Ва Украіне пахавалі Міраслава Лазоўскага ФОТА
Фота развітання з Міраславам Лазоўскім апублікаваў Полк Кастуся Каліноўскага.
26.05.2023 / 18:26
«Ён аддаў сваё жыццё, каб наступнае пакаленне не жыло ў рабстве. Бо рабства — гэта найгоршае прыніжэнне для вольнага чалавека», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Палка.
«Мы ніколі не забудзем цябе. Сваёй працай ты натхняў і будзеш натхняць тых, хто стаяў побач з табой у гэтай вайне з Расіяй. Ты стаў у шэрагі найлепшых з нас і ўжо з нябёс глядзіш, як мы працягваем нашу агульную справу», — адзначаюць ягоныя пабрацімы.
Міраслаў Лазоўскі — адзін з пяці байцоў-каліноўцаў, якія нядаўна загінулі пад Бахмутам. Ён нарадзіся ў Мінску, яго бацька паходзіць са Случчыны, а мама — з Магілёўшчыны. Скончыў ён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
У 1995 годзе Міраслаў уступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёна» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.
Сябры «Белага легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя сышла ў падполле на пачатку 2000-х.
Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» з'яўляліся ў 2017 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі па «справе патрыётаў», аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную серыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджванне навукова-папулярных выданняў аб гісторыі Беларусі.
Працаваў інжынерам, а пасля — у выдавецтве «Кнігазбор», якое зліквідавалі ўлады ў студзені 2023 года.
Чытайце таксама:
«Зусім трохі не дайшоў». Пабрацім Міраслава Лазоўскага пра яго гібель