашняга курсу на міжнародным рынку Форэкс, піша quote.ru.

На асобных рэгіянальных газавых рынках у Еўропе цэны могуць стаць адмоўнымі ў гадзіны або дні з высокай выпрацоўкай аднаўляльнай энергіі, як расказаў агенцтву віцэ-прэзідэнт па гандлі газам і аптымізацыі ў нарвежскай нафтавай кампаніі Equinor Петэр Б'ёрланд. Аднак ён папярэдзіў, што да адмоўных цэн пакуль далёка і «на гэтым шляху можа шмат чаго адбыцца».

Галоўны выканаўчы дырэктар швейцарскай гандлёвай фірмы MET International Дзьёрдзь Варга таксама дапускае падзенне цаны на газ у Еўропе ніжэй €10 за 1 МВт/г (каля $113 за тысячу кубаметраў).

«У найбліжэйшай перспектыве на працягу некалькіх дзён, калі газавыя сховішчы будуць запоўненыя, мы можам убачыць цэны ніжэйшыя за €10», — сказаў ён, падкрэсліўшы, што прычынай стане «бутэлькавае рыльца» ў выглядзе недахопу плошчаў для захоўвання сыравіны.

Адмоўныя цэны на газ ужо назіраліся ў кастрычніку 2006 года ў Вялікабрытаніі.

Тады ўнутрыдзённыя цэны ненадоўга ўпалі ніжэй за нуль пасля таго, як у цёплае надвор'е пачаліся пастаўкі па новым трубаправодзе Langeled, а газавыя сховішчы аказаліся практычна запоўненымі. Аналагічныя фактары дзейнічаюць і цяпер: цэны на газ падаюць праз хуткае папаўненне запасаў, рэзкае падзенне спажывання, а таксама павышэнне выпрацоўкі аднаўляльнай энергіі (ветракі і сонечная энергія). Верагоднасць дасягнення нулявых цэн вышэйшая на тых рынках, якія маюць абмежаваныя плошчы для захоўвання газу.

У Еўропе працягваецца сезон запампоўкі газу ў падземныя сховішчы, пры гэтым запасы газу цяпер значна вышэйшыя, чым годам раней.

Па звестках Gas Infrastructure Europe, па стане на 23 мая запасы ў сховішчах рэгіёна складалі 66,48% ад поўнай загрузкі, годам раней яны не перавышалі 44%. Некаторыя эксперты чакаюць, што сховішчы газу ў Еўропе будуць запоўненыя ўжо ў жніўні, задоўга да пачатку ацяпляльнага сезона, піша агенцтва. У той жа час зніжэнне цэн яшчэ не ажывіла попыт з боку прамысловых прадпрыемстваў, бо і некаторыя пакупнікі адкладаюць закупкі газу датуль, пакуль рынкавыя цэны не ўпадуць яшчэ больш.

Каб цэны на газ у найбліжэйшай перспектыве сталі адмоўнымі, павінна супасці мноства фактараў.

Цэны на газ могуць узляцець праз перабоі з пастаўкамі ЗПГ у Еўропу або рызыку поўнага адключэння паставак па расійскіх трубаправодах. Акрамя таго, попыт можа падняцца з боку прамысловасці. Калі ніводны з фактараў не рэалізуецца, а таксама ў выпадку адсутнасці магчымасці выкарыстоўваць дадатковыя сховішчы або танкеры-газавозы для захоўвання, на працягу некалькіх дзён цэны могуць абваліцца, мяркуе Варга.

«Калі ўсё будзе працягвацца ў тым жа духу, летам газавыя сховішчы цалкам запоўняцца даволі рана, да верасня або кастрычніка, а затым дынаміка цэн будзе залежаць ад таго, наколькі рана наступіць зіма», — мяркуе топ-менеджар MET.

Чытайце таксама:

Цана на газ у Еўропе абвалілася да двухгадовага мінімуму

Nashaniva.com