Сёння Мінску ёсць што страчваць у Еўропе
Брусель працягнуў тэставы перыяд. Мікрадоза не самых харызматычных апазіцыянераў можа быць упырснутая ў асобныя перыферыйныя саветы. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
17.11.2009 / 16:17
Рашэнне Рады Еўразвязу аказалася цалкам чаканым. 17 лістапада Брусель, з аднаго боку, прадоўжыў візавыя санкцыі супраць беларускага начальства, з іншага — адразу ж іх прыпыніў на той самы тэрмін, да кастрычніка 2010 года. Прапанавана скласці супольны прамежкавы плян вызначэння прыярытэтаў для рэформаў (чытай: хатняе заданне).
Карацей, новы выпрабавальны тэрмін. У гэты перыяд трапляюць мясцовыя выбары. Так што мікрадоза не самых харызматычных апазіцыянераў можа быць упырснутая ў асобныя перыферыйныя саветы (каторыя ў прынцыпе мала што вырашаюць).
Гэтыя выбары могуць прайсці па адносна мяккім сцэнары, бо Лукашэнка зацікаўлены стварыцьболей-меней спрыяльны міжнародны фон перад прэзідэнцкай кампаніяй. А там ужо будзе не да кітайскіх цырымоній.
У дакуменце Рады ЕЗ выказана глыбокае шкадаванне з тае нагоды, што Мінск не прадэманстраваў належнага прагрэсу ў выкананні пяці сакраментальных ўмоў. Беларускі афіцыйны бок зараз, пэўна, таксама выкажа шкадаванне, што Еўразвяз, маўляў, не знайшоў моцы цалкам адмовіцца ад старых падыходаў.
Пасля гэтага найгранага абмену шкадаваннямі (бо ілюзій у ніводнага з бакоў не было і няма) працэс пойдзе далей. Ні Еўропа, ні беларускае начальства не зацікаўлены псаваць трэнд.
На Лукашэнку цісне, у прыватнасці, расійскі чыннік. Не выпадкова ў той самы дзень, 17 лістапада, ён на адмысловай нарадзе выказаў даволі скептычнае стаўленне да перспектыў траістага мытнага звязу. Маўляў, Расія і Казахстан з іх запасамі вуглевадароднай сыравіны будуць выступаць у гэтым хаўрусе кансалідавана, а вось інтарэсы беларускай эканомікі могуць пацярпець. У сваёй фірмавай манеры Лукашэнка павесіў адказнасць на ўрадоўцаў: маўляў, пагодзіцеся на нявыгадныя ўмовы — наракайце на сябе!
Паказальна, што ён завастрыў увагу на нявызначанасці двух пытанняў — ці будзе скасавана мыта на нафту і ці будзе адзінае цэнаўтварэнне на прыродны газ ды іншыя энергарэсурсы.
Вожыку зразумела: менавіта энергетычныя выгады вабяць беларускі бок у новым праекце Крамля. А раптам выгарыць тое, што не пашэнціла атрымаць пад маркай саюзнай дзяржавы — газ па цэнах смаленскага пояса і ўсё такое… Масква ж, мякка кажучы, ісці насустрач не спяшаецца. Ну дык і можа атрымаць халодны душ.
Паводле Лукашэнкі, таксама «нельга забываць, што ў цяперашніх умовах удзел Беларусі ў мытным звязе набывае геапалітычны сэнс, прытым вельмі глыбокі». Сапраўды, адмыслоўцы ўжо зазначалі, што ўваход у гэты альянс пад патранажам Масквы можа адсекчы нашу краіну ад выгад «Усходняга партнёрства», і найперш — ад стварэння зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам.
Карацей, «Чапай думаць будзе». І яшчэ вялікае пытанне, ці адбудзецца ў вызначаны тэрмін трыўмфальнае падпісанне папер мытнага звязу. Маскоўскім стратэгам рана паціраць рукі. Ва ўсякім разе, без добрай праплаты, без саступак Лукашэнку праект можа ляснуцца. Гэта раней здавалася: куды ён дзенецца з падводнай лодкі!
У сённяшняй сітуацыі беларускаму начальству ўжо ёсць што страчваць на еўрапейскім кірунку. І гэта ці не галоўны вынік года кволага «пацяплення».