Каго і чаму здаў Раман Пратасевіч. Гэта гісторыя пра тое, як адно фота можа змяніць усё жыццё. Многа жыццяў 

Гісторыя Рамана Пратасевіча — гэта гісторыя чалавека, які аказаўся негатовым да выпрабаванняў, якія яму выпалі. Наступствы гэтага — драматычныя і для яго, і для ягоных блізкіх, і для дзясяткаў іншых людзей. Раман Пратасевіч атрымаў памілаванне. Але якой цаной? І чаму зламалі яго, а не іншых? Піша Арцём Гарбацэвіч.

30.12.2023 / 11:12

У Васіля Быкава ёсць аповесць «Сотнікаў» (так, па імені станоўчага персанажа, яе назвала савецкая цэнзура, арыгінальная назва — «Ліквідацыя»), якая апісвае трагедыю двух партызанаў у палоне нацыстаў. Аўтар задаецца пытаннем: што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?

Рыбак, адзін з героеў аповесці, спрабуе абхітрыць нацыстаў, каб уратаваць жыццё. Але вораг аказваецца хітрэйшы і робіць з Рыбака юду: прымушае выбіць калоду з-пад Сотнікава ў пятлі.

Раман Пратасевіч аказаўся перад падобным экзістэнцыйным выпрабаваннем, але з той розніцай ад сітуацыі Рыбака, што яму пагражала не смерць, а турма і здзекі. У адрозненне ад тых іншых людзей, якія, хаця і выкручваліся, але не падстаўлялі іншых, Пратасевіч ратаваў сябе па поўнай праграме. Фігуральна кажучы, ён «выбіў калоды» з-пад ног многіх людзей, даўшы дзесяць тамоў паказанняў на тых, хто яшчэ жыў у Беларусі ці знаходзіўся пад следствам.

Ад людзей, знаёмых з матэрыяламі розных крымінальных спраў, «Нашай Ніве» стала вядома, што на паказаннях Пратасевіча грунтаваліся справы іншых палітвязняў.

«У аснову абвінавачанняў супраць Паўла Белавуса пакладзеныя паказанні Пратасевіча», — сказаў нам знаёмы з яго справай.

Павел Белавус на судзе. Скрыншот з відэа

35-гадовага Белавуса, стваральніка «Арт-сядзібы» і крамы Symbal.by, бацьку дваіх малых дзяцей, арыштавалі ў лістападзе 2021 года, праз пяць месяцаў пасля прызямлення Пратасевіча. Белавус атрымаў 13 гадоў пазбаўлення волі. 

«Пратасевіч даў цэлы том паказанняў на Эдуарда Пальчыса, якія ляглі ў аснову абвінавачання. Апроч гэтага і расказанага Пратасевічам, на Пальчыса мала што было», — адрэзалі нам і знаёмыя са справай Пальчыса.

Эдуарда Пальчыса асудзілі на 13 год калоніі. Фота: БелТА

32-гадовы Эдуард Пальчыс, вядомы беларускі блогер, быў арыштаваны ў верасні 2020-га, і з таго часу ягоная справа не рухалася да прызямлення Пратасевіча. Яна дайшла да суда ў снежні 21-га. Сам Пратасевіч на суд з’явіцца пабаяўся — старонкі ягоных паказанняў былі агучаныя голасам суддзі. Пальчыс, як і Белавус, атрымаў 13 гадоў пазбаўлення волі.

Белавус і Пальчыс разам з Пратасевічам былі ўдзельнікамі тэлеграм-чата «Лав Хата», які аб’ядноўваў два дзясяткі рэдактараў вялікіх і меншых беларускіх тэлеграм-каналаў.

Ëн быў створаны прыкладна ў 2018 годзе, і напачатку быў проста пляцоўкай камунікацыі стваральнікаў першых каналаў беларускага ТГ.

Некаторыя з гэтых людзей воляй лёсу стануць актыўнымі летапісцамі падзей лета-восені 2020-га, узяўшы на сябе адказнасць за анонсы і каардынацыю нядзельных маршаў. Не ўсе ўдзельнікі «Лав Хаты» — асабліва тыя, хто быў у Беларусі, — удзельнічалі ў каардынацыі. І ніхто не думаў, што сама прысутнасць у гэтым чаце пазней лукашыстамі будзе трактавацца як цяжкае злачынства.

Пра ролю гэтага чата ў падзеях 2020-га лукашысты доўгі час амаль нічога не ведалі, нягледзячы нават на тое, што ва ўдзельнікаў і да Пратасевіча здараліся праколы. Так, памочніца Андрэя Стрыжака Святлана Галуза ў нейкі момант зліла скрыншоты з «Лав Хаты», якія ў выніку трапілі да лукашыстаў, але, па вялікім рахунку, у тых скрыншотах самым цікавым быў толькі спіс удзельнікаў без дэталізацыі таго, што насамрэч абмяркоўвалася.

І ўсе пра гэта маўчалі. Ні слова не сказаў закатаваны да спробы самагубства блогер Ігар Лосік, не далі паказанняў былы следчы, праграміст Яўген Юшкевіч і Эдуард Пальчыс. І толькі Пратасевіч раскрыў дэталі планавання. Больш за тое, ён даў паказанні на іншых удзельнікаў чата, напрыклад, на палітолага Арцёма Шрайбмана.

«Я не магу сказаць, што ён непасрэдна кіраваў [пратэстамі]. Але ён часта выказваў сваё меркаванне: «не, хлопцы, вось так яно не пракоціць, змяніце хаця б, дапусцім, такую вось тэму» або «вось тут больш гэтаму надайце ўвагі», — у эфіры АНТ выпісаў пуцёўку ў калонію для Шрайбмана Пратасевіч. Шрайбман у той жа вечар збег з краіны на лодцы цераз пагранічную раку.

Чытайце таксама: Арцём Шрайбман выехаў ва Украіну пасля абвінавачванняў Пратасевіча

Без дэталёвых расказаў Пратасевіча ў спецслужбаў наўрад ці магло б скласціся разуменне таго, што ж насамрэч адбывалася ў тым чаце і якая магла б быць роля кожнага ўдзельніка.

«Пратасевіч даў паказанні на Ігара Кабушкава, які адміністраваў канал «Адлічана», быў у «Лав Хаце» і знаходзіўся ў Беларусі. Пасля гэтага Кабушкава пачалі круціць па новых эпізодах, ён таксама не вытрымаў ціску, і нагаварыў таго, што было выкарыстана для абвінавачвання іншых. Такі вось эфект снежнага камяка. Самога Кабушкава выратавала тое, што яго даволі рана выкінулі з чата і ён мала ведаў», — дадаюць іншыя знаёмыя з матэрыяламі справы гэтага тэлеграм-чата. 

«Пратасевіч нагаварыў і на Лосіка. І нават на тых, з кім не быў знаёмы. Даў паказанні на [нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцу] Алеся Бяляцкага. Даў паказанні на [палітыка, экс-кандыдата ў прэзідэнты, стваральніка кампаніі «Гавары праўду»] Андрэя Дзмітрыева, які тады быў на волі, што той нібыта часта ездзіць за мяжу і возіць грошы».

Андрэя Дзмітрыева, 42-гадовага экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, арыштавалі 11 студзеня 2023 года і асудзілі да 1,5 года калоніі.

Андрэй Дзмітрыеў у клетцы. Скрыншот з відэа

«Агулам Пратасевіч нагаварыў 10 тамоў зусім неабавязковых паказанняў, сярод якіх шмат паказанняў на тых, хто быў за мяжой, што даравальна, але і шмат на тых, хто быў у краіне», — паведаміў нам яшчэ адзін суразмовец, знаёмы з матэрыяламі крымінальных спраў.

«Пратасевіч расказаў следству, што адвакаты перадаюць інфармацыю з крымінальных спраў і папярэджваюць, каму трэба рыхтавацца і як знаходзяць удзельнікаў пратэсту. Праз гэта многія пацярпелі ці выехалі», — сказалі нам знаёмыя з паказаннямі Пратасевіча на адвакатаў.

Інстытут адвакатуры, адна з базавых структур прававой дзяржавы, аказаўся амаль цалкам зачышчаным у Беларусі. Рэпрэсіі зазнала як мінімум 111 адвакатаў. Некалі мы даведаемся, якое значэнне ў гэтым мелі паказанні Рамана.

Дакладна вядома, што Пратасевіч не дбаў пра аўтавыдаленне сваіх чатаў у тэлеграме, а таксама не выдаліў чаты ў момант пасадкі ў мінскім аэрапорце.

Гэта прывяло да таго, што вялізны масіў даных аб крыніцах інфармацыі каналаў «Нехта» і «Беларусь галаўнога мозга» — людзей, якія пісалі ў боты, — трапіў у рукі лукашыстаў. Як вынік — арышты, дакладны лік якіх у сённяшніх абставінах падлічыць немагчыма.

Такія паводзіны Пратасевіча падарвалі давер да саміх інстытуцый медыя, хоць у дзясятках іншых медыя і каналаў, акрамя «Нехта» і БГМ, ніколі не было зліваў.

Раман Пратасевіч даў паказанні на сваю дзяўчыну — Сафію Сапегу. Наўрад ці ў рэальнасці гэтыя паказанні былі вельмі патрэбныя лукашыстам, бо ў іх усё было: і яе дэвайсы, і яе ўласныя паказанні, і сведчанні ўкаранёнага ў «Чорную кнігу Беларусі» агента Артура Гайко. Але важны сам факт: Пратасевіч не пашкадаваў нават сваю дзяўчыну. 

25-гадовая Сафія Сапега атрымала 6-гадовы турэмны тэрмін і знаходзіцца ў ПК № 4 Гомеля, вядомай сваімі невыноснымі ўмовамі ўтрымання палітзняволеных жанчын.

Прымаючы да ўвагі ўсё гэта, сярод былых сілавікоў, якія выехалі з Беларусі, ходзіць думка, што Раман Пратасевіч меў сувязі з лукашэнкаўскімі спецслужбамі і раней, таму не лічыўся небяспечным, і што на знакамітым рэйсе «Раянэйра» сілавікоў больш цікавіў не Раман, а Сафія Сапега і яе інфарматары ў сілавых органах.

Ці можа гэта быць праўдай? Калі так, то ў якой ступені? Мы пастараемся адказаць на гэтае тонкае пытанне. Але галоўнае, што нас цікавіла, чаму Раман Пратасевіч павёў сябе ў зняволенні так, як павёў? Большасць беларускіх палітвязняў выявіліся сотнікавымі. Чаму Пратасевіч стаў Рыбаком?

Раман Пратасевіч пасля абвяшчэння яго памілавання. Скрыншот з відэа

Роля аднаго фота

Часам кажуць, што чалавек на ўсё жыццё застаецца носьбітам тых ідэй, якімі пранікаецца ў 16 гадоў.

Апісваючы гісторыю Пратасевіча, пачаць трэба з таго, што лёс хлопца — і, як бачым, многіх іншых людзей — вызначыў фотаздымак, зроблены 12 гадоў таму, летам 2011 года, калі Раман выпадкова аказаўся ў эпіцэнтры тагачаснага пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі — на «маўклівай акцыі» ў Мінску.

Там яго затрымалі, момант трапіў на фота, якое стала знакамітым, — у цэнтры Мінска ціхары вінцяць русавалосага падлетка ў кашулі моднага ў тыя гады бэзавага колеру, які ідзе з горда паднятай галавой.

Затрыманне Пратасевіча летам 2011 года на «маўклівай акцыі» ў Мінску. Фота: «Еўрарадыё»

Гэтае фота кінулася ў вочы чалавеку, які вызначыць яго прафесійную дарогу і закладзе (або, хутчэй, не) маральныя арыенціры на наступнае жыццё. Імя гэтага чалавека — Уладзімір Чудзянцоў.

«Мы пазнаёміліся [з Чудзянцовым] у 2011-м пасля «маўклівых акцый». Мяне тады затрымлівалі, было вельмі шмат фота са мной. І вось каля [станцыі метро] «Кастрычніцкай» да мяне падышоў мужчына, спытаў, ці я Раман. Сказаў, што ён журналіст і ён бачыў, як мяне затрымлівалі. Спытаў, дзе мяне можна пачытаць […]», — успамінаў праз гады Пратасевіч абставіны знаёмства з тым, каго потым назаве блізкім чалавекам. 

«Адносіны між намі больш нагадвалі адносіны бацькі і сына. Ён мне шмат дапамагаў, даваў розныя парады», — дадаваў Раман у іншым інтэрв’ю. 

У журналісцкіх колах казалі, што падчас свайго першага сыходу з дому ў 16 гадоў Раман Пратасевіч жыў у Чудзянцова. Раман тады захапіўся палітыкай, але не знайшоў падтрымкі і разумення ў бацькоў — вайсковага ідэолага і выкладчыцы матэматыкі.

«У пераходным узросце ў падлеткаў часта бываюць праблемы з бацькамі. А Чудзянцоў быў такім дарослым на тваім баку, з ім можна было абмяркоўваць усё, што хочаш», — сказаў для «Нашай Нівы» адзін з тых, хто таксама ў тыя ж самыя гады і амаль у тым жа самым узросце быў блізкім з Чудзянцовым. 

Дык хто гэта такі і чаму гэта важна, на нашу думку, для разумення кім і якім стаў Раман Пратасевіч? 

Хросны бацька юных журналістаў

Уладзіміра Чудзянцова (сапраўднае прозвішча — Зуеў) не апішаш адным словам. Па прафесіі ён журналіст, але журналіст даволі спецыфічнай пароды.

Зуеў у 90-я быў актывістам Беларускага патрыятычнага саюза моладзі (так тады называўся БРСМ) і адначасова тагачасным Мукавозчыкам, паліваючы ў дзяржаўнай прэсе няўгодных для лукашэнкаўцаў людзей.

Уладзімір Чудзянцоў. Фота: сацыяльныя сеткі

Калі абражаны ім намеснік старшыні Вярхоўнага Савета і адзін з лідараў апазіцыі Генадзь Карпенка падаў на яго ў суд за паклёп, Зуеў раскрыў карты — ён піша тэксты на аснове матэрыялаў, «прадстаўленых адным грозным ведамствам», і таму, маўляў, пра дакладнасць інфармацыі трэба пытацца «ў тых, хто яе прадстаўляў», і ў «высокапастаўленых асоб, якія прымалі рашэнне аб падрыхтоўцы матэрыялу».

Пасля гэтай распіскі ў сексоцтве дарога ў прыстойныя выданні для яго была закрыта. Нават спробы ўзяць нейкія вышыні ў дзяржаўных газетах не выходзілі — прамоцыі Зуеву нідзе не давалі, бо ў тыя часы нават рэдактары дзяржаўных газет хто баяўся, а хто гідзіўся даваць дарогу такім персанажам.

Публікацыя пра Уладзміра Зуева ў газеце «Імя», 1996 год

Са «Знамені юності» Зуева выгналі — высветлілася, што ён збірае кампрамат на галоўнага рэдактара. 

У выніку ад журналістыкі Зуеў адышоў, нырнуўшы ў іншае сваё вельмі спецыфічнае хобі — уладкаваўся працаваць качагарам у інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. 

Чытайце таксама: «Яму падабалася слова «бойлавэр». Глухі падлетак, адна з ахвяр журналіста Ч., расказаў сваю гісторыю

Калі ў краіне пачаліся падзеі 2010-га, Зуеў аб’явіўся зноў. Ён змяніў сваё прозвішча на прозвішча жонкі, забітай сваёй сяброўкай-сабутэльніцай (тая з прыяцелямі падкінула забітую пад балкон суседняга дома, іх знайшлі і судзілі) і стаў пісаць тэксты з крытыкай рэжыму Лукашэнкі, адсылаючы іх на «Хартыю-97» і Tut.by.

У апошні, па выніку, Чудзянцова ўзялі (за яго гарадскую журналістыку). Пазней з артыкула «Хартыі-97» стала вядома, што Чудзянцоў — гэта той самы Зуеў з 90-х. З Tut.by яго неўзабаве звольнілі за тое, што абражаў людзей у сацсетках.

На акцыях пратэсту супраць Лукашэнкі ў 2011-м Чудзянцоў не толькі працаваў як журналіст, але і знаёміўся з маладымі хлопцамі, з якімі завязваў сяброўства і прапаноўваў ментарства.

Пратасевіч толькі адзін з іх, але як мінімум трое хлопцаў тады цесна сябравалі з «дзядзем Вовам» і пасля сталі журналістамі ды блогерамі, як іх настаўнік.

Герой нашай публікацыі, Пратасевіч, аказаўся ў журналістыцы таксама з падачы Чудзянцова, хаця ўсё магло б скласціся зусім іначай.

Паходзячы з сям'і, дзе мама — матэматык, Раман у раннія годы паказваў вынікі ў тым, у чым былі моцнымі бацькі.

«Рома неаднаразова ўдзельнічаў у конкурсах і прывозіў з Польшчы прызавыя месцы, заняў другое месца ў горадзе ў конкурсе па зборцы камп’ютараў. Пасля 9-га класа паступіў у ліцэй БНТУ ў Мінск, дзе браў удзел у міжнароднай канферэнцыі па касманаўтыцы, напісаў работу па тэме «Сістэма ахаладжэння спадарожнікаў». Пасля гэтага быў намінаваны на прэмію прэзідэнта як адоранае дзіцё», — расказвала яго маці.

Але з ліцэя БНТУ школьнік з талентамі да тэхнічных навук дакументы забраў і паўгода сядзеў дома, пакуль маці не ўладкавала яго ў выпускны клас у школу па месцы прапіскі.

Пасля Раман паступіў у прэстыжны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, але забраў дакументы на першым годзе вучобы, зрабіўшы незвычайны для тэхнара разварот — пайшоў на журфак, завочна.

Журфак, дарэчы кажучы, Раман таксама не скончыць — не здасць сесію і будзе адлічаны.

Хлопец расказваў, што вылецеў па палітычных прычынах, але тады на завочным і дзённым аддзяленнях вучыліся супрацоўнікі розных недзяржаўных рэдакцый і актывісты апазіцыйных партый. Іх не адлічвалі. Гэта былі часы лукашэнкаўска-макееўскай адлігі.

Але вернемся да лёсавызначальных падзей 2011-2012 гадоў, глянуўшы на іх з яшчэ аднаго боку.

Гульні спецслужбаў 

Пасля затрымання Чудзянцова ў 2019-м Міністэрства ўнутраных спраў цалкам празрыста наехала на Камітэт дзяржбяспекі ў тэлеграм-канале «Папаратар» (папярэднік сучасных памыйных каналаў МУС).

У разгар кампаніі падтрымкі Чудзянцова, затрыманага з наркотыкамі на мяжы (а па факце — за аўтарства «Нехта»), у канале апублікавалі старыя аператыўныя матэрыялы на Чудзянцова.

З іх вынікала, што ўжо ў 2016-м яго меліся прыцягнуць да адказнасці за сэкс з непаўналетнім, але да крымінальнай справы гісторыя чамусьці не дайшла.

Міліцэйскі канал наракаў, што «аператыўнікі зямлю носам рылі, але нічога не выйшла», а таму, маўляў, «ці не тое самае ведамства, сяброўствам з якім так ганарыўся Чудзянцоў, дапамагло пацярпеламу хлопцу «ўспомніць», што яму насамрэч ужо было 16 гадоў»?

З апублікаваных стэнаграм допыту Чудзянцова за 2016 год таксама стала вядома, што ў яго на камп’ютары нібыта была папка з фотаздымкамі нейкага Максіма Чарняўскага, а таксама папка «sexy-roma», у якой захоўваліся фота Рамана Пратасевіча.

На сваіх допытах Чудзянцоў тлумачыў наяўнасць папкі «sexy-Roma» выключна ўласнай подласцю.

Наяўнасць такой папкі не гаворыць пра інтымную блізкасць гэтых людзей. «Наша Ніва» пагаварыла з чалавекам, які ў мінулым быў шчыльна звязаны з Чудзянцовым.

«Адносна Рамана ён казаў, што Раман — натурал, у яго нічога з ім не было, ён дапамагаў Раману, не разлічваючы на інтым», — сказаў нам гэты чалавек. — Ён асабіста прызнаваўся мне, што цяпер, калі ён завязаў з алкаголем, яго цікавяць толькі 16+ і толькі па згодзе, нічога супраць закона. Ён мне сказаў пра гэта, калі ў нас былі вельмі даверлівыя адносіны».

Дык вось.

Іншы — Максім Чарняўскі — быў адным з адміністратараў «Нехты» 2010-х — суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» «УКантакце». Праз яе каардынаваліся маўклівыя акцыі пратэсту ў 2011-м. На адміністратараў палявалі спецслужбы. Кагосьці застрашвалі, кагосьці вербавалі.

Чарняўскага, напрыклад, на допыце ў КДБ завербавалі і далі заданне выехаць у Польшчу, каб, апроч іншага, выманіць адтуль ва Украіну і выкрасці Вячаслава Дзіянава — выбітнага ў тыя часы медыядзеяча, які пасля 2010 уцёк з краіны.

З’ехаць за мяжу Чарняўскаму дапамог Чудзянцоў, з якім яны таксама пазнаёміліся на асвятленні акцый. Але ў Польшчы Чарняўскі зрабіў заяву, што яго завербавалі. Супрацоўнічаць ён адмаўляецца, Дзіянава выманьваць не будзе, інфармацыю збіраць — таксама. А завербавалі яго на першай жа сустрэчы ў КДБ пасля таго, як ён стаў адміністратарам суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка». На чым яго завербавалі, Чарняўскі тады не расказаў, толькі сказаў, што «пагадзіўся, каб адчапіліся».

У далейшую сумленнасць гэтага, на той момант студэнта журфака, паплечнікі паверылі.

У гэты ж час КДБ пачаў кашмарыць усіх іншых адміністратараў, якія былі ў Беларусі. Пратасевіч быў сярод іх. Як ён туды трапіў — загадка. Апытаныя намі людзі не ўспомнілі, хто яго прывёў.

У жніўні 2012-га «Вясна» паведамляла: «Як стала вядома, сёння ў Мінску былі затрыманы адміністратары апазіцыйных суполак у сацыяльных сетках. Таксама КДБ узламаў адну з найбуйнейшых апазіцыйных інтэрнэт-суполак «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» з 37 000 карыстальнікаў. Па папярэдняй інфармацыі, затрыманы, апроч Паўла Еўціхіева, Андрэй Ткачоў, Раман Пратасевіч, Сяргей Бяспалаў і яшчэ 2-3 чалавекі».

Потым выйшлі ўдакладненні, што Бяспалаў паспеў уцячы праз акно і цераз Расію дабрацца да Латвіі, Ткачову з Еўціхіевым далі суткі, Шрамука дапытвалі ў КДБ і адабралі ў яго дакументы і апазіцыйную суполку.

Потым Шрамук прасіў адміністрацыю «УКантакце» аддаць адабраны канал Максіму Чарняўскаму, які, як лічыў Шрамук, быў у Польшчы ў бяспецы і мог працягваць дзейнасць. Сам Шрамук пазней уцячэ з Беларусі нават без пашпарта.

Тым, хто заставаўся ў Беларусі, прапаноўвалі супрацоўніцтва.

«Ну яны спрабавалі нешта там распытваць і прапаноўвалі супрацоўніцтва, але я такога дурня ўключыў, што яны адразу зразумелі, што толку нуль з мяне, і адчапіліся», — успомніў падзеі таго дня Андрэй Ткачоў на просьбу «Нашай Нівы».

Што ж у гэты час адбывалася з Пратасевічам? Пратасевіча ў момант аблаў на адміністратараў тагачаснага «Нехты», па паведамленнях праваабаронцаў і СМІ, вялі ад пад’езда, затым запіхнулі ў машыну і прывезлі не ў КДБ, а ў РУУС.

«І яшчэ парачку міліцыянераў запрасілі — для выканання бруднай работы. Таму што пасля таго, як Раман адмовіўся здаваць кадэбэшнікам свой логін і пароль ад «УКантакце», яго білі па нырках. І пагражалі павесіць на яго дробныя нераскрытыя крадзяжы ў раёне. Гэта працягвалася чатыры гадзіны, пасля Рамана завялі ў іншы кабінет і сказалі: «Забірай куртку і валі», — цяпер без сумневу гэтыя радкі з 2012-га і не прачытаеш. 

У любым разе ніколі больш Пратасевіч не расказваў пра падзеі таго дня.

Ці можна дапусціць тое, што яму не прапаноўвалі супрацоўніцтва? Цяжка сказаць, ён быў непаўналетнім. Можа, і не прапаноўвалі, а ён мужна выцярпеў пабоі.

Але ў гэтых падзеях шмат незразумелага. Якім чынам адразу два цесна знаёмыя з Чудзянцовым маладыя хлопцы трапілі ў адміністратары антылукашэнкаўскага канала? Ці вербавалі паралельна Пратасевіча? Якая ўвогуле роля ў падзеях 2011-2012 гадоў была ў сексота КДБ Чудзянцова, які быў то тут, то там, і адначасова паўсюль? Ягоныя пратэжэ траплялі ў адміністратары найбуйнейшай апазіцыйнай суполкі, ён дапамагаў выязджаць завербаваным і абхаджваў з падазронымі прапановамі ўсіх, да каго мог дацягнуцца, але сам нідзе не фігураваў.

«Чудзянцоў напісаў мне ў фэйсбуку [пасля таго, як Ткачоў выйшаў з сутак пасля допыту і спробы вярбоўкі ў КДБ], прапанаваў пазбавіцца ад усіх прылад, якія былі ў КДБ. Мяне ён спрабаваў кансультаваць па лічбавай бяспецы. Прапаноўваў, які софт ставіць на новыя дэвайсы», — успамінае Андрэй Ткачоў актыўнасць Чудзянцова.

Пасля таго, як жарсці ўлягліся і гісторыя з суполкай забылася, а Пратасевіч троху падрос, ён пачаў шукаць сябе ў журналістыцы.

Ён абышоў ледзь не ўсе рэдакцыі, пачаўшы з Tut.by, дзе раней працаваў і мог парэкамендаваць яго Чудзянцоў.

«Прамучыліся з ім месяц і разышліся», — казалі на партале аб Пратасевічу.

Раман падпрацоўваў у іншых медыя, але тут здарылася Украіна, і гэта яшчэ адзін цьмяны фрагмент біяграфіі Пратасевіча.

Што ён рабіў у «Азове»? І што з таго, што ён рабіў, ён расказваў Чудзянцову, які мог расказваць тое свайму куратару? Пратасевіч тады ананімна даў амаль цалкам выдуманае інтэрв'ю «Радыё Свабода» пра свой нібыта ўдзел у баявых дзеяннях, баявыя раненні і г. д. Але гэта хлусня.

Пратасевіч у вучэбцы «Азова»

У рэальнасці Пратасевіч спрабаваў стаць актывістам атрада «Пагоня», у якім гуртаваліся беларускія добраахвотнікі. Але з вучэбкі «Азова» яго ў выніку выгналі за падазроную дзейнасць.

«Быў такі хлопец, малады. [Заснавальнік і першы камандзір «Азова»] Білецкі яму не давяраў. Таму што, калі ён прыехаў, пачаў з таго, што «а дзе тут іншыя беларусы? Давайце знаёміцца». Людзі гэта ўспрынялі так, што ён збірае інфармацыю, таму даверу асаблівага не было і да аперацый яго не прыцягвалі. Ён пакруціўся ў вучэбцы, пафоткаўся са зброяй на палігоне і, імаверна, зразумеў, што ў калектыў не ўвальецца, таму з'ехаў», — расказаў раней «Нашай Ніве» сапраўдны баец «Азова» тых часоў. 

Тады паездка ва Украіну і наступнае вяртанне ў Беларусь не скончыліся для Пратасевіча крымінальнай справай, хаця ён трапіў у адпаведныя спісы МУС — спісы асоб, якія меркавана былі ў зоне АТА і маглі ваяваць.

Ад былога супрацоўніка ГУБАЗіКа «Нашай Ніве» вядома, што Пратасевіча выклікалі на допыт у гэтую арганізацыю праз нейкі час пасля яго вяртання з «Азова», але гэта нічым не скончылася, што было рэдкасцю. Наш суразмоўца не ведае адказу, чаму, але не выключае, што наступстваў не было, таму што ў часе разбору маглі высветліцца абставіны выкарыстання Пратасевіча «ўцёмную» сумежным органам, сексотам якога быў Чудзянцоў.

Па вяртанні з Украіны актыўны ў сацсетках хлопец з беларусацэнтрычнымі поглядамі прыцягнуў увагу кадравікоў «Радыё Свабода». Раней яны гэтак жа знайшлі генія сацсетак Ігара Лосіка. Пратасевіч падаўся на свабодаўскую прэмію імя Вацлава Гавела для журналістаў і выйграў яе.

Гэтая прэмія дазваляе шэсць месяцаў жыць у Празе і працаваць у цэнтральным офісе беларускай службы «Радыё Свабода».

Але па іроніі лёсу Пратасевіч стаў адзіным чалавекам, які па выніку стажыроўкі не атрымаў прапановы працаўладкавання ад «Радыё Свабода».

Адзін з работнікаў «Свабоды», які працаваў у той час, згадвае, што аднойчы Пратасевіча адправілі здымаць адну з самых вялікіх дэманстрацый у Празе, а той сказаў, што не знайшоў яе, хаця сцвярджаў, што быў на той плошчы. Яму, здаецца, проста не быў цікавы той тып працы, якога ад яго чакалі на «Свабодзе».

«У нас ён ствараў вакол сябе шум, але асабліва нічога не рабіў. Мы чакалі, пакуль ён хутчэй скончыць стыпендыю і з'едзе», — сказаў нам той журналіст.

Па вяртанні ў Мінск Раман спрабаваў уладкавацца ў «Нашу Ніву». «Ëн не зрабіў на рэдактараў уражання на сумоўі», — расказвае супрацоўнік тагачаснай рэдакцыі.

Урэшце, Пратасевіч пайшоў працаваць фатографам на «Еўрарадыё». Але гэта было на паверхні. Паралельна разгортвалася і іншае жыццё.

Чудзянцоў у гэтыя гады развіваў некалькі сваіх праектаў. Адзін дазваляў яму жыць за кошт смеццевага трафіку на клікбэйтных навінах з Расіі — by24.org, і быў другі, ананімны — «Nexta». 

Пратасевіч дапамагаў яму з «Нехтай». Імаверна, збіраючы нейкую даведкавую інфармацыю, на што не было часу ў Чудзянцова.

Са стварэннем гэтага канала таксама не ўсё ясна, бо да самага моманту пасадкі Чудзянцова канал спецыялізаваўся на злівах з сістэмы, якія дыскрэдытавалі найперш кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў, і амаль ніколі або ў вельмі дробным — КДБ ці Аператыўна-аналітычнага цэнтра. У некаторых пастах і прама былі спасылкі на інфарматараў з КДБ.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», не ў апошнюю чаргу праз няздольнасць спыніць злівы з пасады вылецеў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, а наступны міністр, Юрый Караеў, па нашай інфармацыі, быў перакананы, што злівы адбываюцца з цыркулярнай копіі міліцэйскай зводкі, якая ідзе Лукашэнку, у КДБ і ў Раду бяспекі.

Ён прыйшоў да гэтай высновы пасля таго, як МУС пачало мяняць тэксты зводак, якія даходзілі ў кожны аддзел, але з іх не злівалі — злівалі інфармацыю з той самай, арыгінальнай цыркуляркі.

У любым разе, калі прааналізаваць гісторыю стужкі «Нехты», заўважна, што пасля пасадкі Чудзянцова злівы з сілавой сістэмы спыніліся і змяніліся на інфармацыю ад звычайных, слаба інфармаваных людзей, што дапускае тэорыю, што пакуль яшчэ невядомыя афіцэры КДБ выкарыстоўвалі свайго старога агента або для наменклатурнай барацьбы, або ў доўгатэрміновай камбінацыі, або для таго, каб шкодзіць сістэме са сваіх матываў. Тое, што такія людзі ў спецслужбах былі, мы ўбачылі пасля жніўня 2020-га.

У любым разе, пасля пасадкі стваральніка «Нехты», Раман Пратасевіч палічыў за лепшае збегчы з краіны.

Гэта быў канец 2019-га, пачатак года надзеі на перамены, калі маса новых людзей зацікавілася падзеямі ў краіне і сталі шалёна чытаць навіны.

Тэлеграм-каналы тых, хто ўжо выехаў, немагчыма было заблакаваць, таму яны маглі ставіць любую інфармацыю, не азіраючыся на Мінінфарм ці рэакцыю сілавых службаў. Інфармацыя не была праверанай, але былі эмоцыі, якія білі ў нерв аўдыторыі. Ctrl+C — Ctrl+V.

Гэта быў зорны час Рамана, да якога ён дзесяцігоддзе ішоў скрозь журналісцкія няўдачы і прафесійную незапатрабаванасць. Але што з гэтага выйшла?

З гэтага выйшла яшчэ адна разбітая надзея, пра якую Раман расказаў сам — у першым інтэрв'ю лукашэнкаўскаму прапагандысту Марату Маркаву ад Пратасевіча несла зайздрасцю і крыўдай.

«[Канал «Нехта»] пачаў Чудзянцоў. Тэлеграм-каналы стварыў Чудзянцоў. Пуціла выступаў голасам агучвання. […] Я ўспрымаў тэлеграм-каналы як сваё тварэнне. […] Сродкі захоўваліся на рахунку Пуцілы. […] Мяне не падпускалі да фінансавых пытанняў […] Пуціла атрымаў славу і вядомасць за тое, што рабіў я. Чалавек, які не ўмешваўся ў работу рэдакцыйную, атрымаў усю славу», — выгаворваўся Пратасевіч.

Калі ўдумацца ў ягоныя словы, то атрымліваецца, што калі Чудзянцоў стварыў тэлеграм-канал, то ягоным асноўным памочнікам быў Пратасевіч. І Раман лічыў сябе ў маральным праве валодаць каналам, які здабыў ашаламляльную папулярнасць.

Але праз тое, што абодва, Чудзянцоў і Пратасевіч, жылі ў Беларусі і не маглі выступаць пад сваімі імёнамі супраць Лукашэнкі, а таксама не маглі рызыкаваць каналам у выпадку арышту, то фармальным адміністратарам «Нехты» быў іншы знаёмы Чудзянцова — Сцяпан Пуціла. У бяспецы — у Варшаве.

І вось, калі Чудзянцова пасадзілі і Пратасевічу таксама прыйшлося бегчы, ён разлічваў, што па праве старэйшага і найбольш блізкага да Чудзянцова стане галоўным. Але Пуціла не аддаў яму рэсурс, а даверыў толькі месца наёмнага работніка, без доступу да ахвяраванняў.

А хутка Пратасевіч і ўвогуле стаў шараговым байцом.

«Мы пачалі пашырацца, набралі яшчэ людзей, пасаду галоўнага рэдактара праекта адмянілі. Пратасевіч, уласна, называўся галоўным рэдактарам толькі ў момант, калі быў адзіным чалавекам на стужцы ўвогуле. Ён пакрыўдзіўся, для яго было важна быць галоўным рэдактарам. Тады была вакантнай пазіцыя кіраўніка канала «Беларусь галаўнога мозга» (БГМ), і яго перацягнулі туды, ён лёгка пагадзіўся», — успамінае пра яго для «Нашай Нівы» чалавек, які таксама працаваў на «Нехту».

Так Пратасевіч у момант страціў тое, што будаваў апошнія пару гадоў свайго жыцця.

У БГМ справы ў Рамана таксама не пайшлі. Ён сам прызнаваў, і суразмоўцы «Нашай Нівы» пацвярджаюць гэта, што ў той самы адпачынак у Грэцыю начальства «Інфапойнта» яго адправіла вымушана, маючы намер неўзабаве звольніць.

Палітыкі Рамана Пратасевіча таксама не ўспрымалі ўсур’ёз, хаця ён лічыў сябе вартым таго — ён жа вяршыцель лёсаў 2020-га.

«Нават я, адзін з галоўных байцоў інфармацыйнай вайны, не меў доступу да нарад, на якіх прымаліся рашэнні!» — шчыра абураўся ён Маркаву ў бок штаба Ціханоўскай.

Раман успамінаў як свае крыўды ў цэлым анекдатычныя гісторыі, напрыклад, як стаў ганцом ад Змітра Шчыгельскага і Юрася Зянковіча з іхняй «змовай генералаў» да Ціханоўскай, расказваючы ёй пра наяўнасць узброеных лаяльных войскаў і патрэбу ў пяці мільёнах даляраў для кіраўнікоў паўстання. Тая не стала слухаць байкі маладога чалавека і адправіла яго да свайго дарадцы Аляксандра Дабравольскага, які тактоўна выйшаў з сітуацыі, сказаўшы Раману, што грошай няма.

«Змова генералаў» акажацца разводам беларускіх спецслужбаў і скончыцца вялізнымі тэрмінамі зняволення для Зянковіча і Аляксандра Фядуты.

Раман Пратасевіч у зале суда. Фота: БелТА

* * *

Уладзіміра Чудзянцова ў выніку ў 2020 годзе асудзілі. У выніковае абвінавачанне ўвойдзе «распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў яўна непаўналетнім», але не ўвойдзе тое, што спачатку расследаваў Следчы камітэт — сэксуальныя зносіны з яўна непаўналетнім і мутная гісторыя з уладкаваннем качагарам у дом-інтэрнат дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Цяпер жа Уладзімір Чудзянцоў «рэгулярна дзеля задавальнення, без асаблівага ціску з боку адміністрацыі супрацоўнічае з ёй. Ён даносіць у тым ліку на палітычных»,— расказаў «Новаму часу» пасля вызвалення палітвязень Віктар Акцістаў, які адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15.

Двое іншых былых вязняў, якія выйшлі з той жа калоніі, пацвердзілі «Нашай Ніве» змрочную ролю Чудзянцова там. Інфармацыя пра тое, што гэтага чалавека трэба асцерагацца, ходзіць між палітвязняў з вуснаў у вусны.

Раман Пратасевіч (справа) у гасцях у распальшчыка варожасці Рыгора Азаронка. Скрын стрыму

* * *

«Чалавек вытрымлівае любыя выпрабаванні, калі ў яго ёсць апора і перакананні. Калі ён найміт, які працуе за грошы, — марна чакаць ад яго вернасці ідэалам. Ëн не мае ідэалаў»,— так адрэагаваў у адной з сацсетак на заявы Пратасевіча пасля памілавання былы студэнцкі лідар.

Якім мог сфарміравацца чалавек, ментарам якога быў чалавек без прынцыпаў? 

І ці можна было чакаць геройства ад таго, чыім настаўнікам быў чалавек, які сам тысячу разоў за жыццё мяняў свае месцы каштоўнасці, перакананні, нават імя?

Арцём Гарбацэвіч